Site icon Слушна

Баранчыкаў сакрэт. Прыгоды авечкі Адэлі (казка) + аўдыё

Барачыкаў сакрэт

https://slushna.by/wp-content/uploads/2024/01/Baranchykaў-sakret.mp3?_=1

Лета скончылася. Набліжаўся дзень, які ў Адэліным календары быў абведзены чорным кружочкам. Адэля рабілася ўсё больш нервовай і раздражнёнай. Яна скардзілася на ўсё: на халодны вецер, мокрыя дажджы, на траўку, якая стала зусім нясмачнай, на людзей, якія заходзілі на яе лужок: то іх было замала, то зашмат. Яна ніколі раней не баялася прастудзіцца, ганарылася сваім гартаваннем, а тут узяла за моду накручваць тоўсты шалік вакол шыі, прымярала шапкі і капелюшы разнастайных фасонаў, хуталася ў шалі.

— Адэлька, табе халодна? — запыталася я.

— Не! Няўжо не бачыце, што мне горача! – ад Адэлі сапраўды ажно пара валіла. — У мяне ж вельмі густая воўначка!

Авечка Адэля

— А чаму ты ўвесь час хутаешся?

— Я стараюся загадзя адаптавацца да новых умоў.

— А што змянілася?

— Ат, пані Наталля, я не хачу пра гэта казаць. На ўсё свой час.

Я паціскала плячыма: ну што ж, пабачым.

Мастачка, пані Забэля, таксама заўважыла, што з Адэляй робіцца нешта дзіўнае. На шчасце, мастачка была вельмі церпялівай і вясёлай. Яна хутка і спрытна рабіла замалёўкі, Адэліны выбрыкі яе толькі пацяшалі. Скончылася тым, што пані Забэля паказала авечцы  замалёўкі апошніх дзён і запыталася:

— Адэлька, ты сапраўды хочаш трапіць на старонкі кнігі з такой кіслай мінай?

Гэта крышачку дапамагло, і сеансы малявання пайшлі весялей. А потым да Баранчыка прыехаў пагасцяваць яго сябар Рахманчык. Гэта было вельмі дарэчы для гадаванцаў фермы. З надыходам восені іх дні станавіліся ўсё больш аднастайнымі і шэрымі. А тут зноў з’явілася мажлівасць наладзіць свята. Адэля ўсім раззваніла, што ведае Баранчыкаў САКРЭТ. Яна нават дражніцца пачала. «Фанабэрык!» – клікала штораз, як баранчык трапляўся на вочы і тым даводзіла яго да слёз. Урэшце Рахманчык не вытрываў. Ён пашаптаўся з Баранчыкам, а тады папрасіў гаспадароў фермы сабраць невялікі агульны сход і выступіў з прамовай:

— Я хачу заявіць, — пачаў Рахманчык упэўнена, — што больш далікатнага і надзейнага сябра, чым наш Баранчык, я ніколі ў жыцці не сустракаў! Так, была ў яго жыцці гісторыя, якой Баранчык  стыдаецца, бо вельмі патрабавальны да сябе. З яго дазволу я раскажу яе вам, каб некаторыя асобы, — тут Рахманчык выразна паглядзеў у Адэлін бок, — не атручвалі майму сябру жыцця.

І Рахманчык расказаў, што пазнаёміўся з Баранчыкам, калі яны  былі яшчэ зусім маленькія:

— Баранчыка тады звалі Фанабэрыкам. Ён заўсёды задзіраў нос перад сябрамі, выхваляўся і фанабэрыўся. І любіў наладжваць розныя конкурсы, спаборніцтвы, але калі не перамагаў у іх, пераставаў размаўляць з астатнімі, доўга дзьмуўся. Вы ведаеце, што адной з найгалоўнейшых забаронаў на кожнай ферме ёсць карыстанне газавай плітой. Нашы капыткі не прыстасаваныя да таго, каб безпраблемна запальваць пліту. Дык аднаго разу Фанабэрык, тройчы запар прайграўшы гаспадару ў шашкі, узлаваўся так, што не мог знайсці сабе месца. Фанабэрык не мог перажыць, што ён не на вышыні і здумаў зрабіць нешта такое, што адразу падніме яго значнасць. Дачакаўшыся, калі гаспадары паехалі на дзень-два ў суседні горад, ён павесіў абвестку, што ўвечары пакажа незвычайны фокус. Вядома, мы зацікавіліся. Сабраліся на прызначаным месцы – на кухні. Ніхто не здагадваўся, што задумаў Фанабэрык. Інакш мы пастараліся б адгаварыць яго ад задумкі. Але ён патрабаваў сакрэтнасці і таямнічасці, і загадзя патушыў святло. Калі ў цемры з  месца, дзе стаяў Фанабэрык, ірвануў слуп агню, мы разгубіліся і не адразу скемілі, у чым рэч. А калі запалілі святло, пабачылі Фанабэрыка ля газавай пліты з патухлай запалкай. Яго калаціла. Не дзіва! Ёго воўначку абсмаліла полымя, яна пакруцілася, як сухія габлюшкі, і ўчарнела, а над вачыма нават абсыпалася.  Фанабэрыкавы капыткі не справіліся з выключальнікам, таму замест непераможнага героя перад намі стаяў разгублены і перапалоханы баранчык. А яшчэ загарэлася фіранка, якая вісела бліжэй да пліты. Выклікалі пажарную службу і «хуткую дапамогу». Даведаўшыся пра гэта здарэнне, гаспадары вельмі ўсердзіліся!

— Бэ-ээ-э! – падаў голас Баранчык. – Я не крыўдую на іх. Мая  саманадзейнасць магла знішчыць усю нашу ферму. Я атрымаў справядлівае пакаранне.

— А што за пакаранне? – не стрымалася Адэля.

— Гаспадар запісаў мяне ў гурток «Юны выратавальнік». Пасля працы я наведваў заняткі гуртка, вывучаў розныя правілы. А яшчэ я пастанавіў сабе выправіцца і перастаць дзерці нос перад усімі, таму запісаўся на аўтатрэнінг «Свой сярод сваіх».

— Фанабэрык так захапіўся, што, здаўшы экзамен на «выдатна», атрымаў пасведчанне «Юнага выратавальніка» з правам работы па гэтай спецыяльнасці. Па нейкім часе ўсе заўважылі, як змяніўся яго нораў у лепшы бок. Гаспадар прапанаваў узнагародзіць Фанабэрыка за асабістыя дасягненні, а той папрасіў змяніць сваё імя, бо яно нагадвала непрыемныя моманты.

— Так. За колішнія паводзіны я сам сябе не паважаў, — ціха прамовіў Баранчык.

— Фэ, як усё гэта нецікава, — уздыхнула Адэля. – Я так спадзявалася, што за гучным імем Фанабэрык хаваецца крымінальная гісторыя з крадзяжом дыяментаў, пагоняй, падробкай дакументаў, рабаваннем банка… А тут – усяго адна спроба наладзіць пажар, дый тое няўдалая.

Затое Малімонка і Даліктуся глядзелі на Баранчыка з захапленнем. А гаспадары запэўнілі Баранчыка, што яны з вялікім задавальненнем і надалей будуць працаваць разам, і парадаваліся, што сярод іх гадаванцаў ёсць дыпламаваны спецыяліст, такі сціплы і надзейны. І адразу прызначылі Баранчыка адказным за бяспеку сярод гадаванцаў. Адэля, чмыхнуўшы, пайшла ў свой загончык. Мне падалося, што яна ўсё ж такі крышачку зайздросціла Баранчыку.

Свята на ферме «Каляроўка». Прыгода авечкі Адэлі (казка) + аўдыё

Exit mobile version