На YouTube-канале беларускага ўрача Андрэя Ягорава ўжо больш за 81 тысячу падпісчыкаў. Гэта адзін з самых вядомых беларускіх медыцынскіх блогераў і бодзібілдараў.
Малады ўрач вельмі даступна тлумачыць, як уладкаваны наш арганізм і што з ім адбываецца падчас хваробы. Ён не абмяжоўваецца шаблонамі, а аналізуе і асэнсоўвае свой штодзённы ўрачэбны досвед (абслугоўвае 2200 пацыентаў на ўчастку), таму яго меркаванні часам нетрывіяльныя. Прапануем агляд яго апошніх ролікаў па папулярных запытах.
Чаму трымаецца тэмпература?
Многіх людзей хвалюе пытанне, чаму часам без бачных прычын пастаянна трымаецца невысокая тэмпература 37,2-37,4. Вось базавыя рэчы, якія трэба разумець і ведаць людзям, на думку Андрэя Ягорава:
– Тэмпература нашага цела на працягу сутак змяняецца. Мінімальная назіраецца ўранку (рана) і паступова расце на працягу дня, дасягаючы піка да 18.00-21.00. Гэтую асаблівасць трэба ведаць, каб не хвалявацца лішні раз. Калі вы цэлы дзень працавалі, актыўнічалі, хадзілі на трэніроўку, да вечара стаміліся, вырашылі на ўсялякі выпадак памераць тэмпературу і выявілі яе павышэнне да 37,2-37.4, не трэба турбавацца раней часу.
Гэта сведчыць пра тое, што вы ператаміліся, вам проста трэба крыху раней легчы спаць, добра праветрыўшы пакой. А вось калі ў вас 37,5 раніцай, гэта хутчэй за ўсё кажа пра тое, што вы захварэлі і трэба лячыцца.
Мала хто ведае, што ў нашым арганізме ёсць цэнтр тэрмарэгуляцыі. Гэта гіпаталамус, які размешчаны ў мозгу. І гэты цэнтр можа даваць збой. Чалавек перахварэў на цяжкую інфекцыю, напрыклад, на пнеўманію. Доўгі час ён прымаў антыбіётыкі і гарачкапаніжальныя, бо ў яго трымалася высокая тэмпература. Потым ён паправіўся, аналізы і рэнтген-здымак добрыя, але трымаецца невысокая тэмпература.
Чалавек перажывае, што яго недалячылі, і пачынае самастойна прымаць антыбіётыкі альбо хадзіць па ўрачах. А гэта проста адбыўся збой у цэнтры тэрмарэгуляцыі, бо наш арганізм і мозг дзейнічаюць па інерцыі: доўгі час была высокая тэмпература, і арганізм яе «запомніў». Таму не трэба самалячэння і панікі, проста неабходна больш адпачываць, не займацца цяжкай фізічнай нагрузкай і спортам, каб арганізм цалкам аднавіўся.
Таксама невысокая тэмпература можа трымацца з-за стрэсаў, а чалавек можа гэтага не ўсведамляць. У такім выпадку рэкамендую здаць агульны аналіз мачы і крыві, зрабіць рэнтген, праверыць гармоны шчытападобнай залозы і саму залозу. І даць сабе паўнавартасны адпачынак. Як правіла, пасля яго тэмпература нармалізуецца.
Галоўны біч нашага часу ў тым, што людзі пачалі баяцца тэмпературы і занадта рана пачынаюць прымаць гарачкапаніжальныя сродкі, падрываючы свой імунітэт, лічыць доктар.
– Павышаная тэмпература – спосаб барацьбы арганізма з інфекцыяй. Ён яе павышае, каб актывізаваць імунітэт і перамагчы яе самастойна, а мы не даем яму гэта зрабіць. Я заўсёды раю пацыентам: дайце сабе хаця б трое сутак без гарачкапаніжальных, калі тэмпература не пераўзыходзіць 39.
Так, будзе балець галава, косткі, мышцы, знікне апетыт. Але гэта час, калі арганізм лечыць сам сябе. Калі вы прымаеце гарачкапаніжальнае з першага дня, хвароба зацягваецца, і вы папраўляецеся не так хутка.
Ці можа поўны стаць качком?
Чаму адзін чалавек есць вялікую колькасць вугляводаў і тлушчаў і пры гэтым усё жыццё застаецца «сухім», а другі з дзяцінства не можа схуднець, нават узмоцнена займаючыся спортам? На думку доктара, база пабудовы цела закладваецца ў дзяцінстве.
– Я заўсёды звяртаю ўвагу на склад цела, аналізуючы лад жыцця пацыента. Паколькі ў мяне на прыёме і дарослыя, і дзеці, магу прасачыць дынаміку росту і палавога сталення і зрабіць высновы. Ёсць вельмі рухомыя дзеці, якія ад прыроды любяць бегаць і скакаць. Іх цела пачынае фарміравацца, зыходзячы з гэтага ладу жыцця, і ў момант палавога сталення, калі актывізуецца гарманальны фон, іх метабалізм быццам бы кансервуецца.
Колькасць гармонаў шчытападобнай залозы, палавых гармонаў і інсуліну фіксуецца на пэўных лічбах на працягу ўсяго жыцця, калі, вядома, лад жыцця рэзка не зменіцца на маларухомы. Калі ж гэта адбудзецца, цікава, што такія худыя людзі не набіраюць тлушч у руках, плечавым поясе, нагах, у іх расце толькі жывот.
Тое ж адбываецца і з першапачаткова тоўстымі дзецьмі, у якіх ад прыроды жаданне рухацца невысокае, гэта не прыносіць ім задавальнення. Калі да перыяду палавога сталення такое дзіця ніяк не мяняе свой лад жыцця, не пачынае займацца спортам, у яго адбываецца кансерваванне пэўнага ўзроўню інсуліну і важных гармонаў. Працэнт тлушчу высокі, такім чынам, і працэнт інсуліну будзе высокім. Ён па жыцці будзе лёгка набіраць і дрэнна скідваць вагу.
Гэты фактар трэба ведаць, каб адэкватна ацэньваць перспектывы змяніць сваё цела, лічыць доктар.
– Калі такія поўныя людзі ў пэўны момант вырашаць схуднець і «падсушыцца», яны не змогуць зрабіць гэта лёгка, як худыя людзі, чый метабалізм фарміраваўся ў дзяцінстве ва ўмовах нізкага тлушчу. Дзякуючы трэніроўкам яны змогуць прыйсці да нармальнага працэнту тлушчу ў раёне 15%, але «дасушыцца» да кубікаў прэса, зрабіць тонкую скуру і выглядаць, як на часопісным здымку, будзе вельмі складана.
З фармакалогіяй, якая змяняе метабалізм, так, але не натуральным чынам. Таму трэба з розумам падыходзіць да змены свайго цела, ведаць уласную генетыку, памятаць, што было з вамі ў дзяцінстве, інакш можна паставіць нерэальныя мэты і істотна нашкодзіць арганізму.
Ці існуе вегетасасудзістая дыстанія?
Калі ў чалавека ўсё добра з аналізамі, няма паталогіі, але ён скардзіцца на розныя нядужанні, нашы ўрачы часта выстаўляюць яму дыягназ «вегетасасудзістая дыстанія», хаця яго няма ў міжнароднай класіфікацыі хвароб. У заходняй практыцы падобныя сімптомы называюць панічнымі атакамі або СВД – саматаформная вегетатыўная дысфункцыя. Але людзей больш хвалюе не назва, а чаму такое адбываецца і што рабіць. Вось што думае на гэты конт Андрэй Ягораў:
– У нас ёсць аўтаномная вегетатыўная нервовая сістэма (ВНС). Яна кіруе ўсімі нашымі ўнутранымі органамі, якія працуюць аўтаматычна, па-за залежнасці ад нашых жаданняў. Я магу кіраваць рукой, але не магу паўплываць на потавыдзяленне або пашырэнне сасудаў сілай думкі, бо апошнім кіруе якраз ВНС. Яна дзеліцца на сімпатычную і парасімпатычную.
