12.06.2021
12.06.2021

Да мовы… каханне?! Такое – бывае!

logo
Адметнасць беларусаў
0 188
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ на пачатку нашай сакавіцкай сустрэчы беларуска-расійскі герантолаг Кірыл Прашчаеў здзівіў і зацікавіў мяне сваёй нязмушанай гаворкай. Без рускага акцэнту, з багатым слоўнікавым запасам. Аказваецца, можна і так?! Жывучы ў Расіі больш за 10 гадоў, не забыцца на родную мову?! Усяляк прапагандаваць яе, у тым ліку і ў сацыяльных сетках… І ўсё гэта – без рысоўкі, цалкам натуральна.

Спадар Кірыл, адкуль у вас такое валоданне мовай, жаданне размаўляць на ёй?!

Ды тут шмат складнікаў насамрэч. І першы – што я беларускую мову чуў з дзяцінства. Хаця нарадзіўся ў Адэсе. Мой дзядуля, мамін тата, там служыў. А калі мае бацькі скончылі ВНУ і адпрацавалі па размеркаванні, дзядуля іх перацягнуў у Адэсу. А там ужо на свет з’явіўся я.

Гэта пазней усе вырашылі вярнуцца ў Беларусь. А ў Адэсе я скончыў 4 класы. Але кожныя вакацыі, зімовыя і летнія, мы ездзілі ў Полацк да дзедавай сястры бабы Ганны, светлая ёй памяць. Дык вось яна так і не вывучыла рускую мову, а ўсё жыццё размаўляла на тым віцебска-полацкім дыялекце.

Мой дзядуля быў высокапастаўленым ваенным, але літаратурнай рускай мовы «на выдатна», шчыра кажучы, не ведаў. Беларускі акцэнт, беларускія словы… Слова «шуфлядка» – здаецца, першае, якое я пачуў у дзяцінстве. Не «мама» ці «тата» – «шуфлядка»!

Дома ў дзядулі было шмат слоўнікаў, у тым ліку і беларуска-рускіх. Я доўга не мог даўмецца: адкуль, навошта, для чаго?! А дзядуля мне тлумачыў: «Я займаю ў Савецкай Арміі пасаду. А савецкі афіцэр павінен валодаць рускай мовай бездакорна. Калі я пішу загады, дык не маю права рабіць памылкі». І ён ледзь не кожнае слова правяраў па слоўніку.

Беларуская мова. Беларуска-рускі слоўнік.

Дык вось кожныя вакацыі мы ў бабы Ганны размаўлялі па-беларуску.

А ў Адэсе?

Руская мова з такім, ведаеце, габрэйскім акцэнтам. Але ў школе мы вывучалі ўкраінскую мову. Вельмі сур’ёзна да гэтага падыходзілі.

І я разумею, якія добрыя былі ў нас настаўнікі.  Бо калі я некалькі гадоў таму паехаў у Львоў, дык на трэці ці чацвёрты дзень разгаварыўся па-ўкраінску. Кніжкі ж украінскія чытаў. Я люблю, ведаючы якую мову, чытаць у арыгінале. Але моўнай практыкі, натуральна, не было…

Значыць, у дзяцінстве гэта мова-мова-мова, беларуская падчас вакацый у Беларусі… А калі вярталіся ў Адэсу, дзядулю яшчэ некалькі дзён трэба было, каб вярнуцца ў тамтэйшае моўнае асяроддзе.

А калі пераехалі ў Беларусь, дык родная мова сталася натуральнай. І гэта – другі складнік.

Але ж навучанне было па-руску?!

Так, затое любімая выкладчыца – беларускай мовы. Яна навучыла нас любіць мову. Марыя Іванаўна Флор’яновіч – вось такое прозвiшча-выключэнне, з дзвюма лiтарамi «о». А тады яе прозвішча было – Галеба. Мы і дагэтуль стасункі падтрымліваем. І вось яна перадавала нам сваю любоў не толькі да мовы, але і да культуры, Беларусі, беларушчыны.

Яна мне ў свой час такі каштоўны падарунак зрабіла – Статут ВКЛ. Ён і зараз у мяне ў доме на ганаровым месцы.

Беларуская мова. Статут ВКЛ.

Вы колькі ўжо стала жывяце ў Расіі?

З 2007-га года.

