15.05.2019
15.05.2019

Больш за 2,7 млн сем'яў у Беларусі адзначаюць Міжнародны дзень сям'і

logo
Навiны
0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У апошнія дзесяцігоддзі, адзначаюць спецыялісты, інстытут сям'і ў Беларусі перажывае змены. Мужчыны і жанчыны ўступаюць у шлюб у больш дарослым узросце (сярэдні ўзрост, калі прымаецца рашэнне аб стварэнні сям'і ў нашай краіне, набліжаецца да 30 гадоў). Як вынік гэтага, пазней нараджаецца і першае дзіця.

Зараз у нашай краіне пражывае больш за 2,7 млн.сем'яў. Сёння, 15 мая, яны адзначаюць сваё «прафесійнае» свята – Міжнародны дзень сям'і. Напярэдадні гэтай даты пра тое, навошта ў Беларусі патрэбная ідэалогія моцнай сям'і, праблему позніх родаў, работу службы ранняга ўмяшання і многае іншае распавялі журналістам у Нацыянальным прэс-цэнтры:

  • намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў;
  • начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан;
  • галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

Сацыяльная падтрымка

Па словах Валерыя Кавалькова, сёння ў краіне створаны самыя спрыяльныя ўмовы для мацярынства, нараджэння і выхавання дзяцей. Прававыя гарантыі прадастаўляюцца жанчыне яшчэ да нараджэння дзіцяці. Гэта адпачынак па цяжарнасці і родах з выплатай дапамог, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Пасля нараджэння дзіцяці прадастаўляецца адпачынак па яго догляду на 3 гады з выплатай дапамогі.

 
Валерый Кавалькоў
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Магу сказаць, што гэта вялікае дасягненне Беларусі (у краінах Еўрасаюза гэты перыяд складае не больш за 1,5 года). Пры гэтым адпачынак можа быць прадастаўлены маці, тату або іншаму члену сям'і. Аднаразовыя выплаты пры нараджэнні першага дзіцяці складаюць 2,5 тыс.рублёў, на другое і наступных – 3 тыс.400 рублёў.

Агульны аб'ём ільгот сацыяльнай накіраванасці для падтрымкі сям'і, у тым ліку ў сферы аховы здароўя, адукацыі і падатковай палітыкі, ацэньваецца ў памеры больш за 9 млрд.рублёў, ці 7,5% ВУП, падкрэсліў эксперт.

Пераглядаюцца ўмовы для больш камфортнага сумяшчэння прафесійных і сямейных абавязкаў. У прыватнасці, у праекце Працоўнага кодэкса прадугледжана развіццё гнуткіх формаў занятасці, у тым ліку дыстанцыйнай працы. Валерый Кавалькоў выказаў надзею, што гэтая норма дазволіць сям'і атрымаць дадатковую крыніцу даходу і палегчыць працэс выхавання дзяцей.

Як распавёў намеснік міністра, з 2015 года ў нашай краіне рэалізуецца праграма «Сямейны капітал». Па дадзеных на 1 мая, у аддзяленнях «Беларусбанка» ўжо адкрыта амаль 68 тыс.асабовых дэпазітных рахункаў. Увядзенне сямейнага капіталу, адзначыў Валерый Кавалькоў, у пэўнай ступені паўплывала на павелічэнне колькасці дзяцей, якія нараджаюцца трэцімі і наступнымі. Калі ў 2010 годзе такіх малышоў з'явілася на свет 13,5 тыс., дык у 2018 – ужо звыш 20 тыс.

 
Валерый Кавалькоў
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб працягу праграмы «Сямейны капітал» на 2020-2024 гады. Разглядаецца магчымасць пашырэння накірункаў, куды гэтыя грашовыя выплаты можна накіраваць датэрмінова, г.зн. да дасягнення дзіцем 18 гадоў. У прыватнасці, прапрацоўваецца пытанне, што гэта будзе будаўніцтва жылля.

Дарэчы, адной з асноўных прычын, чаму сем'і пачалі ў больш познім узросце нараджаць дзяцей або схіляцца да аднаго-двух – адсутнасць уласнага жылля, падкрэсліў намеснік міністра.

Работа па развіцці сацыяльна-эканамічных стымулаў вядзецца паралельна з дзейнасцю па павышэнні прэстыжу інстытута сям'і ў грамадстве. На жаль, за мінулы год на 1 тыс.шлюбаў прыпала 546 разводаў. Калі было заключана 60 тыс.700 шлюбаў, дык 33 тыс. з іх распаліся. Гэта сведчыць пра тое, упэўнены Валерый Кавалькоў, што наспела неабходнасць у фарміраванні ідэалогіі моцнай сям'і.

