28.07.2019
28.07.2019

Чырвоны, жоўты, зялёны? Ай, у кучу ўсё!

logo
Думкі ўслых
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І хто пра што найперш падумаў?! Не, не пра святлафор захацелася напісаць. Уявіце сабе, пра экалогію... Пра тую самую, на якую мы так любім спасылацца.

Шматлікія захворванні, дрэннае самаадчуванне, хранічная стомленасць? Дык гэта экалогія вінаватая. І вынікі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Наконт апошняга спрачацца не буду. І сама ўпэўнена, і так кажу часцяком. Не паўплываеш ужо, на жаль, не павернеш махавік часу... А што датычыць экалогіі... Нядаўна прачытала разважанні школьніцы на гэты конт. І пагадзілася з вядомым: усё пачынаецца з маленькіх крокаў. Кожнага.

А вось і можам мы паўплываць на экалогію, папрацаваць на яе паляпшэнне! Іншая справа, што ніхто не любіць прызнавацца, што робіць часам не тое. Напрыклад, у плане раздзельнага збору смецця. У чым сэнс, спытаецеся?! Ды каб меней тых другасных рэсурсаў, асабліва пластыку, трапляла на зямлю і ў яе, валялася пад дрэвамі ў лесе і проста пад нагамі.

якая шкода?! Ды толькі дзін маленькі прыклад. ПЭТ. Поліэтылентэрэфталат. Уф, быццам правільна напісала. А вось вымавіць гэта з першага разу і не атрымліваецца. Тым не менш! Менавіта з яго робяць упакоўкі для вады, газаваных напояў, піва, квасу, малочнай прадукцыі ды іншага. І вельмі настойліва не раяць выкарыстоўваць гэтую тару другі раз – пад што-небудзь.

Бо ПЭТ можа выдзяляць фталевую кіслату і этыленгліколь, што пагражае арганізму чалавека. Прычым не дзесьці там адцягнена і ўяўна, а даволі-такі рэальна, сцвярджаюць даследчыкі. Таму ПЭТ разам з іншым – на перапрацоўку! Але ніяк не ў кантэйнеры з бытавым смеццем, якія вывозяцца на палігоны з бытавымі ж адыходамі.

У нашым Чэрвені для збору пластыкавых бутэлек стаяць кантэйнеры-«сеткі» жоўтага колеру і тыповыя серабрыстыя – з адпаведнымі наклейкамі. І са зборам пластыку больш-менш справа нядрэнная. Іншая справа – з вывазам. Часцяком кантэйнеры стаяць перапоўненыя. І ладуеш-ладуеш сваю бутэльку на тую піраміду... А хтосьці і замарочвацца не будзе. У лепшым выпадку – кіне побач. І скажыце, што ён няправы?!

Што ж датычыцца кантэйнераў іншага колеру... Дык у тых, што для збору асобных відаў смецця – пластыку, шкла, ды іншага – што заўгодна, толькі не тое, што туды, адпаведна надпісам і наклейкам, павінна трапляць. Часцяком – проста бытавое смецце. І я ніяк не зразумею, чым кіруюцца людзі, якія робяць гэтак. І ў канчатковым выніку шкодзяць свайму здароўю і здароўю ўсіх навакольных. Нічога новага не напішу, але ж сапраўды: проста не задумваюцца. Такі бытавы пафігізм, які з кожным годам усё больш і больш завалодвае розумам, душой і сэрцам... І вельмі сумна ад гэтага ўсведамлення...

Памятаю, як некалькі гадоў таму, калі як журналіст асвятляла падзеі і жыццё Старадарожскага раёна, уразілася працай тамтэйшай ЖКГ, якую ўзначальваў Дзмітрый Кушын.

Пісала пра іх тады не раз і не два. Цікавыя ініцыятывы, дзесьці нават перабудова людской свядомасці... І збор на палігоне бытавых адыходаў пластыку, паперы з кардонам ды шкла. Яшчэ за гэта і грошы плацілі. А ахвотныя знаходзіліся – з навакольных вёсак.

Пабудова за ўласныя сродкі лініі сартавання адыходаў у Старых Дарогах уразіла тады ўсю вобласць. Суседзі прыязджалі, каб пераняць вопыт. Таксама была ў тым ангары, і не раз. Добрая ініцыятыва Дзмітрыя Віктаравіча. А якое афармленне ўезду на палігон! Кветнікі! А чысціня!

Спадзяюся, што яго справу працягваюць. Бо сам Дзмітрый Кушын, як выпадкова даведалася з усюдыіснага сеціва, з восені мінулага года ўзначальвае аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Глускага райвыканкама. Думаю, і там яго ініцыятывы знаходзяць практычнае прымяненне...

А самі Старыя Дарогі – гэта такі астравок кветкавай прыгажосці і зялёнай разнастайнасці! Вось дзе насамрэч лёгка дыхаецца...  І ў многім – дзякуючы працы работнікаў камунгаса. А яшчэ – супрацоўнікам разнастайных арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, якія (праўда, не ведаю, як зараз) кожны чацвер выходзілі на замацаваныя тэрыторыі, каб навесці там парадак. І, натуральна, ініцыятыва гэтая назвалася «чыстымі чацвяргамі». А я дадаю: па-старадарожску.

Так што для прыемнага адпачынку Старадарожчына – мясцовасць проста цудоўная! Раю! Заўсёды з задавальненнем прыязджала туды ў камандзіроўкі. І людзі там гасцінныя і душэўныя... А ўсё чаму?! Бо сярод іншага сапраўды дбаюць пра экалогію. Калі не кожны, дык многія...

А што ж мы самі?! Будзем мяняць свядомасць?! Ці ўсё ж гэта нерэальна цяжка?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".