Ці было ў вас адчуванне, што пасля моцнага стрэсу, якой-небудзь цяжкай жыццёвай сітуацыі баліць літаральна ўсё? А між тым, аналізы і вынікі медыцынскіх абследаванняў у поўным парадку. У чым жа прычына?
Нярэдка камяк у горле, праблемы са страваваннем, боль у суставах, галаўны боль і інш. могуць быць выкліканыя менавіта нашымі душэўнымі перажываннямі.
Расстройствы, якія праяўляюцца ў целе і могуць быць справакаванымі псіхагеннымі фактарамі, урачы называюць псіхасаматычнымі.
Ці могуць эмоцыі зрабіцца прычынай дрэннага самаадчування? Ці ёсць залежнасць парушэнняў у рабоце арганізма ад псіхічных праблемаў?
Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі вучонаму сакратару РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдату медыцынскіх навук Юліі Камінскай.
Псіхасаматыка
Псіхасаматыка у перакладзе з грэчаскай – «душа і цела»
Псіхасаматыка – накірунак у медыцыне, які апісвае захворванні з пункту гледжання псіхалагічных прычынаў, а не арганічных парушэнняў у арганізме.
Нягледзячы на існаванне шматлікіх тэорый, якія апісваюць уплыў псіхалагічных фактараў на ўзнікненне псіхасаматычных захворванняў, ніхто не зможа адназначна патлумачыць, чаму чалавека спасцігла тая ці іншая хвароба, кажа Юлія Камінская.
Тэорыі па-рознаму трактуюць іх патагенэз (развіццё), дзесьці дапаўняючы адна адну, а дзесьці нават супярэчачы. Адны тэорыі кажуць, што псіхалагічныя праблемы могуць выцясняцца ў несвядомае, а затым выяўляцца якім-небудзь цялесным расстройствам. Пры гэтым цялеснаму сімптому надаецца сімвалічнае значэнне. Напрыклад, агіда ці непрыняцце чаго-небудзь (каго-небудзь) можа выяўляцца парушэннем работы страўніка, ванітамі. Адбываецца канверсія псіхалагічнага ў фізіялагічнае.
Амерыканскі ўрач і псіхааналітык Александэр вылучыў вегетатыўныя неўрозы. Ён лічыў, што вегетатыўныя расстройствы з'яўляюцца нармальным і заканамерным вынікам хранічнага эмацыянальнага негатыўнага стану, а спецыфіка расстройства, якое развілося, залежыць ад асаблівасцяў эмацыянальнага канфлікту. Напрыклад, нейрадэрміт можа ўзнікнуць у чалавека, які мае парушаныя на несвядомым узроўні межы цялеснага вобразу «Я», якія вызначаюць яго адносіны з навакольнымі, мае нездаволеную патрэбу ў блізкім аб'екце, падаўленую агрэсіўнасць.
Паводле тэорыі псіхолага Ф.Данбар, стыль эмацыянальных рэакцый залежыць ад асобы чалавека, а значыць, існуе схільнасць людзей з пэўнымі асаблівасцямі асобы да адпаведных псіхасаматычных расстройстваў.
Яна выдзеліла тыпы асобы: гіпертанічны, каранарны, алергічны і г.д.
Аднак і гэтая тэорыя не ўлічвае ўсё, напрыклад тое, што і само захворванне прыводзіць да зменаў псіхікі.
Юлія Камінская:
– Вельмі шмат можна гаварыць пра існуючыя тэорыі, але ўсе яны паказваюць на адно: псіхалагічныя канфлікты, эмацыянальныя перажыванні могуць аказваць сур'ёзны ўплыў на наша цела. Напрыклад, дзеці рэагуюць цялеснымі сімптомамі на эмацыянальныя цяжкасці. Банальны прыклад: дзіця можа пачаць часта хварэць у сілу патрэбы ва ўвазе маці, недастатковай па пэўных прычынах, бо калі яно хворае, мама побач, і яно атрымлівае больш цяпла і пяшчоты.
Прычыны развіцця псіхасаматычных расстройстваў множныя, і нельга разглядаць кожны з фактараў ізалявана. На іх развіццё могуць уплываць: адносіны ў сям'і (асабліва ў дзяцінстве), генетычная схільнасць, асобасныя асаблівасці чалавека, зыходны псіхафізіялагічны стан у момант псіхатраўмуючых падзей, неспрыяльнае сацыяльнае асяроддзе, асаблівасці самой стрэсавай сітуацыі і інш.
Якімі бываюць псіхасаматычныя расстройствы
Псіхасаматычныя расстройствы падзяляюцца на групы: канверсійныя сімптомы, псіхасаматозы, функцыянальныя сіндромы.
Канверсійныя сімптомы з'яўляюцца ў выніку канверсіі псіхалагічнай праблемы ў цялеснае праяўленне, якое носіць сімвалічны характар. Звычайна закранаюцца органы пачуццяў і рухальныя функцыі. Гэта істэрычныя паралічы, парастэзіі (страта адчувальнасці), псіхагенная слепата альбо глухата, ваніты, болевыя сіндромы і інш.
На развіццё псіхасаматозу таксама ўплывае пэўнае канфліктнае перажыванне, развіваецца цялесная рэакцыя з парушэннем функцый органаў і марфалагічнымі (арганічнымі) зменамі ў іх.
Існуе пералік захворванняў, так званая «класічная чыкагская сямёрка», якія называюць сапраўднымі псіхасаматозамі:
- Язва дванаццаціперснай кішкі альбо страўніка
- Артэрыяльная гіпертэнзія
- Язвавы неспецыфічны каліт
- Бранхіяльная астма
- Нейрадэрміт
- Рэўматоідны артрыт
- Гіпертырэоз.