І пры гэтым у вас няма акцэнту, багаты слоўнікавы запас, прыгожае нязмушанае маўленне…

Затое пры размовах на рускай мове беларускі акцэнт (усміхаецца). Была такая сітуацыя. Чытаў дзесьці лекцыю. Падышлі дзяўчаты-медсёстры:

– Нам здаецца, што вы з Беларусі…

– Чаму?!

– А вы па-беларуску вымаўляеце «дз», «ц»…

А ўвогуле… Ёсць пэўныя прынцыпы грамадзяніна, якія, я лічу, у кожнага чалавека павінны быць. Калі ты маеш пашпарт гэтай краіны, кроў беларускую, як жа інакш?! Інакш і быць не можа…

А моўная практыка?!

Чытаю кнігі на беларускай мове. Ёсць беларускамоўныя калегі ў Маскве, супольнасці ў сацсетках і месэнджарах… Было б жаданне!

Ды і што тычыцца працы… Як я ўжо казаў, мая спецыяльнасць – геранталогія – не медыцынская. Медыцынская спецыяльнасць – герыятрыя. А геранталогія – яна больш шырокая і мае некалькі накірункаў: медыцынскі, сацыяльны, біялагічны і г.д. А калі навука такая сацыяльная, дык яна цесна звязаная з мовай.

Кірыл Прашчаеў. Фота 13.

І вось мова можа адлюстроўваць, як грамадства саспела (ці не саспела) у пэўнай ступені да жыцця са сталымі людзьмі. Беларуская мова больш прыстасаваная да новай геранталагічнай тэрміналогіі, чым руская.

Гэта ваша асабістая выснова?!

Так. Усе тэрміны ў сучаснай геранталогіі на постсавецкую прастору пераходзяць з ангельскай мовы. З ангельскай і французскай, дакладней. Але пераважна ўсё ж з ангельскай.

І калі мы хочам даць які тэрмін, калі перакладаем калькай на рускую мову, тады ён не гучыць медыцынскім тэрмінам, трэба шукаць прафесiйнае адпаведнае слова цi словазлучэнне. Возьмем frailty. Па-руску дакладна гучыць як «хрупкость». Але гэта – не медыцынскі тэрмін. Мы не можам сказаць, што да нас прыйшоў «хрупкий» пацыент. А калі па-беларуску скажам, што да нас прыйшоў кволы пацыент…

Хаця «кволы» – сэнс усё ж больш шырокі…

Згодны. Але ў плане геранталогіі гэта дакладны тэрмін, які адпавядае ангельскаму слову frailty. А ў рускай мове дакладнага аналагу няма.

Потым у геранталогіі ёсць, напрыклад, такая з’ява… Па-ангельску гэта community. Супольнасць людзей вакол сталага чалавека, якая дапамагае яму жыць, нават не задумваючыся пра тое, што дапамагае.

У беларускай вёсцы чалавек пачынае страчваць розум, а суседка дапамагае, напрыклад, дровы калоць, другая вады прыносіць з калодзежа. Па-беларуску гэта «талака». Ну, накшталт гэтага. А па-руску… Мы мусім ужываць цэлы сказ, каб патлумачыць, што такое community.

Беларуская мова. Вясковыя жанчыны.

Ну што ж, вельмі цікавыя назіранні і абагульненні! І – рэспект вашай беларускай мове, вашай пазіцыі, якой варта павучыцца…

Дзякуй. Ведаеце, у загаданай мной настаўніцы быў дзень народзінаў. І я ў сацсетцы напісаў, што яна прывіла нам каханне да мовы. Што там пачалося! Маўляў, не каханне – любоў! Я кажу: «Дык вось у гэтым жа і розніца. Марыя Іванаўна прывіла нам каханне, а не любоў…»

Выдатна! Я вас цудоўна разумею!

Інфармацыйны партал Здаровыя людзі шчыра дзякуе шаноўнаму Кірылу Прашчаеву за асвятленне шэрагу цікавых тэмаў. І мы спадзяемся, што працяг – будзе!

Герантолаг Кірыл Прашчаеў: «У любым узросце чалавек павінен адчуваць сябе годна…» (+відэа)

Суп – без солі, а рыбу – любую. Харчуемся… прарэзіліентамі! (+відэа)

 Замест жору – трэнажоры, альбо Каму пасля шостай вечара есці… можна!

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 188

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"