24.08.2021
24.08.2021

Воблачка (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 50
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Жыло-было Воблачка. Усё цікавіла яго: і адкуль сонейка ўзыходзіць, і куды спаць кладзецца, і чаму неба сіняе, а лес зялёны… Чаму яны, воблакі, плаваюць у небе, а істоты, якія завуцца людзьмі, ходзяць па Зямлі?

– Мама, а ты возьмеш мяне з сабой у Афрыку? – часта пыталася малое ў маці.

– Вазьму, толькі падрастай, будзь паслухмяным.

Воблачка. Цікаўнае казачнае воблачка.

І Воблачка расло. З цікавасцю слухала расказы маці пра сваіх родзічаў, якіх яшчэ мала ведала: пра навальнічныя хмары, начныя і ранішнія. На савеце Белых хмар дня, стаіўшы дыханне, слухала пра розныя невядомыя землі. «Як цікава жыць!» – думала Воблачка.

Хутка яно пайшло ў школу. Так-так, не здзіўляйцеся, хмары таксама ў школу ходзяць. Там паважаная настаўніца з прыгожай белай шапкай валасоў, у доўгай з блакітнымі гузікамі сукенцы вучыла іх, малых хмарак, складанай навуцы: дзе і калі паіць зямлю вадой, каб яе хапіла раслінам.

Хутка стала Воблачку мала таго, што расказвала яму маці, што чула на савеце аблокаў.

Воблачка. Як казачнае воблачка хацела быць самастойным.

– Мамачка, давай паплывём з табой куды-небудзь, – прасіла яно.

– Любае ты маё, пачакай трошкі, – адказвала маці, – шмат працы ў мяне цяпер. Сонейка высушыла лугі і палі, просяць яны дапамогі, трэба напаіць іх.

– Тады пусці мяне адно.

– Маленькае ты яшчэ. Заблудзішся, загінеш.

Не падабалася гэта Воблачку. Яно сябе даўно вялікім лічыла. І калі маці нагадвала пра ўзрост, яно надзімала вусны і адплывала ўбок. А пасля скардзілася сяброўцы:

– Больш не магу я жыць у няволі. Маці мая нічога не дазваляе: і туды не плыві, і гэтага нельга. Свет мне зрабіўся нямілы. Уцяку!

І вось аднойчы, калі ўсе, напрацаваўшыся, спалі, Воблачка ціхенька адплыло ад дому і паімчала па небе.

Воблачка. Як воблачка з дому ўцякло.

– Які абсяг! Якая прыгажосць! Зорачкі іскрынкамі ў небе рассыпаліся! – любавалася Воблачка. – І, галоўнае, ніхто не бурчыць, не трымае  ля сваёй спадніцы.

Так дзень за днём, ноч за ноччу плыло па небе Воблачка. Радавала яго і сонейка, і шчабятанне птушак, якія лёталі ў блакітнай вышыні. Аднойчы яно нават начавала на ражку серпіка месяца.

«Вось будуць мне сяброўкі зайздросціць!» – ганарліва думала яно.

А маці Хмара тым часам не магла знайсці сабе месца, не ведаючы,  дзе шукаць сваё дзіця. Ніхто нічога пра Воблачка не чуў – так далёка адплыло яно ад дома. Плакала-плакала маці ад гора, пакуль зусім не сцякла на зямлю.

А Воблачка бесклапотна гуляла па небе. Усё было добра, але аднойчы загрукатаў злосны Гром, неба шпурнула тысячы маланак у бараду старому задзіру Ветру. І тут такое пачалося! Вецер налятаў на маланкі, яны ж у адказ лупцавалі яго сваімі гарачымі  бізунамі. І Вецер шалёна гнаўся за гарэзамі. А разам з ім ляцела і Воблачка. Так няўтульна было яму, так страшна!

Воблачка і навальніца.

– Мамачка! – закрычала яно, упершыню ўспомніўшы пра маці.

І Воблачку раптам так захацелася апынуцца дома, прытуліцца да матулінага пляча і пачуць: «Маленькае ты маё!»

– Вецер, не гані мяне, адпусці! – прасіла Воблачка.

Ды хіба мог штосьці пачуць Вецер у такой шалёнай пагоні. І ляцеў ён наўздагон за маланкамі,  цягнучы за сабой Воблачка.

– Што ты, малеча, тут поўзаеш? – раптам сярдзіта зашыпела велізарная зломаная Маланка.

Крывуля схапіла яго сваёй вогненнай лапай  і адкінула далёка ўбок.

Тут было ўтульна і зацішна. Крыху аддыхаўшыся, Воблачка агледзелася. Дык гэта ж яго родныя мясціны! Хутчэй дадому! І Воблачка, забыўшыся на ўсе нягоды,  кінулася дахаты. Нецярпліва пастукала ў дзверы, потым у вокны. Але ніхто яму не адказаў.

Воблачка стукаецца ў дзверы дома.

– Напэўна, мама на працы, яна хутка вернецца, – супакойвала сябе растрывожанае Воблачка.

Паўз яго праплывала старая бабуля Хмара.

– Ну што, з’явілася? – дакорліва паківала яна галавой. – Ад смутку па табе загінула твая маці.

– Мама, матуля! – загаласіла Воблачка, уражанае такой страшнай навіной.

Ды не адказала яму прыветным словам бяздонная вышыня.

Пустым, пахмурным стала некалі прыветнае блакітнае неба...

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 50

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця