02.11.2023
02.11.2023

Народны каляндар на лістапад

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Апошні месяц восені раней меў старабеларускую назву грудзень (ад слова «груды» ў значэнні «замёрзлая зямля»).

Сучаснае беларускае найменне лістапад тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў.

Абрады і прыказкі лістапада

Лістапад

«У лістападзе гола ў садзе».

«Лістапад зіме сцежку пракладае».

«Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца».

У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды качак, дрэвы стаяць ужо амаль без лісця, з`яўляюцца туманы. Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых работ.

Дары восеньскага поля і лесу ўжо добра ўладкаваны ў склепах і кладоўках. Самы час успомніць тых апекуноў, якія спрыялі земляробу, і, у першую чаргу, продкаў — «дзядоў».

Багаты стол запрашае сватоў парадніць сваіх дзяцей. А вечары, што сталі даўжэйшымі, нагадваюць жанчынам аб кудзелі і піліпаўскіх вячорках.

Назіранні селяніна ў лістападзе накіраваны на стан прыроды, паводзіны жывёлы, птушак, па якіх ён вызначае будучае надвор`е. Неба ўсю ноч чыстае, але вакол месяца з`явіліся вялікія кругі – будзе мароз; калі ж кругі гэтыя злёгку пачырванеюць – магчымы нават снегапад з ветрам. Калі дым з коміна падымаецца вертыкальна ўверх, няхай сабе і ў непагадзь, хутка надвор`е наладзіцца.

да зместу

Народныя святы і традыцыі

Лістапад

да зместу

1 лістапада

Іван, Клеапатра. А ў каталіцкім календары — дзень Усіх Святых, калі адбываецца агульнае памінанне нябожчыкаў. Народная творчасць, абыгрываючы назву гэтай урачыстасці, паведамляе пра змены надвор’я: «Па ўсіх Святых — холад для ўсіх».

Раней у гэты дзень прынята было рэзаць курэй, варыць з кураціны смачны суп з локшынай, а таксама пячы пірагі з мясам птушкі, якія ў народзе празвалі курнікі.

2 лістапада

Традыцыйны дзень ушанавання душ продкаў. Звычайна людзі наведвалі могілкі, даглядалі пахаванні, пакідалі на іх пачастунак. Вяртаючыся дадому, заклікалі «дзядоў» сесці за памінальны стол. Абавязкова ставілі так званую Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу.

4 лістапада

Ушанаванне Казанскай іконы Божай Маці. За гэтым днём замацаваліся такія народныя назіранні. «Да Казанскай – не зіма, а пасля – не восень; зранку – дождж, звечара – снег. На Казанскую дождж пойдзе – зіму прывядзе. Выязджай на Казанскую на калёсах, але палазы з сабой прыхапі. Што Казанская пакажа, тое і зіма скажа».

5 лістапада

Якаў дзень. Па народным календары сяляне на дзень Якава правяралі конскую збрую, рабілі са скуры гужы (петлі ў хамуце) – таму гэты дзень меў назву гужнікі.

6 лістапада

Нашы продкі лічылі, што надыходзіла пара прасці тканіну, таму дзяўчаты ладзілі вячоркі. Лістападаўскія ночы цёмныя, таму звычайна ў пярэднім куце хаты стаяла запаленая лучына. Пры яе святле падбіралі для вышывання ніткі, расшывалі пацеркамі ўборы.

7 лістапада

Па народным календары трэба было паплакаць пра няшчасці і раскаяцца ў сваіх грахах. Лічылася, што менавіта гэта дазваляла сустрэць зіму з чыстымі думкамі. Па назіраннях нашых продкаў, у гэты дзень дождж – і той плача.

8 лістапада

«Хітры» дзень. Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе. Адлюстраваны ў прымаўках: «Да Змітра – дзеўка хітра, а па Змітры – мужчына хітры». На Змітра не пралі, не ткалі і ў полі не працавалі. Змітроў дзень у старыя часы параўноўвалі ў прыродных прыкметах з Вялікаднем і іншымі святамі. «Змітрок па снегу – і Вялікдзень па снегу, а Змітрок голы – і Вялікдзень таксама».

да зместу

9 лістапада

Часта давалі зарокі – абяцанні, якія тычыліся розных сфер чалавечага жыцця. Нашы продкі верылі, калі ў гэты дзень даць абяцанне і выканаць яго, то ўсё дрэннае застанецца ў мінулым. Невыкананне зароку пагражала стратай добрага меркавання пра сябе. Былі такія прыкметы: калі пойдзе сёння снег, то вясна будзе ранняй; калі раніцай туман, то хутка будзе адліга.

10 лістапада

Дзень Параскевы Пятніцы. Па народным календары дзень Параскевы Пятніцы, якая лічылася апякункай прадзіва. У гэты дзень забаранялі прасці, ткаць, а таксама выносіць попел, мужчынам – араць. У вёсках ладзіліся так званыя «ільняныя агледзіны», калі жанчыны і дзеўкі выносілі на паказ атрапаны лён. Маладыя дзяўчаты на Параскеву маліліся аб добрых жаніхах.

Лістапад 5

да зместу

11 лістапада

У вусных календарах гэты дзень называлі аўчарнік, авечніца. Раней у гэты час у паўднёвых раёнах Беларусі адбывалася апошняя стрыжка авечак. На Настассю­-аўчарніцу кармілі па хатах пастухоў за тое, што яны ахоўвалі чараду. Гэты дзень таксама лічыўся ў народзе святам млынароў, таму што замярзалі рэкі і на млынах спынялася праца.

12 лістапада

Нашы продкі ў гэты дзень адзначалі свята паляўнічых. Трэба было абавязкова зацкаваць хоць аднаго «імяннога» зайца, інакш будзе няўдача ўвесь год. Лічылася, што «Хто ў гэтыя дні з'есць маленькі кавалачак заячага мяса, будзе прыгажуном».

13 лістапада

Кузьма-Дзям'ян (Кузьмінкі). Нашы продкі называлі гэты дзень Кузьмінкамі. Напярэдадні асаблівае стаўленне было да курэй. На ноч птушак накрывалі бочкай, каб яны не аслеплі і каб ім не нашкодзіў дамавік. Да світання наступнага дня трэба было засячы спецыяльна адкормленую да Кузьмінак курыцу, каб раніцай прыгатаваць святочны пачастунак.

да зместу

14 лістапада

Кузьмінкі – свята шаўцоў і кавалёў, свята дзявоцтва, курыныя імяніны. Існуюць паданні пра кавалёў Кузьму і Дзям'яна, якія змагаліся са змеем. У некаторых раёнах на Кузьмінкі святкавалі першую сустрэчу зімы: «Кузьмінкі – пра восень адны памінкі». Абавязкова ў гэты дзень на абед гатавалі курыцу, казалі так: «На Кузьму-Дзям'яна курыцу на стол».

15 лістапада

У старыя часы гэты дзень называлі Жытніцы: сяляне аглядалі свіраны, клеці і жытніцы, бо ад іх залежала, ці добра зімой захаваецца ўраджай. Казалі так: «Жытніца поўная – дык і душа вольная».

16 лістапада

Раней дзяўчаты лічылі так: калі ў гэты дзень вытчаш кросны, тады і пра жаніха можна будзе падумаць. Але трэба было паставіць ткацкі станок без падказкі маці. 16 лістапада рэкамендавалі па магчымасці пазбягаць людных месцаў, а таксама пераносілі на другі дзень доўгую дарогу і стараліся не сварыцца адзін з адным.

17 лістапада

У гэты дзень у старыя часы людзі казалі: «Ярома – сядзі ў хаце», бо лічылі 17 лістапада нешчаслівым. Стараліся нікуды не хадзіць без асаблівай патрэбы і не пачынаць ніякіх спраў. У народзе казалі, што ў гэты дзень усе духі выходзяць на свабоду і спрабуюць пранікнуць у хату, каб узяць вугалю з печы. Таму не давалі нікому агню, нават калі за ім прыходзілі суседзі.

18 лістапада

У гэты дзень маладыя дзяўчаты маліліся пра жаніхоў, а таксама варажылі на суджанага. Хлопцы, у сваю чаргу, запрашалі дзяўчат на гулянні, якія часам доўжыліся да самай раніцы. А яшчэ 18 лістапада спяшаліся нарыхтаваць на зіму чорную рэдзьку, бо яе выкарыстоўвалі пры лячэнні прастудных захворванняў.

19 лістапада

Звычайна ў гэты перыяд на шматлікіх рэчках з'яўляўся лёд, злучаліся берагі.

Лістапад

да зместу

20 лістапада

Нашы продкі ў гэты дзень прыкормлівалі каля сваіх хат зімовых птушак. Сяляне пачыналі хадзіць на зімовую рыбалку, бо лёд на рэках і азёрах да гэтага часу станавіўся ўжо трывалым.

21 лістапада

У гэты дзень стараліся не працаваць: «Міхала мы святкуем, каб гром не біў нас». Міхалаў дзень называлі апошнім святам году, бо набліжаўся калядны пост (ад 28 лістапада да 6 студзеня). У асаблівай пашане былі людзі старэйшага пакалення: 21 лістапада ўнукі павінны былі абавязкова адведаць сваіх бабуль і дзядуль.

22 лістапада

Нашы продкі лічылі, што з гэтага дня зіма ўстае на ногі. У гэты дзень быў звычай рабіць травяныя настоі: запарвалі ў печы лісце брусніц, крапівы, корань лопуху і злівалі гэта ўсё ў кадку.

23 лістапада

Звычайна нашы продкі ў гэты дзень дапамагалі бедным. Казалі так: «Ад мяне – дабро, ад вас – цяпло»

24 лістапада

Сяляне збіраліся ў далёкую дарогу і адпраўляліся на кірмашы, каб прадаць свой тавар. Нашы продкі лічылі, што з гэтага дня сцюжа, што ні дзень, то горш.

25 лістапада

На Палессі ў гэты дзень стараліся з кім-небудзь хоць чымсьці падзяліцца, падараваць што-небудзь.

26 лістапада

Нашы продкі прыкмецілі, што ў гэты дзень звычайна раней бывала вельмі халодна. Таксама яны абавязкова правяралі, ці раптам не засталося што ляжаць у полі ці  на агародзе, бо ад гэтага часу зямля павінна была ад усяго адпачываць.

27 лістапада

У старыя часы людзі лічылі, што ад гэтага дня пачынаюцца сапраўдныя халады. Усе апраналіся цяплей, таму, напрыклад, была такая прымаўка: «Піліп дзяцей апранае». У гэты дзень прынята было выносіць у двор закуску дамавіку, каб вадзілася скаціна. Жанчыны заканчвалі апрацоўку ільну, рыхтаваліся да піліпаўскіх вячорак.

28 лістапада

Ад гэтага дня пачынаецца апошні ў годзе пост — Калядны, або Піліпаўскі (Піліпаўка), які працягваецца да самага Раства. З гэтага часу, калі, паводле народнага выказвання, «дзень толькі да поўдня», а потым ужо цямнее, пачыналіся вячоркі і попрадкі, на якіх дзяўчаты пралі і спявалі. Наколькі плённай была работа, настолькі ж плённы быў затым і наступны этап — ткацтва: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш».

да зместу

29 лістапада

У гэты дзень надвор'е звычайна яшчэ вельмі нявызначанае, восень ніяк не саступае зіме, здараюцца адлігі, і гэта перададзена ў каляндарнай прыкмеце: «На Мацея дарога (зіма) пацее».

30 лістапада

Нашы продкі ў гэты дзень сустракалі халодны паўночны вецер. Лічылася, што ад яго залежаць і зімовыя дарогі, і завеі, і ўся зімовая здабыча. Звычайна ўначы выпадаў снег, на якім стараліся абавязкова пакачацца — адкаціцца ад апошняга восеньскага месяца да зімовага надвор'я, да моцнага жыцця.

Камень, костка, крыж ды іншыя старадаўнія абярэгі ў беларусаў

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама