20.04.2019
20.04.2019

Блізкі пакутуе ад псіхічнага захворвання? Пачніце клопат з сябе!

logo
Здароўе дарослых
0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Рэмісія хворага залежыць ад душэўнага стану навакольных! Таму галоўная парада спецыялістаў родзічам чалавека з псіхічным захворваннем – не забывайцеся пра сябе.

Як рэагаваць на дзівацтвы псіхічнахворага? Як дапамагчы яму і яго родным выйсці з сацыяльнай ізаляцыі? Правіламі стасункаў і дапамогі падзяліліся псіхолагі мінскага Цэнтра Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа «Адкрыты дом» Ірына Мялік і Марыя Жаровіна.

Цэнтр аказвае дапамогу людзям з псіхічнымі захворваннямі і іх родным. Для іх тут арганізаваны групы самадапамогі, курсы па асновах псіхаадукацыі, кансультацыі з вузкімі спецыялістамі, заняткі з элементамі трэнінгу «Псіхалагічная падтрымка жанчыны».

Не саромейцеся!

– У сямейнікаў псіхічнахворага ёсць адна агульная патрэба – выгаварыцца, – распавядае Ірына Мялік. – Ім здаецца, што яны адны на белым свеце з такой праблемай. Таму мы і стварылі Школу для родзічаў – каб людзі бачылі, што яны не адзінокія, каб маглі падзяліцца перажываннямі, каб пачулі вопыт сем'яў, у якіх атрымалася справіцца з гэтай сітуацыяй.

Людзі ў групах самадапамогі адкрываюцца, плачуць, абдымаюцца, кажуць: «Я 15 гадоў маўчаў і толькі цяпер змог выказацца». На жаль, да гэтага часу многія саромеюцца хваробы родных, самаізалююцца. Адсюль – выгаранне, дэпрэсія.

Між тым, сям'я – гэта асноўнае асяроддзе, і альбо хворы атрымлівае адтуль падтрымку, альбо праблемы пагаршаюцца. Таму мы заўсёды кажам родзічам – турбуйцеся пра сябе! Жонкам, напрыклад, раім не закідваць мужоў, сыходзячы з галавой у праблемы хворага сына ці дачкі. Заставайцеся сям'ёй! Будзе спрыяльны клімат у доме – хворы хутчэй пойдзе на папраўку. Часта ў такіх сітуацыях бацькі займаюць пазіцыю «суседа», складаюць паўнамоцтвы або наогул сыходзяць, а мамы ўсё цягнуць на сабе і не выключана, што самі хутка злягуць з дыягназам. Такі неспрыяльны сямейны фон рэмісіі роднага дакладна не спрыяе.

Не прыгнятайце асобу

– Ёсць дзве крайнасці ў паводзінах родных: цалкам прысвяціць сябе хвораму ці, наадварот, адгарадзіцца, маўляў, няхай сам спраўляецца, – працягвае Ірына Мялік. – У першым выпадку родзічы ўсё робяць за падапечнага, цалкам пазбаўляюць яго самастойнасці і свабоды, прыгнятаюць яго самасць, асобу. Узнікаюць сузалежныя паводзіны, калі апекуны бы таксама «захворваюць». Дачцы пад 50 гадоў, а тата водзіць яе на групу самадапамогі, здымае ёй шапку, расчэсвае, апранае на свой густ, не пытаючыся яе меркавання. У іншай сям'і дзяўчына есць з металічнай міскі, бо мама баіцца, што яна нешта разаб'е, параніцца. Такое скажонае ўяўленне, гіперапека толькі пагаршаюць стан псіхічнахворага.

І ёсць зваротная сітуацыя, калі родныя наогул не падтрымліваюць. Але псіхічныя захворванні аказваюць сур'ёзны ўплыў на валявую сферу, і таму людзям трэба дапамагаць, напрыклад, аплачваць рахункі, прыбірацца ў кватэры, кантраляваць прыём лекаў. Гэта не значыць, што трэба штогадзіны быць побач.

Наш цэнтр наведвала мама, чые паводзіны можна назваць прыкладам правільнага стаўлення да сябе і праблемы. Яе сын з псіхічным захворваннем жыве асобна. Але яна ўвесь час з ім на сувязі: калі што трэба, прыязджае, дапамагае. «Ад таго, што ён будзе жыць са мной, што я буду, гледзячы на яго, увесь час плакаць у падушку, нічога не зменіцца, захворванне не знікне», – кажа яна іншым бацькам, і тыя яе слухаюць! Сын ведае, што ў яго ёсць мама, што яна заўсёды дапаможа, але пры гэтым у яго ёсць сваё жыццё і права выбару.

