У народзе алкаголь ці то жартам, ці то ўсур'ёз называюць самым танным і даступным транквілізатарам. Напэўна, сярод нашых чытачоў таксама знойдуцца тыя, хто хаця б раз у жыцці здымаў стрэс ці ўзнімаў настрой «100 грамамі». Алкаголь сапраўды валодае заспакаяльным, супрацьтрывожным і расслабляльным эфектамі.
Лепей за ўсё здымаюць напружанне чырвонае віно і піва. Менавіта гэтыя напоі ў якасці рэлаксантаў назвалі больш за палову рэспандэнтаў маштабнага даследавання, у якім узялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек з 21 краіны свету.
І ўсё ж такі ўжываць алкаголь у якасці «заспакаяльных лекаў» ніякаватая ідэя. Чаму? Даведаліся ад галоўнага ўрача Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г.Мінска Аляксандра Алішэвіча.
Як супакойвае алкаголь
Мозг адным з першых трапляе пад уздзеянне алкаголю. Даказана, што этанол можна выявіць у клетках галаўнога мозгу ўжо на 2-й хвіліне пасля пачатку ўжывання. А калі, напрыклад, піць віно, затрымліваючы ў роце і смакуючы, пераганяць напой з адной шчакі ў іншую, алкаголь патрапіць у мозг яшчэ хутчэй.
У «нетэрапеўтычных» дозах уздзеянне алкаголю адрозніваецца двухфазнасцю.
Падчас першай фазы выключаюцца так званыя тармазныя нейроны нервовай сістэмы. У жыцці гэта праяўляецца тым, што сарамлівы чалавек пасля прынятай дозы спіртнога раптам робіцца душой кампаніі, у маўчуна з’яўляецца дар красамоўства і г.д. Гэта і ёсць растарможвальны эфект алкаголю. Калі пасля гэтага не працягваць піць, арганізм паступова «абясшкодзіць», перапрацуе і выведзе этанол. І па меры працверажэння сарамлівы маўчун зноў замкнецца ў сабе.
Калі ж застолле працягваецца і канцэнтрацыя алкаголю нарастае, надыходзіць наступная фаза – дэпрэсантная. Гэта выяўляецца прыгнётам функцый цэнтральнай нервовай сістэмы. Чым вышэйшая канцэнтрацыя алкаголю, тым больш выяўленае яго прыгнятальнае дзеянне: дыханне робіцца радзейшым. Слабее дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы. Пры крытычных дозах алкаголю гэта можа прывесці ажно да спынення дыхання і работы сэрца.
А вось разлічыць хаця б прыблізны аб'ём алкаголю, які абумоўлівае пераход яго дзеяння з адной фазы ў іншую, немагчыма па адной простай прычыне. Усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў кожнага канкрэтнага чалавека: яго ўзросту, полу, вагі, росту, індывідуальнай успрымальнасці да этанолу, стану здароўя, гарманальнага балансу ў арганізме і шмат чаго іншага.
Алкаголь і праблемы сну
Яшчэ больш неадназначнае дзеянне ў алкаголю як снатворнага.
З аднаго боку, этанол выклікае дрымотнасць, паколькі ўплывае на сінтэз гармонаў і рэчываў, якія падтрымліваюць бадзёры стан. Заспакаяльны і расслабляльны эфекты таксама спрыяюць засынанню. У фазе прыгнёту чалавек хутчэй «выключаецца», чым засынае.
Але нават без ужывання вялікіх дозаў алкаголю і пераходу ў дэпрэсантную фазу яго дзеяння сон чалавека пад уплывам спіртнога больш павярхоўны, больш чулы да знешніх раздражняльнікаў.
Для людзей, якія пакутуюць ад апноэ, ужыванне алкаголю – наогул вельмі небяспечная задума. Улічваючы, што ў пэўнай, асабліва індывідуальнай для кожнага чалавека канцэнтрацыі этанол аказвае прыгнятальнае дзеянне на дыхальны цэнтр мозгу і падаўляе рэфлекс абуджэння пры прыпынку дыхання, сон можа стацца вечным. Чалавек папросту рызыкуе задыхнуцца.
Менавіта таму, чым больш выпіта алкаголю напярэдадні, тым мацнейшае пахмелле і тым больш працы трэба будзе ферментам-антыдотам на наступны дзень. Ці варта здзіўляцца, што раніца пасля застолля вельмі рэдка бывае добрай.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by