Медыцынская дапамога

Праблему позніх родаў адзначыла і Алена Богдан. Самы спрыяльны ўзрост для нараджэння дзяцей, распавяла эксперт, – 21-26 гадоў. Сёння ж усё часцей першае дзіця беларускі нараджаюць ва ўзросце 29-31 года, а наступныя дзеці з'яўляюцца пасля 30-ці.

Пазнейшыя роды, распавяла эксперт, цягнуць за сабой павышаную рызыку развіцця розных паталогій у дзяцей, бо мама часта ўжо мае свой «багаж» хвароб. Менавіта таму ў нашай краіне вядзецца праца па стварэнні службы ранняга ўмяшання, задзейнічаны ў якой будуць не толькі сістэма аховы здароўя, але і сферы адукацыі і сацыяльнай абароны.

Падобны цэнтр паспяхова дзейнічае на базе 19 дзіцячай гарадской паліклінікі г.Мінска. Задача на сёння – укараніць работу службы па ўсёй рэспубліцы. Ранняе ўмяшанне мае на ўвазе своечасовае выяўленне фактараў рызыкі на этапе цяжарнасці і пасля нараджэння дзіцяці, перадачу гэтай інфармацыі ў дзіцячую паліклініку, каб ужо ў раннім узросце выявіць тыя ці іншыя парушэнні, своечасова іх скарэктаваць.

 
Алена Богдан
Начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя
Калі ў нас ёсць падставы меркаваць на працягу 1-2 гадоў жыцця, што ў дзіцяці будзе парушэнне вымаўлення або паводзінаў, дык ужо на гэтым этапе падключаюцца спецыялісты з іншых ведамстваў. Калі мы бачым, што дзіця з вялікай доляй верагоднасці выйдзе на інваліднасць, мы падключаем сістэму сацыяльнай абароны па прадастаўленні паслугі перадышкі або сродкаў рэабілітацыі.

Актуальнай застаецца праблема бясплоддзя сямейных пар. Прычым прыкладна ў 35-40% прычынай гэтага з'яўляецца мужчынскае бясплоддзе.

 
Алена Богдан
Начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя
У нас добра выбудаваная служба аховы здароўя жаночага здароўя, але сёння наспела неабходнасць пабудовы аналагічнай, няхай і меншай па маштабах, службы аховы мужчынскага здароўя. З гэтай мэтай на кафедры ўралогіі і андралогіі БелМАПА актыўна вядзецца работа па распрацоўцы клінічных пратаколаў і новых алгарытмаў аказання дапамогі мужчынам з бясплоддзем.

Пільная ўвага надаецца таксама пытанням забеспячэння бяспекі маленькіх жыхароў краіны. З гэтай мэтай для мам і татаў ствараюцца цэнтры па навучанні ўмовам бяспечнага пражывання дзяцей. Падобныя ўжо працуюць у 10 родадапаможных установах краіны (Раддом Мінскай вобласці, РНПЦ «Маці і дзіця», а таксама ў Барысаве, Салігорску, Гомелі, Гродне, Брэсце і Мінску).

 

 
Алена Богдан
Начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя
Здавалася б, простыя пытанні: як павінны стаяць прадметы на пліце, даступнасць і недаступнасць газавых выключальнікаў, разетак і ўсяго астатняга, што можа ўяўляць небяспеку для маленькага дзіцяці. Не сакрэт, што мы сёння губляем дзяцей з-за такіх халатнасцяў. Штогод у нас рэгіструюцца ўтапленні ў хатніх басейнах і выпадзенне дзяцей з вокнаў.

Адукацыя і выхаванне

Важнасць таго, каб дзіця з моманту нараджэння да яго станаўлення выхоўвалася ў любячай сям'і, адзначыла Алена Сімакова. Прафілактыка сямейнай нядобранадзейнасці і стварэнне ўмоў для выхавання дзяцей – адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці Міністэрства адукацыі.

 
Алена Сімакова
Галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі
Вялікую ўвагу мы ўдзяляем рабоце па выяўленні небяспечнай сітуацыі ў сям'і. Паколькі з-за гэтага пакутуюць у першую чаргу дзеці. На пачатку гэтага года прынята Пастанова Савета Міністраў, накіраваная на тое, каб выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, зрабілася міжведамасным і заключалася не толькі ў вызначэнні гэтага статусу, але і ў аказанні сям'і дапамогі і падтрымкі – для таго, каб захаваць як мага больш дзяцей у роднай сям'і.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 20

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».