13.06.2023
13.06.2023

Сава на царстве (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 99
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Надумала неяк адна Сава, па начах лётаючы, жыццё вакол сябе перамяніць на лепшае. Гэта значыць, усё так зладзіць, каб ёй, Саве, жыць было і зручна, і хораша. А на розум савіны добра тады жывецца, калі днём усе спяць, а ноччу, як і яна, лётаюць.

Інакш Саве – адна пакута. Толькі яна, напаляваўшыся, стаміўшыся, пад раніцу вочы змружыць, пачынаюць птушкі спяваць, шчабятаць, цінькаць, трашчаць – ніякага спакою! Вельмі гэта Саве не падабалася, бо паспаць яна любіла.

І вось аднойчы ўначы замест таго, каб паляваць, паляцела Сава птушак з гнёздаў уздымаць. Крыламі лапоча, вачыма вялізнымі зыркае – перапалох ушчыніла і ў лесе, і на лузе.

Паселі сонныя птушкі на галінках, ківаюцца, як не пазвальваюцца долу спрасоння. Але чакаюць: мо, Сава што важнае скажа, калі ўсіх сярод ночы пабудзіла.

Сава

Сава ж, усеўшыся на пень, як на трон, загадала:

– Ад гэтай пары ніякага гойсання ўдзень! Спевы – толькі ўначы! З усёй строгасцю сама за парадкам сачыць буду!

Птаства разгублена залапатала, незадаволена загуло.

– Мы ўначы не можам, нам сонейка патрэбна! – сказалі Жаўрукі.

– Як гэта – уначы, мы па цемнаце лятаць не ўмеем! – падтрымалі іх Ластаўкі.

– Прыдумалі – уначы! – абурылася нават Сарока. – Пра што трашчаць, якія навіны разносіць, калі ўсе спяць?!

Сава

А Сава як вылупіць вочы, як кінецца на птушак:

– Я за вас большая? Большая! Дужэйшая? Дужэйшая! Вось і павінны прызнаць мяне за царыцу, слухацца і не пярэчыць. А не – управу на вас хутка знайду!

І давай птушак ганяць, спеваў начных патрабаваць.

А яны б і рады заспяваць – можа, дурная Сава супакоіцца… Але ж гэта не проста вам – дзюбку раскрыў, крылцы расправіў – і паліліся песні.

Каб песні з душы прасіліся, колькі гэтай душы пастарацца трэба! Як чуйна жыццё паслухаць, усе яго беды і радасці ў сэрца пусціць – і пераплавіць на такія песні, ад якіх радасць – множыцца, а ў бядзе надзея на лепшае нараджаецца.

Такія песні не церпяць ні прымусу, ні загаду – ім воля патрэбная!

Але хіба можна Саве гэта патлумачыць? І яна лічыць, што ў яе – песні.  «Ку-га» сваё крыкне калі заўгодна. І шчыра верыць, што кожны таксама ўмець павінен…

Сава 4

Дык вось ганяе Сава птушак, палохае – ажно вочы забалелі ад зыркання, крылы – ад лапатання, голас сеў ад пагрозлівага кугакання. А толку – ніякага!

Птушкі ад Савы ратуюцца, без ладу крычаць, трашчаць, сакочуць – як могуць, спевы выдаюць. Пабудзілі такім канцэртам увесь лес і поле, нікому паспаць не далі. Толькі пад раніцу, як Сава змаглася, на кашлатай елцы прыстроілася і заснула, усе чыста паснулі таксама.

Зможаныя, праспалі, не прывіталі світанак. Не пачулі апошніх навінаў, што прынёс, абляцеўшы зямлю, ветрык. Не пабачылі, як вясёлка пасля дажджу з хмаркамі карагоды вадзіла… Так дзень і мінуў.

А пад вечар, выспаўшыся ды абудзіўшыся, зноў спяваць не могуць – няма пра што, нічога ў сэрца не запала!

Адной Саве добра – упершыню ніхто ёй адпачываць не перашкодзіў. «Ку-га» яе нікуды не падзелася, пасля добрага сну толькі гучнейшым зрабілася. І давай Сава з новымі сіламі ды імпэтам на птушак кідацца!