У апошні час гэты спіс папаўняецца, напрыклад, цукровым дыябетам і нават ракавымі захворваннямі.
Функцыянальныя сіндромы адрозніваюцца парушэннем функцый якіх-небудзь органаў (сістэмаў органаў) без развіцця арганічнай паталогіі ў іх. У гэтую групу трапляе большасць «праблемных» пацыентаў, калі скаргі ёсць, а розныя даследаванні нічога не знаходзяць. Пры гэтым скаргі чалавека не выдуманыя, ён сапраўды пакутуе.
Згодна з 10-й міжнароднай класіфікацыяй хваробаў, выкарыстоўваецца тэрмін «Саматаформныя расстройствы». Яны выяўляюцца ў выглядзе скаргаў і сімптомаў, якія нагадваюць саматычнае захворванне, але пры гэтым не пацвярджаюцца даследаваннямі.
Важным крытэрыем іх дыягностыкі з'яўляецца наяўнасць празмернай заклапочанасці (трывогі) пацыента пра сваё фізічнае здароўе. Пры гэтым чалавек просіць шматразовых даследаванняў і не давярае ўрачу, які кажа, што саматычнага захворвання няма.
Часцей сустракаецца саматаформная вегетатыўная дысфункцыя сардэчна-сасудзістай сістэмы, дыхальнай, страўнікава-кішэчнага тракта і інш. У залежнасці ад таго, у рамках якой сістэмы органаў пераважаюць скаргі.
Юлія Камінская:
– Разам з тым, да гэтага часу ніхто не можа адказаць на пытанне, які патагенэз таго ці іншага псіхасаматычнага захворвання. А каб вылечыць яго, трэба ведаць першапрычыну, што ж паслужыла тым штуршком, які выклікаў хваробу. Таму, калі мы лечым пацыентаў з такімі расстройствамі, заўсёды падыходзім індывідуальна, аналізуем псіхалагічны стан чалавека.
Нявыказаныя эмоцыі – значыць хвароба?
Да гэтага часу механізмы, якія выклікаюць псіхасаматычныя захворванні, не зусім зразумелыя. Аднак спецыялістамі былі вызначаныя некаторыя заканамернасці, якія тычацца іх патагенэзу.
Вельмі наглядна можна паказаць узаемасувязь эмоцый і цела, калі мы трапляем у стрэсавую сітуацыю. Пад уздзеяннем вострага стрэс-фактару з'яўляюцца такія негатыўныя эмоцыі, як страх (спалох), гнеў. У нас пачынае часта біцца сэрца, халаднеюць рукі, перасыхае ў роце, з'яўляецца патлівасць.
Гэта толькі частка з цэлага каскаду змяненняў у нашым целе, якія ўзнікаюць у выніку выкіду гармонаў стрэсу і актывацыі сімпатычнага аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы. Дзякуючы такім зменам арганізм рыхтуецца для актыўнага супрацьстаяння «пагрозе», і ўсе зрухі накіраваныя на забеспячэнне мышцаў энергіяй і павышэнне трываласці.
Такую рэакцыю на стрэс апісаў фізіёлаг У.Кэнан у сваёй тэорыі «ўцёкаў і барацьбы», згодна з якой негатыўныя эмоцыі (страх і гнеў) мэтазгодныя і запускаюць механізмы для фізічнага выжывання шляхам сутычкі (барацьбы) альбо ўцёкаў.
Юлія Камінская:
– Аднак у чалавечым грамадстве стрэс часцей псіхасацыяльны. Сутыкнуўшыся з непрыемнай інфармацыяй, мы ўнутрана напружваемся, у нас павышаецца ціск, пачашчаецца пульс, напружваюцца мышцы і інш., але мы не ўцякаем і не б'емся. Выкарыстоўваць сілавыя адказы непрымальна, і мы іх падаўляем. Атрымліваецца, што нашыя эмоцыі застаюцца неадрэагаванымі, цела доўга знаходзіцца ў перанапружанні, і нервовая сістэма паступова высільваецца, прыходзіць у разлад абмен рэчываў. Гэта можа прыводзіць да дысфункцыі і фарміравання тых ці іншых захворванняў.
Вось толькі некаторыя прыклады, якія паказваюць сувязь паміж эмоцыямі і целам.
Калі ўвесь час адчуваць трывогу, турбавацца з кожнай нагоды, бесперапынна думаць аб праблеме – парушаецца сон, узнікае тахікардыя, павышаецца артэрыяльны ціск, пагаршаецца работа страўнікава-кішэчнага тракта, узнікае галаўны боль і інш.
Боль бывае рознай лакалізацыі і этыялогіі, але не трэба забывацца, што ён можа ўзнікаць альбо ўзмацняцца з-за эмацыянальных перажыванняў. Напрыклад, чалавек доўга штосьці напружана абдумвае, але не можа знайсці рашэнні. Як вынік – галаўны боль напружання.
Пастаяннае напружанне, немагчымасць расслабіцца часта прыводзіць да з'яўлення болю ў вобласці спіны. Тут можа ўтварыцца заганнае кола: у адказ на боль мышцы спазмуюцца, парушаецца іх сілкаванне, боль яшчэ больш узмацняецца, у адказ – яшчэ большы спазм.
Падаўленая агрэсія, стрыманы гнеў могуць зрабіцца прычынай захворванняў суставаў, пачуццё віны – розных формаў парушэння харчавання.
Чалавек у дзяцінстве недаатрымаў увагі і любові з боку бацькоў (ці ён так лічыць) – могуць пачацца праблемы з дыхальнай сістэмай.
Пра тое, якія методыкі варта выкарыстоўваць для самадапамогі, чытайце ў нашым наступным матэрыяле.
Глыбокае дыханне і энергія святла. Самадапамога пры эмацыянальных перагрузках
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by