22.01.2024
22.01.2024

Бясплоднасць. Як раней лячылі хваробу?

logo
Здароўе
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Спрадвеку ў народным разуменні прычынай бясплоднасці лічыліся праклён ці парушэнне нормаў паводзін. Бясплоднасць найчасцей прыпісвалася жанчынам. У вясельным абрадзе існавала шмат рытуалаў з мэтай недапушчэння бясплоднасці: маладых абсыпалі зернем, нявесту саджалі на дзяжу і г.д.

Для лекавання таксама існавала шмат сродкаў – узвары кары плодных дрэў, малако ад свінні, якая карміла парсючкоў, курыныя яйкі з двума жаўткамі ды шмат што іншае. Звярталіся нашыя продкі і да святых крыніц, камянёў, дрэў. Мы можам падказаць вам адрасы некаторых з іх…

Дуб Якуб ды іншыя дрэвы

Дуб Якуб, вёска казлы

Дуб Якуб каля вёскі Казлы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці — помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Яму каля 230 гадоў. Самы стары на Міншчыне. Па легендзе, жыў у гэтых мясцінах мужчына, у якога не было дзяцей. Узмаліўся ён Богу, каб той падарыў яму спадкаемцаў. І нарадзіўся ў яго сын, якога назвалі Якубам. На радасцях бацька пасадзіў дубок, які з таго часу і называецца Дуб-Якуб. Дуб культавы, мясцовыя ўважаюць яго цудадзейным і лекавым, ён пазбаўляе сямейныя пары ад бясплоддзя, пасылае ім здаровых дзяцей. Трэба толькі шчыра памаліцца Богу пад яго шатамі.

Дрэва таксама дапамагае пры малітвах аб здароўі і сямейным шчасці, у любоўных стасунках.

клецкі святы дуб

Каля вёскі Чаша ў Клецкім раёне Мінскай вобласці Святы Дуб лекуе наступным чынам: каб паправіць здароўе, трэба басанож пастаяць каля дрэва. А калі жанчына хоча мець шмат дзяцей, то варта да яго дакрануцца.

Вёска Каменка

На ўскрайку вёскі Каменка, што за 14 кіламетраў ад Навагрудка ў Гродзенскай вобласці, расце дуб, які “дае дзяцей”. Каля дуба вялікі драўляны крыж – так мясцовыя жыхары пазначылі святое месца. Асаблівасць дрэва ў тым, што ў яго ёсць нарасты на кары, якія паўтараюць мужчынскія формы. Жанчына, якая хоча дзяцей ці не можа зацяжарыць, павінна пацерці адростак рукамі.

Камяні-дактары і гаючыя крыніцы

Сянежыцы

У Навагрудскім раёне на вяршыні ўзгорка пасярод могільніка ў вёсцы Сянежыцы ляжыць камень-следавік з двума слядкамі. Меншае паглыбленне ўважаюць следам Багародзіцы, а большае – следам Чорта. Паводле падання, меншае пакінула жанчына – яна ратавала сваё немаўля ад злоснага пана, у якога не было дзяцей, і ён вырашыў адабраць дзіця ў небаракі. Пераскокваючы праз камень, яны абодва пакінулі на ім слядкі. Каб дапамагчы жанчыне, гара расступілася, аддзяліўшы яе ад пераследніка. Жанчына знікла, а тое месца назвалі Святы Роў. З даўніх часоў жанчыну сталі атаясамліваць з Маці Божай, а пана – з Чортам. Да каменя пачалі прыходзіць жанчыны, што не маглі зацяжарыць і прасіць у святыні паратунку ад бясплоддзя.

Асабліва, верылі, камень дапамагаў на Пакроў – 14 кастрычніка. Раней над каменем была каплічка, а ў ёй — стол-ахвярнік, куды вернікі складалі воўну, лён, палатно, яйкі, грошы ды інш.

Палыкавічы

Святая крыніца каля вёскі Палыкавічы Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці, альбо Палыковіцкая крыніца, вядомая з 1552 года. Мяркуюць, што вада з яе пазбаўляе нават ад безнадзейнага бясплоддзя і вяртае жанчынам прыгажосць і здароўе пасля цяжкіх родаў. Невыпадкова пабудаваная каля Палыкавіцкай крыніцы капліца прысвечаная Параскеве Пятніцы. Гэта хрысціянская святая, якая падмяніла паганскую багіню Пятніцу – заступніцу жанчын і памочніцу ў родах. Памяць святой Параскевы адзначаецца праваслаўнай царквой 28 кастрычніка і 10 лістапада, а вада ў крыніцы лічыцца самай гаючай 8-ю і 10-ю пятніцу пасля Вялікадня.

Блакітная крыніца

Блакітная крыніца каля вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці – адна з пяці крыніц Беларусі, абвешчаных помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння. Яна ўяўляе сабой невялікае возера з цёмна-сіняй вадой, што б’е з кратара, размешчанага на глыбіні 2,5 метра. Кожную секунду на паверхню выліваецца 60 літраў вады. Гэта моцна мінералізаваная, а таму здольная аказваць на арганізм чалавека лячэбнае ўздзеянне. Да Блакітнай крыніцы цягам стагоддзяў ставяцца як да святой. Людзі вераць, калі перайсці возера тройчы, ніякая хвароба не зможа адолець. Таму сюды пастаянна прыязджаюць вернікі, дзень масавай пілігрымкі – 14 жніўня. Кажуць, што гэтая цудадзейная вада дапамагла зацяжарыць шмат каму з жанчын. На беразе возера пабудаваная капліца і пастаўлены крыжы.

Крыніца Святога Яна размешчана ў лясным каньёне каля вёскі Чарневічы на мяжы Мёрскага, Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці. Вада прэсная, зімой не замярзае. Крыніца ўшаноўвалася са старажытных часоў і католікамі, і праваслаўнымі. Месца каля крыніцы абсталяванае для наведвальннікаў. Апроч капліцы пабудаваная купель. Лечыць хваробы вачэй, суставы, бясплоддзе, загойвае раны, пазбаўляе ад сполаху і сурокаў. Для гэтага трэба перахрысціцца і тры разы акунуцца з галавой у купальню. Каб вылечыць язву і хваробы страўніка, трэба на працягу года піць ваду тры разы на дзень.

 …і чароўны калодзеж!

На беразе возера Луканец, у лесе пад Божай Горкай непадалёк ад вёскі Бесяды Лепельскага раёна Віцебскай вобласці знаходзіцца культавая крыніца Божы калодзеж. Яе яшчэ завуць Апладняючай крыніцай. Каля крыніцы стаіць драўляны крыж, на ім вісіць абраз. Некалі пад сасною, што побач з крынічкай, стаяла скрыначка, куды ў падзяку за лячэнне кідалі грошы, а потым іх перадавалі ў царкву. Сёння грошы кідаюць адразу ў крыніцу.

На паўднёвым захадзе вёскі Пеніца Калінкавічскага раёна Гомельскай вобласці знаходзіцца Святая Крыніца. Каля крыніцы ўзведзена капліца, асвечаная ў гонар Раства Багародзіцы, стаіць крыж. На крыніцы пабудаваная купель. На свята Вадохрышча сюды прыязджаюць людзі, каб акунуцца ў ледзяную ваду. Яна тут такая і зімой, і летам. Незамужнія дзяўчыны прыязджаюць сюды выпіць глыток вады, каб неўзабаве знайсці мужа. А калі прызначыць спатканне каля крыніцы, то ў хуткім часе будзе вяселле. Крыніца аб’яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Крыніца Ракавічы

Крыніца Божай Маці, якая бруіць пад узгоркам у вёсцы Ракавічы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, лекуе мясцовых людзей не адно стагоддзе. Паводле падання, на месцы яе быў здабыты знакаміты абраз Ракавіцкай Божай Маці. У 1748 годзе ў сне шляхціцу Макрэцкаму з’явілася Багародзіца і загадала знайсці абраз у паказаным месцы. На раніцу ён падышоў да ракі Святкі і ўбачыў Святую выяву, якая плыла па рацэ стоячы. Неўзабаве рака знікла, але на месцы з’яўлення абраза прабілася крыніца. На ўласныя грошы Макрыцкі пабудаваў драўляны храм, на крыніцы купель, а пазней каплічку і калодзеж. Вернікі ўпэўненыя, што вада ў крыніцы гаючая, пры яе дапамозе і шчырай малітве цудадзейнаму абразу жанчынам можна вылечыцца ад бясплоднасці. Вада лечыць таксама неўроз і шаленства, дапамагае акрыяць пасля складаных аперацый.

Дрэвы-лекары ў Беларусі. Куды паехаць, каб атрымаць «порцыю» здароўя?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0