Святло дзяцінства і яркі настрой — пастаянныя складальнікі творчых работ Аляксандра Дзямідава. Зборныя вобразы жывуць у яго творах, быццам акцёры аднаго рэжысёра гуляюць розныя ролі на карцінах — маляўнічых ды кінематаграфічных.
У кожным творы майстра цэлы сюжэт з непаўторнай і вядомай «дзямідаўскай» атмасферай. Тут пануе спакой і цеплыня, пяшчота ўспамінаў, чаканне свята. Яшчэ ў кастрычніку ў мастацкай галерэі «Беларт» адкрылі выстаўку аўтара, у межах якой правялі творчую сустрэчу. Падчас размовы з наведвальнікамі мастак падзяліўся сакрэтамі ўласнага творчага стылю.
У кожнай карціне творцы своеасаблівая раўнавага, якую мастак пастаянна спрабуе захаваць на сваіх палотнах.
— Калі кажуць, што мае творы шмат у чым падобныя, я не згодны, — падкрэсліў на сустрэчы Аляксандр Дзямідаў. — Як агульнае, зборнае, мой пасыл такі — чалавеку павінна быць добра з работай, гэта для мяне прынцыпова, павінна быць узаемадзеянне паміж творам і гледачом. Гэта пасыл добрага, цёплага, неагрэсіўнага, які магчыма схіляе да таго, што карціны ўсё трошкі падобныя. Але ўвогуле гэта зборны вобраз дабра: добрыя людзі, кветкі, жывёлы.
Мастак прапануе гледачу праз вобразы чароўных светаў і напаўзабытых казак, расказаных ім у сваіх творах, абудзіць у сваёй душы чыстае і наіўнае дзіця, якое жыве ў кожным дарослым.
Творчасць мастака Аляксандра Дзямідава была прынята беларускай публікай адразу пасля першай выстаўкі яго работ, якая адбылася ў 1994 годзе ў мінскай галерэі «Каўчэг». Ужо тады стала зразумела, што А.Дзямідаў — мастак, горача захоплены жывапісам, які стварае свой аўтарскі стыль і ўласную прастору вобразаў.
Прафесійна займаючыся мастацтвам больш за 30 гадоў, Аляксандр Дзямідаў не страціў свежасці погляду і непасрэднасці ў трактоўцы сюжэтаў. Ён не проста адхілены назіральнік, здольны перадаць нам агульнае паняцце аб прыгажосці з дапамогай колеру, фактур і кампазіцыі. Мастак гарманізуе свет у сваіх палотнах і распаўсюджвае стан гармоніі на гледачоў.
Яго палотны медытатыўныя, поўныя асаблівага святла. І кожны знойдзе ў іх нешта для сябе. Хтосьці — гісторыі і персанажаў з паўсядзённага жыцця, хтосьці — знакі і сімвалы, якія патрабуюць разважанні і расшыфроўкі, хтосьці — цудоўнае спалучэнне фарбаў і каляровых адносін. Кожны глядач можа прайсціся разам з мастаком па лабірынтах фантазіі, захоплены сваімі эмоцыямі, перажываючы свае ўражанні, разважаючы над уласнымі сэнсамі.
— Я працую кожны дзень, — расказвае мастак. — Бываюць дні, калі робіш падрыхтоўчую працу, напрыклад, нацягваеш палотны. Гэта доўгі час. Але як кажа Уладзімір Савіч, нават калі ты пачысціў палітру, то ты ўжо дакрануўся да мастацтва. Праца — і ёсць натхненне. Працаваць трэба пастаянна, таму што навык сыходзіць. Гэта здаецца, што заўтра, праз месяц зробіш, але ўнутраны палёт губляецца. Мастацтва як спорт, трэба пастаянна трэніравацца, інакш усё дарэмна, пасля не цягліцавая памяць, ні ідэя не дапамогуць.
Прыгожа ў адносінах да карцін Аляксандра Дзямідава – гэты не ходкі выраз, не проста ярлык, няхай і надзелены станоўчым сэнсам, які глядач хутка прымацоўвае да творчасці мастака. Прыгожа – гэта аб тым пункце апоры, які ёсць у кожнай чалавечай істоце, незалежна ад яго роду заняткаў і сацыяльнага становішча, тым унутраным «я», якое ачышчана ад рацыянальных канструкцый нашага ўсёведнага розуму, ад першабытных сацыяльных інстынктаў.
Перад самымі чароўнымі — навагоднімі святамі людзі пачынаюць верыць у цуды, адчуваць сябе ў святочнай казцы і чакаць, што ўсё мары спраўдзяцца. Мастак Аляксандр Дзямідаў казачны свет захоўвае ўнутры сябе напрацягу жыцця, праз яго стварае творы. Таму, нават аднойчы ўбачыўшы яго работы, вы адчуеце чараўніцтва ўнутры сябе.
Прыродны колазварот. Выстаўку Леаніда Гоманава прэзентавалі ў галерэі «Мастацтва»