Аднойчы пайшла Машанька з сяброўкамі ў лес – у грыбы, у ягады. Ды і не заўважыла, як заблукала... Усе добра ведаюць гэтую казку, але ў сучаснага чалавека ад яе валасы дыбам устаюць.
Дзеці, нават яшчэ не падлеткі! Без дарослых! У лес! А раптам змяя? А калі клешч? А як згубяцца? Мамачкі...
Правілы паводзін ў лесе
Парушыла Машанька правілы бяспекі – і заблукала.
Аўтар казкі быў гуманіст, таму дзікі звер, у жытло якога патрапіла дзяўчынка, нічога дрэннага з дзіцёнкам не зрабіў, а працатэрапія нават пайшла на карысць. І заканчэнне ў казкі добрае, хэпі-энд. У жыцці, на жаль, так не бывае.
Летась супрацоўнікі МНС прымалі ўдзел у пошуках 783 чалавек, якія заблукалі ў экасістэмах, у тым ліку 33 дзяцей. З іх удалося адшукаць 767, у тым ліку 33 дзіцяці. З пачатку 2021 года ратавальнікі выязджалі шукаць 127 чалавек, з іх 25 дзяцей, а адшукалі 113, у тым ліку 25 дзяцей. Усе знойдзеныя – жывыя.
Як патлумачыў нашаму карэспандэнту афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС) Віталь Навіцкі, гэтыя лічбы тычацца выключна зніклых у экасістэмах (напрыклад, у лесе). Бо яшчэ ёсць тыя, хто наўмысна хаваецца ад родных. Імі займаюцца праваахоўныя органы.
Каб не стаць ахвярай уласнай неабачлівасці, трэба памятаць некалькі важных правілаў бяспекі. Праверце сябе, збіраючыся ў лес!
Правілы бяспекі ў лесе
Што зрабіць перад выхадам у лес?
- Інфармаванне
Загадзя ўважліва разгледзьце карту мясцовасці, вывучыце асноўныя прынцыпы арыентавання ў лесе. Спампуйце мабільны дадатак МНС «Дапамога побач», які дапаможа зарыентавацца і імгненна знайсці інфармацыю ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.
Запрасіце з сабой сяброў ці знаёмых, старайцеся не ісці ў лес адзін (адна).
Паведаміце родным, куды вы плануеце ісці і калі вернецеся. Калі планы зменяцца, дык скажыце ім пра гэта.
- Вопратка
На вас абавязкова павінна быць штосьці яркае – хустка, кепка, камізэлька альбо заплечнік. Знайсці вас у камуфляжы будзе вельмі цяжка! Апранайце тое, што не прамокне, абавязкова – гумовыя боты.
Што ўзяць з сабой у лес?
- Мінімальны набор
Поўнасцю зараджаны мабільны тэлефон з навігатарам (у ідэале – з аўтаномнай зараднай прыладай паўэр бэнк (power bank), пітную ваду, ежу, нож, запалкі, хаця б мінімальны набор лекаў. Захапіце свісток. Яго гук чуцен за 2-3 км!
- Надвор’е
Пацікаўцеся прагнозам сіноптыкаў: у пахмурнае надвор’е лепей адкласці паход у лес. Па-першае, будзе цяжка арыентавацца па сонцы (калі пры ўваходзе ў гушчар яно справа, дык пры выхадзе павінна быць злева). Па-другое, можа пайсці дождж, які размые арыенціры, зробіць менш пазнавальнымі дрэвы. Асабліва небяспечная ў лесе навальніца.
Што рабіць, калі заблукаў у лесе?
- Найперш набярыце нумар службы выратавання 112 і паведаміце, з якога населенага пункта вы ўвайшлі ў лес, апішыце, што запомнілі па дарозе і што бачыце вакол сябе зараз. Скарыстайцеся, калі гэта магчыма, мабільным дадаткам «Дапамога побач».
- Калі патэлефанаваць няма магчымасці, дык пастарайцеся супакоіцца. Пастойце на месцы, добра агледзьцеся, выпіце вады. Успомніце, з якога боку было сонца, калі ўваходзілі ў гушчар.
- Калі побач ёсць сцяжынка, прасека ці лінія электраперадач, вам пашанцавала: яны абавязкова выведуць да людзей. Знайшлі ручай ці раку – рухайцеся ўздоўж іх, уніз па цячэнні.
- Прыслухайцеся, ці не пачуеце шум матора. Трактар чуцен за 3-4 км, брэх сабакі – за 2-3 км, цягнік – за 10 км. Калі штосьці такое пачулі, ідзіце на гук.
- З надыходам цемры варта спыніцца і ўладкавацца на начлег. Лепей за ўсё для гэтага падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. Зрабіце з лісця і моху подсціл, з галінак пастарайцеся змайстраваць які-ніякі будан.
- Падумайце, дзе здабыць ваду і як распаліць вогнішча. Пры гэтым памятайце пра пажарную бяспеку!
- Каб не змерзнуць, наш эксперт раіць ужыць такі лайфхак: засуньце пад вопратку газету ці лістоту, гэта зменшыць цеплааддачу ўдвая.
- Абавязкова абазначце месца начлегу: павесьце на кусце побач яркую кепку ці што-небудзь, што прыцягне ўвагу. Нават абламаныя галінкі – для выратавальнікаў знак.
- Калі ёсць сілы, час ад часу падавайце гукавыя сігналы з дапамогай свістка.
- У любой сітуацыі не губляйце надзеі, бо гэта самая жыватворная сіла.
А напрыканцы для тых, хто любіць не слухаць ці чытаць карысныя парады, а глядзець, інфарматыўнае ВІДЭА ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Фота – з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by