Колькі дзён і начэй так мінула – ніхто дакладна не ведае. Сава радуецца сваёй прыдумцы, а птушкі змагліся ўшчэнт. Жыццё ім без песень не міла.

– Гіну! – сказала аднойчы Малінаўка і ўпала без прытомнасці.

– Не перажыву! – усклікнула Сойка, яе бліжэйшая суседка, і, склаўшы крылле, ударылася вобземлю.

– Канец свету! Прападаюць лепшыя з лепшых! – залямантаваў закаханы ў Сойку Дрозд. – Трэба ўцякаць ад дурной Савы, пакуль не позна!

Загаравалі птушкі. Праўду сказаў Дрозд: у Савіным царстве жыццё нясцерпным стала. Але кідаць наседжаныя месцы таксама нікому не хочацца… Што рабіць, дзе ратуначку шукаць?

Азваўся разважлівы Удод.

– Спадарства! – сказаў ён да птушак. – Кожны з нас паасобку проці Савы ніхто. Я не малы, а яна ж за мяне большая, што ўжо пра іншых казаць. Задзяўбе і знішчыць лёгка. А вось калі мы грамадою адпор ёй дамо – адступіцца, нідзе не дзенецца!

Сава

І вось так згаварыўшыся, дачакаліся птушкі вечара. А як Сава у каторы раз прыляцела па справаздачу, чаму ноччу спяваць не хочуць, хмарай кінуліся на сваю крыўдзіцельку.

Думалі, біцца давядзецца не на жыццё, а на смерць. А самазваная царыца разгубілася, галавой закруціла, вачыма заміргала. На купіну села, крыллем ад птушынага войска  вочы прыкрыла.

– Пашкадуйце! – просіцца. – Не губіце!

– А ты нас шкадавала, па начах ганяючы, песень пазбаўляючы? – закрычалі птушкі.

– А я што? Мне ж як лепей хацелася. Я ж спаць у тлуме не магу. Вось і старалася вас перайначыць…

– Дабрадзейка знайшлася! – успомніўшы, як пакутваў сам і як гаравала мілая сэрцу Сойка, гарачы Дрозд кінуўся было да Савы. – Я табе зараз!..

Але Дразда спыніў Удод.

– Чакай, братка! І вы, шаноўнае спадарства, паслухайце! Ці ж мы якія бандыты, разбойнікі? Просіцца Сава, адступілася – адпусцім, крыўдзіць не будзем. А судом сваім птушыным вырашым, што з ёй далей рабіць.

Сава

Згодна заківала птаства. Пачалі думаць-радзіцца, што з Савою рабіць.

Яна ж, пабачыўшы мірны настрой суседзяў, крыху пасмялела і давай бубнець:

– Ведаю я ваш суд! Зараз усё зноў так зробіце, каб мне аддухі днём не было, каб ад спеваў вашых галава балела. Хоць ты на балота глухое збягай!

Пачуўшы гэтыя словы, засмяяліся птушкі.

– Вось ты, цётачка, сама сабе прысуд і вынесла, – абвясціў Удод. – А і праўда: ляці ты на балота. Там нашых песень не чуваць, жыві сабе спакойна!

– Ляці, ляці! – падхапілі ўсе дружным хорам.

Ой, як не хацелася Саве падпарадкоўвацца! Яна нават кугакнула ды зноў на птушак вочы вырачыла... Але тыя – адна да адной і на Саву разам!

Проці дружнай грамады і страшная Сава бяссільная. Хочаш-не хочаш – узнялася з купіны, на балота паляцела, самую глухую мясціну знайшла, там атабарылася.

Сава 4

Там і да гэтай пары жыве, і не проста Савой, а Балотнай Савой завецца.

А вольныя птушкі зноў бяруць свае песні ў яснага сонейка, хуткага ветрыка, гамонкі дрэваў і шолаху траў – усяго, з чаго складаецца радасць жыцця. Жывуць, спяваюць – і Савы не баяцца ні кропелькі! Навучаныя, як на сілу ды прымус управу знайсці.

https://bel.24health.by/yakaya-ptushka-samaya-karysnaya-kazka/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 99

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама