Site icon Слушна

Базавыя формы праз новыя сэнсы. Выстаўку Антона Тызенгаўза прэзентавалі ў галерэі «DK

Выстаўка

Яркі, дынамічны, цікавы. Менавіта так можна ахарактарызаваць асобу маладога мастака Антона Тызенгаўза, работы якога выклікаюць цікавасць як у аматараў мастацтва, так і ў прафесіяналаў.

Тызенгаўз

У красавіку ў мастацкай галерэі «DK» адбылося адкрыццё выстаўкі творцы «Ва ўнутранай кішэні», якая дэталёва дэманструе гледачу вялікі патэнцыял малодога аўтара.

Многае ў творчасці мастака пабудавана на эксперыментах. Так, Антон Тызенгаўз працуе ў кірунку канцэптуальнага мастацтва, аднак у работах можна знайсці элементы традыцыйнага жывапісу. Пабудаваныя на кантрасце яркага і цёмнага, творы насычаны мноствам выяў розных прадметаў, ключавых для пэўнай субкультуры, альбо звычайных бытавых. У гэтым рэчышчы любыя з іх успрымаюцца незвычайнымі.

У сваёй творчасці Антон Тызенгаўз разважае на розныя тэмы, якія цікавяць прадстаўнікоў яго пакалення, аднак работы выстаўкі «Ва ўнутранай кішэні», створаныя ў перыяд з 2021 да 2024 года, аб’яднаны тэмай дзяцінства і сталення.

Нягледзячы на знешнюю адчужанасць і нават правакацыйнасць, праект шмат у чым асабісты і распавядае пра роздумы, якімі аўтар не імкнецца альбо не мае магчымасці падзяліцца іншымі спосабамі. Бадай, гэтая «ўнутраная кішэня» хавае ад чужых вачэй часам нешта нязначнае, але, бывае, вельмі каштоўнае. Гаспадар і сам не заўсёды ведае і помніць, што менавіта ў свой час у яе паклаў, і, у залежнасці ад многіх акалічнасцей, знойдзенае зможа яго як парадаваць, так і расчараваць...

У сваіх работах мастак надзяляе базавыя формы новымі сэнсамі і адкрывае прастору для інтэрпрэтацыі. Асноўныя вобразы карцін Антона Тызенгаўза звязаны з дзяцінствам, напрыклад, цацкі ці героі выдуманых светаў. Паўсюль — параўнанні, метафары, паралелі, якія цікава разгадваць.

Дзесьці створанае лёгка паддаецца інтэрпрэтацыі, аднак часам без пэўнага вопыту да той ці іншай работы не падступіцца.

Антон Тызенгаўз нарадзіўся ў Гомелі, скончыў Гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка па спецыяльнасці «Жывапіс» у 2016 годзе. Адукацыю працягнуў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: спецыяльнасць — «Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (роспіс)». Удзельнічаць у выстаўках Антон Тызенгаўз пачаў у 2017-м годзе. Гэта былі разнастайныя маладзёжныя праекты, сярод якіх — «НПВМ 412», «Бескарысныя выкапні» (праходзілі ў БДАМ) і «Спатканне з Бразіліяй» (Палац мастацтва). Праект «Ва ўнутранай кішэні» ў галерэі «DK» — першы персанальны для аўтара.

Новы эксцэнтрычны праект Андрэя Пічушкіна ў Палацы мастацтваў. Чым здзіўляе выстаўка?

Exit mobile version