23.01.2024
23.01.2024

Свята на ферме «Каляроўка». Прыгода авечкі Адэлі (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Адэля завітала да мяне назаўтра. Авечачку было не пазнаць: завітая па-новаму воўначка сабраная ў маленькія хвосцікі рознакаляровымі заколкамі.

— Я на некалькі хвілінак, спадарыня Наталля. Трэба больш папасвіцца сёння, каб аднавіць растрачаныя сілы і нервы. Бачыце, у мяне новая завіўка. Сама рабіла. Паўночы важдалася з папільёткамі. Не выспа-а-а-алася! – пазяхнула Адэля. – Але ўсё замежжа завіваецца менавіта так. Вось і мне захацелася паспрабаваць.

— Але ж цябе ўзнагародзілі за найхарашэйшую воўначку! Навошта нешта мяняць?

— Ат, гэта вы можаце хадзіць з адной прычоскай гадамі. А мая крэатыўная натура вымагае змен.

— Ну, калі натура вымагае…

Воўна

Адэля не дала мне дагаварыць і падступіла з пытаннямі:

— Ці праслухалі вы мае дарожныя нататкі? Што скажаце пра нашы прыгоды? Чаму так позна глядзелі рэпартаж з выставы? Як адпачылі? Як рухаецца праца над кнігай? Трэба хутчэй дапісваць. Я прадчуваю важныя змены ў сваім жыцці! Хутка пра мяне даведаецца ўвесь свет! Дарэчы, маглі б нам арганізаваць на вакзале і пышнейшую сустрэчу!

— Запісы паслухала. Дзякуй, я нібы пабывала з вамі ўва ўсіх прыгодах. Вельмі радая вашым поспехам і ўзнагародам. Яшчэ раз віншую. Адпачыла выдатна. Кнігу неўзабаве скончу. Пра ўвесь свет ты, аднак, занадта! — я адказвала на ўсе пытанні па парадку. – А як трэ было сустрэць: з аркестрам і воплескамі – не стрымаўшыся, пакпіла.

— А хоць сабе і з аркестрам! Не штодзень прыязджаюць пераможцы міжнародных конкурсаў!

— Ах, прабачце! — засмяялася я. – Мне здалося, што прыгожых букетаў даволі.

— А от жа не! – адрэзала авечка. – Добра, хоць здагадаліся цукеркі прывезці. Дарэчы, вельмі смачныя.

— Мне прыемна, што цукеркі вам спадабаліся.

— Я да вас таксама не з пустымі рукамі, — заўсміхалася Адэля. Успамін пра цукеркі палепшыў яе настрой. – Вось, лялечку  прывезла з-за мяжы. У нацыянальным адзенні, як вы любіце.

Адэля

— Дзякую, Адэльку. Лялечка цудоўная. Я дадам да яе строю залатую стужачку – у гонар тваёй перамогі — і пастаўлю яе на самым прыкметным месцы.

— Выдатна. Яна заўсёды будзе  нагадвць, з якой незвычайнай істотай звёў вас лёс. Бывайце, пані Наталля. Спадзяюся, на свяце вы выступіце з прамовай пра мяне, — і Адэля пабегла на працу.

На свята я прыйшла не адна. Са згоды Адэлінай гаспадыні я запрасіла на свята мастачку, якой хацела даверыць афармленне кнігі. Адэля дужа ўсцешылася з гэтай нагоды.

— Вельмі зручны момант, каб пазіраваць! – сказала яна. – Лета вось-вось скончыцца. Там да восеньскай стрыжкі рукой падаць. А я хачу паказацца чытачам ў найлепшай форме.

Адэля сустрэла нас з найпрыемнейшай усмешкай на вуснах. Яна адразу захапіла ўвагу мастачкі і павяла яе знаёміцца са сваімі сябрамі, а я заспяшалася да пані Гэлены – прапанаваць сваю дапамогу.

— Шчыра дзякую, спадарыня Наталля. Але мы з гаспадаром і з пані Разаляй ужо справіліся. Але ўчора ўвечары пазваніў той спадар, што быў у журы на выставе і браў нашы каардынаты. Ён хацеў завітаць да нас з замежным сябрам, дык я запрасіла іх прыйсці сёння. Якраз добрая нагода, і мы падрыхтаваныя. Толькі ў мяне не будзе ставаць часу, каб забавіць кожнага госця. Дык можа, вы мне паможаце?

