Шчырая душа беларуса праяўляецца ў многіх учынках. І ў тым ліку – у падтрымцы, дапамозе, суперажыванні, звычаі талакі і… гасціннасці ды частаваннях.
А сёння якраз ёсць нагода праявіць апошняе. Бо 19 жніўня да нас традыцыйна прыходзіць самы вядомы з трох Спасаў – Яблычны.
Сёлета на нашым дачным участку з невялікай колькасцю пладоў толькі адна яблыня. І яблыкі на ёй – зімовыя. Зарана яшчэ іх здымаць, частавацца ды частаваць. А былі ж гады, што не было куды іх падзець! І аднойчы мая мілая мамачка вырашыла нават наладзіць частаванне яблыкамі ў нашым пад’ездзе. Акурат на Яблычны Спас…
А яшчэ мама вельмі любіла сушаныя яблыкі і кампот з іх. У нас заўсёды быў запас такіх яблыкаў у шкляных слоіках… Яны стаялі побач з сушанымі баравікамі… І зараз ёсць, яшчэ мамачкай высушаныя...
А тым часам праваслаўныя адзначаюць сёння Ператварэнне Гасподняе ды асвечваюць у царкве не толькі яблыкі, але і іншую садавіну, а таксама гародніну. На Яблычны Спас яблыкі пакідаюць на магілах блізкіх.
У адрозненне ад груш, якіх не з’ясі многа (ды і нельга іх многа есці, бо шкодна для здароўя), яблыкаў можна спажыць і пабольш. Галоўнае, каб не было супрацьпаказанняў да іх ужывання. Напрыклад, у аднаго майго знаёмага алергія на чырвоныя яблыкі. А зялёныя спажываць можа… Магчыма, тут спрацоўвае псіхалагічны фактар, а магчыма, штосьці ў гэтым і ёсць…
Рэцепт шарлоткі
А яшчэ ж яблыкі можна дадаваць у розныя стравы, запякаць, гатаваць пюрэ і шмат чаго іншага. Памятаю, як у багаты на яблыкі сезон я гатавала пюрэ яблычнае шакаладнае – з даданнем какавы… І колер, і смак – выдатныя.
Дзялюся рэцэптам! І адразу шчыра прызнаюся: прапорцыі не вытрымлівала, гатавала «па адчуваннях», але атрымалася ўсё роўна смачна! 🙂
Інгрэдыенты
- Яблыкі – 1 кг
- Какава – 2 ст.л.
- Цукар – 250 г (але можа быць + альбо –, у залежнасці ад салодкасці яблыкаў)
- Масла сметанковае – 70 г
- Вада – невялікая колькасць (у залежнасці ад сакавітасці яблыкаў)
Прыгатаванне
Добра вымытыя яблыкі пазбаўляем ад скуркі і насення.
Рэжам долькамі альбо больш дробнымі кавалачкамі (хутчэй прыгатуюцца).
Складваем у каструлю, пажадана з тоўстым дном, засыпаем цукрам, дадаем крыху вады.
Пад зачыненай накрыўкай на невялікім агні трымаем 20-30 хвілін, перыядычна памешваючы (да мяккасці).
Любым зручным спосабам робім пюрэ.
Вяртаем на агонь, дадаем какаву і сметанковае масла.
Памешваючы, трымаем да першых бурбалак. Можна крыху праварыць.
Затым альбо закручваем на зіму, альбо спажываем пасля астывання. Можна зрабіць начынне для пірага!
Смачна есці!
Ну, і шарлотка ў гэты дзень – класіка, вядома ж! Думаю, у кожнай гаспадыні знойдзецца свой улюбёны рэцэпт. Майму ўжо, напрыклад, гадоў 30! 🙂 І пастаянна штосьці дадаю. Толькі некалькі гадоў таму пачала выкарыстоўваць замест соды разрыхляльнік для цеста. Выдатны вынік! Шарлотка не ападае пасля таго, як дастанеш з духоўкі!
Не ведаю, як у вас, а ў мяне звычайна назіраецца такое стаўленне да яблыкаў. Калі іх шмат, есці не хочацца. Затое калі год неўраджайны… Раз-пораз набываю ў крамах… Хаця не скажу, што гэта мой самы любімы від садавіны. І ўсё ж сёння – Яблычны Спас. Таму ў цэнтры ўвагі – яны, яблыкі.
Крыніца вітамінаў А, групы В, С, К, калію, медзі, марганцу. Садавіна з нізкім глікемічным індэксам, якая падыходзіць для ўжывання і хворым на цукровы дыябет 2-га тыпу. Раяць есці людзям з дэпрэсіяй (!).
А яшчэ ёсць парады для ахвотных пахудзець. Калі з’ядаць яблык альбо некалькі яго кавалачкаў перад асноўным прыёмам ежы, дык апошняй будзе спажывацца меней. І, магчыма, гэта адмінусуе да 200 калорый. 200 у адзін дзень, 200 – у другі… Так і назбіраецца… мінус…
А ў плюсе – паляпшэнне мазгавой дзейнасці, стрававання, умацаванне касцей…
Таму сёння, як ёсць магчымасць, частуемся яблыкамі і частуем іншых! Яблычны Спас – усяму час!