Бываюць бацькі, якія не прымаюць хваробу і забараняюць піць таблеткі сваім дарослым дзецям. Маўляў, ты, сынок, здаровы, яны табе не патрэбныя. На самай справе гэта падсвядомая самаабарона: «Калі мы нарадзілі нездаровага, значыць, і мы хворыя, значыць, мы дрэнныя непаспяховыя бацькі». Пачынаюцца балючыя капанні ў сваім мінулым, пошук вінаватых. Гэта толькі пагаршае агульны клімат у сям'і. У групах самадапамогі людзі могуць гэта абмеркаваць, зразумець памылковасць такіх меркаванняў, знайсці падтрымку.

Пачніце з сябе. Але не капаць, а любіць! Мы не можам даць шчасце, калі самі ў душы нешчаслівыя. А душэўную хваробу трэба душой і лячыць, – рэзюмуюць псіхолагі.

Як арганізаваць групу самадапамогі?

Групы самадапамогі – вельмі эфектыўная тэрапія. Але іх у краіне вельмі мала. У рэгіёнах такіх праектаў практычна няма.

– Сваякам можна самастойна арганізаваць такую групу, – кажа Марыя Жаровіна. – Для гэтага не патрэбны спецыяліст, павінен быць проста вядучы. Ім можа станавіцца па чарзе хтосьці з прысутных. Родзічы могуць пазнаёміцца, напрыклад, падчас наведванняў псіханеўралагічных дыспансераў, абмяняцца кантактамі, дамовіцца пра сустрэчу. Потым на такія сходы можна запрашаць кансультантаў, напрыклад, псіхіятра або сацработнікаў. Пажадана збірацца ў адзін і той жа час. Правілы такой групавой тэрапіі простыя: канфідэнцыяльнасць, няма правільных і няправільных адказаў, няма асуджэння.

Групы самадапамогі эфектыўныя і для саміх пацыентаў. Але ім у сілу захворвання цяжка самаарганізавацца. Таму родзічы могуць дапамагчы ім зрабіць гэта: знайсці памяшканне, пазначыць час, – раіць Марыя Жаровіна.

У некаторых краінах родзічы скідваюцца і аплочваюць працу куратара, напрыклад, псіхолага, які можа весці такую групавую тэрапію для псіхічнахворых. Гэта зніжае іх унутраную напружанасць, бо яны выходзяць з ізаляцыі, бачаць, што камусьці цікавыя і зразумелыя іх праблемы.

Як блізкім сябе паводзіць?

Вось асноўныя рэкамендацыі псіхолагаў у стасунках з псіхічнахворымі.

  1. Будзьце адкрытыя і спакойныя.
  2. Выказвайцеся выразна, выкарыстоўваючы простыя кароткія сказы.
  3. Будзьце паважлівымі, не дапускайце паблажлівага або аўтарытарнага тону, не крычыце і не крытыкуйце.
  4. Не бойцеся адкрыта заяўляць пра сваю незадаволенасць. Але прыязна.
  5. Выконвайце просьбы падапечных, калі яны не нясуць пагрозы і ў межах разумнага.
  6. Будзьце паслядоўнымі і прадказальнымі. Дамоўцеся аб правілах паводзінаў, самі іх выконвайце і сачыце за выкананнем падапечным. Загадзя агаварыце заахвочванні за выкананне і «санкцыі» за невыкананне гэтых абавязкаў.
  7. Прыміце той факт, што пацыент жыве ў скажонай рэальнасці. Таму неабходна рэагаваць не на асобу, а на хваробу.
  8. Псіхічнахворыя людзі часта сыходзяць у свой унутраны свет. Ваша актыўнае ўмяшальніцтва ў такія моманты яны могуць успрыняць як атаку. Таму дазваляйце ім заставацца сам-насам з іх светам. Праз некаторы час яны супакойваюцца. Пасля гэтага можна высветліць сітуацыю, што яны адчувалі ў гэты момант.
  9. Пазбягайце працяглага глядзельнага кантакту або дакрананняў, калі хворы знаходзіцца ў напружаным стане.
  10. Не абвастрайце дыскусію, калі падапечны пераўзбуджаны. Не спрачайцеся, калі ён пачынае трызніць.
  11. Назапасце цярпенне, не спяшайцеся. Пераадоленне крызісу патрабуе часу.
  12. Трансфармуйце доўгатэрміновыя мэты ў кароткатэрміновыя. Разбіце адну задачу на шэраг дробных і паступова, крок за крокам, дасягайце іх. Адкрыта радуйцеся маленькім удачам блізкага.
  13. Вядзіце ўласнае актыўнае сацыяльнае жыццё. Аднак не заўсёды ўцягвайце ў яго свайго хворага родзіча: ён можа не вытрымаць такога ладу жыцця. Прагулкі, паходы ў госці і іншыя выхады ў свет могуць дапамагчы, калі родзіч сам зацікаўлены ў іх і добра сябе кантралюе.