Сімпатычная сістэма актывізуе наш арганізм, выдзяляе адрэналін, мы робімся хутчэйшымі, мацнейшымі. А парасімпатычная, наадварот, працуе, калі мы адпачываем, спрыяе страваванню, слінавыдзяленню, запавольванню сардэчнага рытму і г.д. Гэта залежыць ад сітуацыі. Калі вы бачыце сабаку, які хоча напасці, сімпатычная сістэма актывізуецца, падскоквае ўзровень адрэналіну, і вы пачынаеце ўцякаць.
Калі сімпатычная сістэма нечакана ўключаецца ў той час, калі вы знаходзіцеся ў спакоі і няма ніякай бачнай пагрозы, гэта і ёсць дысфункцыя. Напрыклад, чалавек ноччу падскоквае ад страху, і ў яго шалёна калоціцца сэрца. Можа ўзнікаць боль за грудзінай, галаўны боль, узнімацца артэрыяльны ціск, бо нашы сасуды скарачаюцца пад уздзеяннем ВНС.
Чаму гэта адбываецца, растлумачыць цяжка, часта разабрацца ў гэтым дапамагаюць псіхатэрапеўты. Але ёсць базавыя рэчы, якія могуць палегчыць такі стан, упэўнены ўрач-відэаблогер.
– Па-першае, трэба абследавацца. Калі органы, аналізы ў парадку, значыць, у вас можа быць СВД. Усведамленне таго, што вы здаровыя, усё нармальна з тым жа сэрцам, дае больш упэўненасці і спакою для кантролю над сітуацыяй. Калі пачынаецца прыступ, не трэба сядзець і апускацца ў хваравіты стан.
Што ж рабіць? Можна ўстаць і павольна выпіць шклянку вады, можна рабіць масаж заплюшчаных вачэй. Трэба зрабіць рух, які адцягвае арганізм ад панічнага стану, дапамагчы яму пераключыць сімпатычную сістэму на парасімпатычную. У такіх выпадках урачы прызначаюць пацыентам гліцын, наатропы, вітаміны групы В, усё гэта трэба выкарыстоўваць. Таксама дапаможа аўтагенная трэніроўка.
Вы павінны прызвычаіць арганізм знаходзіцца ў супакоеным стане, што дапаможа яму не даваць такіх непрадказальных збояў.
Асобнае пытанне – сілавыя трэніроўкі. Андрэй Ягораў упэўнены, што яны могуць быць фактарам рызыкі СВД.
– У мяне быў пацыент, які рэзка ў 17 гадоў пачаў актыўна трэніравацца ў спартзале кожны дзень па тры гадзіны – і праз некалькі гадоў такіх узмоцненых трэніровак у яго пачалі здарацца панічныя атакі. Паколькі па ўсіх паказчыках ён быў здаровым, дык адразу спытаўся ў мяне, ці маглі трэніроўкі справакаваць атакі. І я адказаў: безумоўна.
Чалавек вельмі напружваў свой арганізм і нервовую сістэму. А нервовая сістэма – гэта не эфемерная матэрыя, а канкрэтная сістэма, якая таксама высільваецца. У далейшым гэты хлопец навучыўся рэгуляваць такія станы, адкарэктаваў нагрузкі і практычна перамог атакі.
Інтэрв'ю з урачом можна пачытаць і паглядзець тут.
Фота – са старонак Андрэя Ягорава ў сацыяльных сетках і адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Падпісвайцеся на нашы групы ў Facebook, «УКантакце» – і будзьце ў курсе свежых навінаў!