Site icon Слушна

Час лечыць? Сакральнасць у народнай медыцыне

У шматлікіх рэцэптах айчыннай народнай медыцыны часцяком указваецца не толькі пэўнае каляндарнае свята, але і пэўны час сутак, калі трэба праводзіць лекавыя працэдуры. З кожным прамежкам часу ў нашых продкаў было звязана шмат прыкмет і павер’яў.

Узыход сонца

Большасць народных медыцынскіх дзеянняў прымеркавана да ўзыходу сонца. Перад узыходам сонца прамаўлялі замовы з просьбай забраць хваробу. Гаючай лічылася вада, якую на ўзыходзе сонца бралі з крыніцы ці са студні. Гэтай вадой мыліся, давалі піць хворым, свойскай  жывёле, апырсквалі ўсе пабудовы, вуллі, выкарыстоўвалі для варажбы. Асаблівай пашанай карысталася вада, набраная з 3, 7 ці нават з 9 рэчак, крыніц, студняў.

Вельмі дзейснай ад хвароб лічылі ваду са святой крыніцы пад назвай Кіпячык каля ракі Свіслач паблізу вёскі Арэшкавічы Пухавіцкага раёна. Да крыніцы нават з далёкіх мясцін ішлі людзі. Паломнікі прыходзілі загадзя, начавалі на беразе ракі, каб, як толькі пачне ўзыходзіць сонца, памыцца і набраць крынічнай вады з сабой.

Паводле беларускіх павер’яў, менавіта ў такі час вада дапамагала ад розных хвароб, асабліва лячыла вочы.

У вёсцы Крупа Бярэзінскага раёна да ўзыходу сонца дзеці, каб пазбыцца хвароб, павінны былі двойчы паспець памыцца. З лекавымі мэтамі хадзілі да ўзыходу сонца і да крыніцы каля вёскі Целякова Уздзенскага раёна.

Крамянец

У вёсцы Крамянец Лагойскага раёна лячыцца вырушалі да Даждзьбогавага каменя. Прыйсці да валуна трэба было абавязкова да ўзыходу сонца. Калі выходзілі з дому, то абавязкова мылі ногі. Прыйшоўшы на месца, ваду з крынічкі-калодзежа ў драўляным зрубе бралі далонямі і налівалі ў лункі каменя. Такая вада з лунак ужывалася як лекі ад многіх хвароб.

Часам пра ўзыход сонца указвалася, што лячэнне адбываецца толькі ў пэўны дзень. У многіх мясцінах такім днём быў Чысты чацвер — чацвер перад Вялікаднем, з якім звязана мноства прыкмет, абрадаў і замоў, у асноўным датычных здароўя, фінансавага дабрабыту і любові.

У такі дзень на лячэнне да крыніц ішлі ў Чарневічах і Задвор’і Глыбоцкага раёна. У Шацку Пухавіцкага раёна ў такі час крыніца таксама лячыла вочы.

У некаторых вёсках існаваў звычай у Чысты Чацвер перад узыходам сонца парыцца ў лазні, каб пазбыцца ўсіх хвароб. Вывіхі, расцяжэнні суглобаў лячылі тым, што на хворае месца завязвалі нітку, спрадзеную на Радаўніцу да ўзыходу сонца. У гэтую нітку ўвязвалі 9 іржаных каласкоў. Рабіў гэта знахар ці знахарка.

Увогуле, узыход сонца звязваецца з ідэяй пачатку, маладосці, жыцця. У некаторых вёсках лічылі, што парадзіха з дзіцем абавязкова павінна класціся галовамі на ўсход.

Небяспечны поўдзень

Да сакральных прыродных аб’ектаў з лекавымі мэтамі прыходзілі і апоўдні. Прыкладам, да крыніцы каля вёскі Пераброддзе Мёрскага раёна. А каб усе любілі дзіцёнка, каб ён быў здаровы і шчаслівы, ваду, якую бралі з крыніц, і дзе яго купалі, вылівалі потым, менавіта апоўдні, на дарогу. Увогуле поўдзень — час асаблівай актывізацыі сонца, пасля якога яно пачынае свой шлях да небакраю.

Таму шмат дзе ў Беларусі толькі пасля поўдня хавалі нябожчыкаў, якія разам з сонцам пачыналі свой шлях у іншасвет.

На Палессі вядомы такі небяспечны міфалагічны персанаж, як Паўдзённіца, якая апоўдні нападае на жнеяў у полі. Часам гэта бывае Паўдзённік, ён таксама апоўдні ў выглядзе страшэннага чорнага чалавека пужае людзей на могілках, калі яны адведваюць сваіх нябожчыкаў. Гэты нячысцік можа паказацца і ў выглядзе памерлага родзіча.

Таму поўдзень у вераваннях беларусаў лічыўся небяспечным часам, трэба было перачакаць яго, спыніць усялякую дзейнасць. Адны лічылі, што ў гэты перыяд лепш за ўсё легчы спаць, другія наадварот не спалі самі і забаранялі спаць дзецям, таму што можна захварэць на малярыю або будзе моцна балець галава.

Захад сонца

Як лекавы час вылучаўся і захад сонца — калі сонца набліжаецца да небакраю, але яшчэ бачна на небе. З такім часам таксама звязваліся розныя забароны: нельга класці дзіця спаць, пачынаць важныя справы, выносіць смецце, пазычаць агонь, зерне, рэшата, не рэзаць новы бохан хлеба. Тым не менш, на захадзе сонца хадзілі да некаторых крыніц. Так, вада з крыніцы каля вёскі Талуць Вілейскага раёна ў такі час дапамагала ад хвароб вачэй.

Вядомы і пэўныя лекавыя моманты пасля захаду сонца. Калі да ўжо згаданага каменя каля вёскі Крамянец Лагойскага раёна прыходзілі пасля захаду сонца, то для лячэння выкарыстоўвалі толькі тую ваду, якая збіралася ў лужыне пад каменем, і якой потым абмываліся. У некаторых вёсках Гродзеншчыны ў пятніцу на захадзе сонца збіралі травы, якія дапамагалі ад коклюшу.

Верылі, што пасля захаду сонца працягвае свой шлях пад зямлёю, асвятляючы падземны свет, свеціць памерлым. Прычым, душы нябожчыкаў на узыходзе сонца прыспешваюць яго, а на захадзе — спыняюць. Таму ўсялякія дзеянні, звязаныя з лячэннем, варажбой і некаторыя ачышчальныя абрады варта было здзяйсняць пасля заходу сонца і да світанку.

«Глухі» час

А такі адрэзак часу, як поўнач, паводле старажытных вераванняў нашых продкаў, з’яўляецца сімвалічнай мяжой паміж старымі і новымі суткамі. Гэта такі час, калі стары перыяд ужо скончыўся, а новы яшчэ не пачаўся. У такі прамежак, верылі дзяды, перастаюць дзьмуць вятры, спыняецца плынь рэкаў, вада ў гэты час нібыта спіць, сабакі не брэшуць, пеўні не спяваюць, дзеці і жывёлы не нараджаюцца. Апоўначы нельга плакаць, есці, выходзіць з дому, асабліва цяжарным жанчынам.

Але ў гэты небяспечны перыяд, які таксама звязаны са сферай смерці і іншасвету, можна паспрабаваць пазбыцца некаторых хвароб, адаслаць іх, так бы мовіць, на той свет. З падобнымі мэтамі ў Беларусі здаўна ў пэўных месцах апоўначы ставілі крыжы. Так рабілі на ўзгорках пад назвамі Прошча каля вёсак Хутар Светлагорскага і Перавоз Капыльскага раёнаў. На Палессі апоўначы ў апошні дзень перад надыходам маладзіка зразалі каўтун. Прычым рабілі гэта распаленым нажом. А каб вылечыць скураное захворванне «рожу» апоўначы на Купалле лавілі светляка, расціралі яго ў далонях і змазвалі ім хворае месца, пры гэтым чыталі малітву «Здароўе Марыі».

Маладзік

Асаблівая ўвага ў народнай медыцыне спрадвеку надавалася маладзіку. У народных уяўленнях месяц — гэта сімвал біялагічнага, жыццёвага цыкла ад нараджэння да смерці. На Палессі лічылі, што Бог загадаў месяцу перараджацца кожныя 4 тыдні, таму што месяц дрэнна выконваў сваю службу – свяціць ноччу, пакуль сонца адпачывае. Таксама лічылі, што святы Юрый падымае і апускае нябесную заслонку, ад чаго і адбываюца перамены месяца.

Маладзік выклікаў у народзе глыбокую пашану. Як толькі на небе з’яўляўся серп месяца, людзі выходзілі з хат і віталі яго: «Маладый маладзічок, вялікі князь, дай нам здароўя, спосаб і раду да жыцця, сабе на прыбытак, а нам на спасенне». Малітоўныя звароты да маладога месяца шырока вядомыя ў фальклоры многіх народаў.

Расліны, сабраныя на маладзік, валодалі асаблівай лекавай сілай. На маладзік замаўлялі зубны боль, бародаўкі, лішай. У такі час імкнуліся патрапіць на прошчы — святыні, якія ўключаюць комплекс прыродных (крыніца, камень, узгорак, дрэва) і штучных (крыжы, капліца, могільнік) аб’ектаў. Калі з’явілася назва Прошча, дакладна невядома, але ў архіўных дакументах яна трапляецца з 17 стагоддзя. Мяркуюць, што назва паходзіць ад слоў «прасіць прашчэння».

Зёлкі лекавыя ды чарадзейныя. Расліны ў побыце беларусаў

У 19 стагоддзі даследчыкі адзначалі, што на такія мясціны звычайна ідуць па зароку, нясуць ахвяраванні і моляцца аб здароўі. Як сведчаць этнаграфічныя апісанні, на Прошчы ішлі на сам маладзік, а пазней — у першую маладзіковую нядзелю.

Такіх паклонных месцаў існавала шмат на рубяжы 19 і 20 стагоддзяў. Вось толькі некаторыя з іх: Еўлічы Слуцкага, Крывічы Салігорскага, Заазер’е Акцябрскага, Хутар Светлагорскага раёна ды інш. У савецкія часы на прошчы хадзілі ўжо патаемна і ў розныя святы — на Вялікдзень, Троіцу, Юр’я, Успенне. У некаторых вёсках на такія святыя месцы і ў нашы дні ідуць як у храм. Там моляцца Богу, ставяць свечкі, спяваюць духоўныя песні. Да канца 1930-х гадоў дзейнічала Прошча каля вёскі Пярэжыр Пухавіцкага раёна. Тут была царква і каля яе камень Мар’я, а непадалёк камень Дзям’ян. Сюды ішлі ў асноўным на маладзік. Перад каменем Мар’я раскладалі падарункі. Потым тройчы на каленях абыходзілі вакол цэркаўкі, падыходзілі да каменя Мар’я, цалавалі яго, прасілі пазбавіць ад хвароб і даць добры ўраджай.

У наш час цікавасць уяўляе Будчанская Прошча ва ўрочышчы Ізбійскі Бор, поруч з аўтамабільнай дарогай паміж вёскамі Будча і Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Прошча стала папулярным турыстычна-паломніцкім месцам.

Камень, костка, крыж ды іншыя старадаўнія абярэгі ў беларусаў

Exit mobile version