Як прадухіліць востры крызіс?

– Рэдка адбываецца так, што чалавек раптам цалкам губляе кантроль над сваімі думкамі, пачуццямі і ўчынкамі. Звычайна пра гэта папярэджваюць пэўныя сігналы: бяссонніца, рытуальная заклапочанасць пэўнай дзейнасцю, падазронасць, раптоўныя ўспышкі гневу, перапады настрою. Таму назірайце за падапечным.

На ранніх стадыях востры крызіс атрымліваецца прадухіліць, бо лягчэй угаварыць чалавека схадзіць да ўрача, прыняць таблеткі, – кажа Марыя Жаровіна. – Калі ж абвастрэнне здарылася, не саромейцеся выклікаць хуткую дапамогу, баючыся, што ваш родны перастане вам давяраць пасля гэтага. У нас быў хлопец, які на групах самадапамогі распавядаў такім жа, як ён, пацыентам: «Я доўга не хацеў мець стасункі з бацькамі, не верыў ім пасля таго, як яны выклікалі брыгаду і змясцілі мяне ў стацыянар. Але цяпер я ім удзячны, бо невядома, што б са мной было, застанься я дома ў той момант».

Як кантраляваць прыём таблетак?

Прыём медыкаментаў – вельмі важны этап лячэння. Часта родзічы скардзяцца, што падапечныя не хочуць піць таблеткі. Што рабіць?

– У групах самадапамогі пацыентаў гэта таксама топавая тэма, – кажа Марыя Жаровіна. – І тыя, хто даўно ў хваробе, заўсёды раяць «пачаткоўцам» абавязкова піць лекі, распавядаючы пра свой негатыўны або станоўчы вопыт. І яны адзін аднаго слухаюцца лепей, чым родзічаў.

Родным трэба ўмець пераконваць. Напрыклад, прыкмячаць паводзіны падапечнага і расказваць яму: «Калі ты не прымаеш таблеткі, у цябе пагаршаецца самаадчуванне, а калі вып'еш, ты спакойны». І абавязкова заахвочваць: «Я вельмі задаволеная, што ты прыняў лекі, ты выглядаеш нашмат лепш, больш бадзёра і жыва». Для людзей вельмі важна ўсведамляць, што хтосьці бачыць іх змены ў лепшы бок. Можна прапанаваць падапечным весці дзённік, каб яны самі адсочвалі, як таблеткі дапамагаюць іх стану.

Ці можна вылечыць псіхічнае расстройства?

Добрая навіна! Па дадзеных РНПЦ псіхічнага здароўя, цяпер ужо лічыцца, што псіхічнае расстройства можна вылечыць. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўвяла паняцце «поўнае выздараўленне ад псіхічнага расстройства». Гэта стала магчымым, дзякуючы сучасным лекавым сродкам і псіхалагічнай падтрымцы. Калі чалавек правільна карыстаецца меддапамогай, сочыць за цячэннем хваробы, працуе, мае кола стасункаў з 5-6 чалавекамі, задаволены жыццём, дык нават пастаянная наяўнасць нейкіх слабых сімптомаў хваробы дазваляе казаць пра тое, што ён здаровы. Калі на працягу пяці гадоў не надыходзіць абвастрэнне хваробы, лічыцца, што адбылася ўстойлівая рэмісія. З любой хваробай можна жыць паўнавартасным жыццём.

Дарэчы

У Мінску ёсць яшчэ адзін цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі для людзей з псіхічнымі захворваннямі – Клубны дом «Адкрытая душа».

Як зразумець свет псіхічнахворага? З якімі жахамі сутыкаецца іх псіхіка? Якія кнігі дапамогуць родным разабрацца ў праблеме хворага члена сям'і? Чытайце ў наступным матэрыяле >>>

https://bel.24health.by/ela-noski-i-oboi-chtoby-zapolnit-pustotu-5-knig-kotorye-pomogut-ponyat-mir-dushevnobolnyx/

 

 

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 32

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).