Адэля

Я запэўніла пані Гэлену, што яна можа на мяне разлічваць.

— І яшчэ, — пані Гэлена перайшла на таямнічы шэпт, — я вас прашу паназіраць за Адэляй.

— Што такое? – зацікавілася я.

— Яна ўбіла сабе ў галаву, што дзеля замежнага госця стол сервіраваць трэба толькі багемскім шклом, а не крышталём. І сурвэткі падаваць адно з японскага шоўку. Лён ёй чамусьці падаўся несучасным. Хаця пані Разаля — прызнаны майстар сервіроўкі, Адэля ўсю раніцу спрабавала нешта падмяніць на стале. Давялося Баранчыка на варту паставіць.

— Добра, пані Гэлена, абавязкова прыгледжу за Адэляй. Але мне здаецца, яна зараз забудзецца пра ўсё на свеце. Бачыце, ад мастачкі ні на крок не адыходзіць.

Неўзабаве падышлі астатнія госці: спадар з журы (а ён быў дырэктарам тэлеканала пра жывёл) прыйшоў са сваім замежным сябрам і здымачнай групай. Ён заявіў, што яго вельмі зацікавілі гадаванцы гэтай фермы і перадусім асоба, якая атрымала на выставе спецыяльны прыз за крэатыўнасць. Адэлі адразу стала не да сурвэтак і келіхаў. Яна разарвалася паміж жаданнем арганізаваць  сеанс з мастачкай і «засвяціцца» літаральна ў кожным знятым кадры. Тады мастачка прапанавала пачаць сеансы малявання назаўтра.

— Разумееш, Адэля, мне трэба пабачыць цябе ў розных абставінах. І на лузе, дзе ты пасвішся, і каля рэчкі, і ў кампаніі тваіх сяброў. Тады малюнкі будуць цікавыя і разнастайныя.

Адэля ўздыхнула спакойна і скіравала ўсю сваю ўвагу на здымачную групу і замежнага госця.

Авечка Адэля

Свята прайшло выдатна. Было вясёла і ўтульна. Госці з задавальненнем слухалі пра жыццё-быццё гадаванцаў фермы, пра іх будні і святы, працу і захапленні. Усе разам прагледзелі цэлы стос фотаздымкаў з замежнага падарожжа і выставы. Адэля аж са скуры вылузвалася, каб прадэманстраваць свае здольнасці, дасціпнасць і выхаванасць. Мне або пані Гэлене даводзілася неўпрыкмет рабіць ёй знакі, каб хоць слоўца паспелі ўплішчыць і іншыя гадаванцы. Дарэчы, госці ўпадабалі і крышталёвы посуд, і льняныя сурвэткі. Адэля ўсё ж палічыла, што яе асобе надаецца замала ўвагі і пастанавіла выправіць сітуацыю. Яна гучна аб’явіла, што падрыхтавала сюрпрыз:

— Адмыслова для нашага госця з-за мяжы я вывучыла з кружэлкі песню на яго роднай мове. Зараз я яе праспяваю, хаця  вельмі хвалююся, бо замежнай мовы не ведаю, і гэта мая першая спроба ёю карыстацца!

І яна заспявала. Мы разгублена пераглянуліся: матыў знаёмы, але размаўляе Адэля лепш, чым спявае. Асабліва пільна прыслухваўся госць, дзеля якога ладзіўся сюрпрыз. Спачатку ён нічога не мог разабраць, бо Адэля не надавала вялікага значэння вымаўленню. Нарэшце госць заўсміхаўся, падхапіў матыў і пачаў падпяваць. Адэля дамаглася свайго: уся ўвага зноў перамкнулася на яе.

Авечяка

А калі свята скончылася і госці разышліся, Адэля падскочыла да пані Гэлены і, таргануўшы яе за рукаво, задаволена заявіла:

— Ну вось, і без багемскага шкла абышліся. А вы баяліся…

Адэля пайшла праводзіць мяне і мастачку і ўсю дарогу шчабятала, разважаючы, у якіх ракурсах яна найлепш будзе выглядаць на партрэтах.

Адэліны падарожныя нататкі (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама