29.04.2021
29.04.2021

Чаму піць алкаголь адначасова з лекамі нельга? Тлумачым простымі словамі

logo
Здароўе дарослых
0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ужыванне любых дозаў спіртнога на фоне прыёму лекаў не толькі павялічвае рызыку ўзнікнення пабочных эфектаў. Гэта можа таксама ўплываць на клінічную карціну захворвання, пагаршаць стан чалавека і ўводзіць у зман урача (асабліва, калі пацыент не лічыць патрэбным расказаць пра тое, што пры выпадку дазволіў сабе чарку-другую). Таму піць алкаголь у перыяд актыўнага альбо падтрымліваючага лячэння нельга, і мы пра гэта пісалі ўжо.

Этылавы спірт уплывае на механізм злучэння і транспарціроўкі лекавага рэчыва, адпаведна, змяняе яго дзеянне: можа аслабляць, узмацняць альбо наогул аказваць супрацьлеглы эфект. На прыкладзе найбольш распаўсюджаных лекавых сродкаў тлумачым простымі словамі, як гэта працуе.

да зместу

Алкаголь і лекі. Чаму нельга піць алкаголь падчас лячэння

Алкаголь і лекі. Сумяшчаць нельга.

да зместу

Алкаголь і ціск

Артэрыяльная гіпертэнзія – адна з самых распаўсюджаных сардэчна-сасудзiстых паталогій. Ад яе пакутуе практычна палова дарослага насельніцтва Беларусі (каля 45%). Добрая навіна ў тым, што захворванне кантраляванае і пры належным стаўленні пацыента працягласць і якасць жыцця практычна не церпяць.

Праблема заключаецца ў тым, што неабходна пастаянна і правільна прымаць лекі. Зразумела, піць алкаголь пры гэтым нельга. І вось чаму.

Сіла скарачэнняў сардэчнай мышцы, з якой сэрца выштурхоўвае порцыю крыві, стварае сісталічны (верхні) ціск.

Дысталічны (ніжні) ціск абумоўлены работай сасудаў – іх эластычнасцю, здольнасцю пашырыцца пад ціскам крыві, якая выштурхоўваецца, і вярнуцца ў зыходны стан. Прынята лічыць, што нармальны ціск здаровага чалавека – 120/80.

Трапляючы ў арганізм, алкаголь змяняе ціск, незалежна ад таго, ёсць у чалавека з ім праблемы ці не. Што робіць алкаголь? Праз усяго некалькі хвілін пасля таго, як чалавек выпіў, алкаголь трапляе ў мозг і «выключае» тармазныя нейроны. Пры гэтым тонус сасудаў у сэрцы часцей за ўсё ўзмацняецца. Каб пераадолець супраціў, праштурхоўваючы кроў, сэрцу неабходна больш магутна скарачацца. Як следства, ціск расце.

Алкаголь і лекі. Як алкаголь уплывае на ціск.

У некаторых людзей тонус сасудаў, наадварот, расслабляецца, сэрцу ўжо не трэба скарачацца са звыклай частатой і сілай. Ціск зніжаецца.

У любым выпадку пры прыёме алкаголю ціск пачынае відазмяняцца нават у здаровага чалавека.

Прычынай артэрыяльнай гіпертэнзіі альбо гіпатэнзіі могуць быць празмерныя ці недастатковыя скарачэнні сардэчнай мышцы, слабасць сасудаў, абумоўленыя праблемамі, звязанымі не толькі непасрэдна з паталогіяй самога сэрца, але і іншымі органамі і сістэмамі: абменам рэчываў, ныркамі і г.д.

Каб трымаць ціск у норме, неабходна пастаянна прымаць лекі, прызначаныя ўрачом з улікам першапрычыны такога стану. Піць алкаголь, прымаючы таблеткі ад ціску, нельга, бо, змяняючы тонус сасудаў сэрца, ён можа шматкроць узмацняць іх дзеянне.

Алкаголь і лекі. Піць таблеткі забаронена.

Калі лекі накіраваныя на зніжэнне тонусу сасудаў, алкаголь можа справакаваць значна больш моцны і хуткі эфект і выклікаць рэзкае падзенне ціску, ажно да страты прытомнасці. Калі дзеянне лекавых сродкаў павінна стымуляваць тонус сасудаў, алкаголь яго ўзмоцніць. І праблема нізкага ціску трансфармуецца ў праблему высокага.

Абсалютна дакладна спрагназаваць, ці адбудзецца гэта насамрэч, пры якой дозе алкаголю і з якімі наступствамі, нельга. Але верагоднасць таго, што кактэйль з лекаў ад ціску і алкаголю можа апынуцца ў прамым сэнсе забойным, ёсць заўсёды. І пра гэта трэба памятаць.

да зместу

Алкаголь і транквілізатары

Лячэбны эфект псіхатропных лекавых сродкаў (больш вядомых як транквілізатары), дасягаецца за кошт іх уздзеяння на цэнтральную і перыферычную нервовую сістэму, г.зн. на мозг і тыя нервовыя канчаткі і спляценні, якія знаходзяцца па-за яго межамі.

Алкагольі лекі. Як транквілізатары ўплываюць на мозг.

У транквілізатараў некалькі эфектаў: ​​снатворны, седатыўны (заспакаяльны), анксіялітычны (які зніжае трывожнасць), міярэлаксуючы (расслабляльны) і супрацьсутаргавы. Такія прэпараты часта прызначаюць для лячэння цяжкіх формаў бяссонніцы, дэпрэсій, трывожных і панічных расстройстваў і г.д.

Калі ў перыяд лячэння псіхатропнымі лекавымі сродкамі чалавек ужывае алкаголь, іх дзеянне шматкроць узмацняецца, што можа прывесці ажно да незваротных наступстваў. Напрыклад, чалавек можа заснуць і не прачнуцца.

Альбо міярэлаксуючы эфект транквілізатараў, шматкроць узмоцнены алкаголем, «выключыць» дыхальную мышцу і чалавек загіне ад спынення дыхання (нават своечасовае падключэнне да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх не гарантуе выратаванне).

да зместу

Алкаголь і лекі для печані

Печань – мабыць, самы незвычайны орган у арганізме чалавека, у тым сэнсе, што яна валодае дзіўнымі здольнасцямі да рэгенерацыі – самааднаўлення. Умоўна кажучы, калі печань падзяліць на 8 частак, 7 выкінуць, а адну пакінуць, орган праз пэўны час адновіцца і будзе нармальна функцыянаваць.

Алкагольі лекі. Як церпіць печань.Шкоду печані ў стане нанесці па вялікім рахунку толькі... вірус гепатыту, лекі і алкаголь. А ўявіце, што ў чалавека гепатыт С, ён прымае антырэтравірусную тэрапію, але тут з'явілася важкая падстава... выпіць.

Вірус гепатыту С – самы распаўсюджаны і самы агрэсіўны. Без лячэння пацыента чакае незайздросны лёс – цыроз ці рак печані і гібель. Вакцыны ад гепатыту С няма. Затое ёсць эфектыўныя лекі, якія перамагаюць вірус нават у запушчаных выпадках.

Але, трэба сказаць, што антырэтравірусная тэрапія даволі агрэсіўная. Для яе мішэнь – клеткі печані, туды накіроўваюцца дзеючыя рэчывы лекавых прэпаратаў. Яны забіваюць вірус, але заадно пашкоджваюць і самі клеткі печані. Але гэта паўбяды, улічваючы здольнасць органа да самааднаўлення. Але калі дадаць алкаголь...

90% аб'ёму этылавага спірту, які трапляе ў арганізм звонку, бярэ на сябе менавіта печань. Менавіта тут сінтэзуюцца ферменты-антыдоты, якія адказваюць за распад і вывядзенне этылавага спірту: алкагольдэгідрагеназа і ацэтальдэгідрагеназа. Чалавек выпівае – печань прыходзіць у стан «баявой гатоўнасці», пачынаючы з усіх сіл працаваць.

Што адбываецца з хворым органам, які вымушаны працаваць на знос? Так і ёсць – ён вельмі хутка выходзіць са строю. Г.зн., у гэтым выпадку алкаголь не столькі ўплывае на дзеянне лекавых прэпаратаў ад гепатыту, колькі нагружае хворы орган, у разы ўзмацняючы тым самым пашкоджвальнае дзеянне ад небяспечнага віруса і таксічных прэпаратаў.

Алкаголь і лекі. Чаму церпіць печань.

Колькі працягне ў такім рэжыме печань, адназначна нельга сказаць. Але дакладна нядоўга.

Што тычыцца алкагольнай хваробы печані, дык спіртное тут і яд, і лекі. Калі пры дыягнаставанай хваробе чалавек працягвае піць, алкаголь дзейнічае як яд і разбурае орган. Калі чалавек перастае піць алкаголь і захоўвае цвярозасць пры любых абставінах – гэта і ёсць лекі.

да зместу

Алкаголь і зачацце

Сямейнай пары без відавочных праблемаў са здароўем любы рэпрадуктолаг будзе настойліва рэкамендаваць хаця б за месяц да зачацця дзіцяці не ўжываць алкаголь. Сямейнай пары з рэпрадуктыўнымі праблемамі пра алкаголь давядзецца забыцца на значна большы тэрмін. І ўсё нездарма.

Акрамя таго, што алкаголь будзе зводзіць да нуля дзеянне лекавых прэпаратаў, ён сам па сабе супрацьпаказаны, калі пытанне стаіць аб зачацці і нараджэнні здаровага дзіцяці.

Алкаголь і лекі. Уплыў на зачацце.

Алкаголь як дэпрэсант падаўляе актыўнасць сперматазоідаў і здольнасць яйцаклеткі да стварэння зіготы. Калі гаворка пра мужчыну, дык сперматазоіды ў прысутнасці алкаголю ў арганізме з вялікім намаганнем і меншай верагоднасцю дабяруцца да мэты – яйцаклеткі. Але нават калі дабяруцца, яшчэ трэба падумаць, радавацца гэтаму ці не.

Этанол з лёгкасцю пераадольвае ўсе ахоўныя бар'еры, дасягае генетычнага матэрыялу, які закладзены ў сперматазоідзе, і змяняе яго. Адсюль зачатыя ў стане алкагольнага ап'янення дзеці – гэта амаль 100-працэнтная рызыка прыроджаных паталогій, ажно да выродлівасці. Бо алкаголь як тэратагенны яд вельмі магутны.

З жанчынамі ўсё гэтак жа, толькі горш. Мала таго, што алкаголь без намаганняў пранікае ў яйцаклетку. У жанчын набор яйцаклетак адзін на ўсё жыццё, не аднаўляльны, разлічаны яшчэ пры яе ўласным зачацці. Калі будучая мама злоўжывала алкаголем, а потым узялася за розум, рэзерв яйцаклетак, які панёс страты за гэты час, не адновіцца.

Алкаголь і лекі. Што адбываецца з жаночым арганізмам.

Акрамя таго, чым большы пітны стаж, тым ніжэйшая здольнасць да апладнення (заўважым, гаворка не ідзе пра непрабуднае, запойнае п'янства – дастаткова піць патроху, але рэгулярна).

Таму жанчыне, якая марыць пра дзіця, наогул не варта піць алкаголь. Мужчыну таксама не варта, але калі ўжо няма сіл, дык хаця б на працягу месяца да зачацця трэба захоўваць абсалютную цвярозасць.

Умоўна лічыцца, што ўплыў алкаголю на сперму захоўваецца каля двух тыдняў. Але трэба ўлічваць, што абменныя працэсы ва ўсіх розныя. Камусьці трэба больш часу на аднаўленне спермы, камусьці – меней. Таму агульная рэкамендацыя – месяц, які папярэднічае зачаццю, і больш.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 19

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"