Пандэмія пандэміяй, а кляшчы таксама не спяць і ўжо на ўсю моц кусаюць людзей. Ды і рызыка захварэць на іншыя хваробы нікуды не сышла. Прайдзіце тэст – і даведайцеся, як падрыхтавацца да сезону кляшчоў і будучых нападаў ВРВІ, кантраляваць свой ціск і цукар у крыві, а таксама пазбегнуць распаўсюджанага і небяспечнага раку кішэчніка. Інфекцыяністы, анкапрактолаг, эндакрынолаг і кардыёлаг далі слушныя парады.
1. Ці праўда, што прышчэпка супраць пнеўмакока абараняе ад пнеўманіі?
А. Не, яна абараняе толькі ад атыту.
Б. Так, пнеўмакок выклікае пнеўманію вельмі часта.
В. Ад пнеўманіі выратуе звычайная прышчэпка ад грыпу.
Адказ: Б.
Вакцына ад пнеўмакока абараняе ад атыту, пнеўманіі, у тым ліку цяжкай, гнойнага менінгіту, сэпсісу. Прышчэпка прыкладна ў два разы знізіць частату звычайных атытаў і пнеўманій, і ў 97% – цяжкіх пнеўманій. Прышчэпка ад грыпу таксама дапамагае пазбегнуць ускладненняў у выглядзе бактэрыяльнай пнеўманіі, але не заўсёды. Больш падрабязна пра вакцыну ад пнеўмакока, каму і калі яе варта рабіць – тут.
2. Ці праўда, што чым большыя ў чалавека лёгкія, тым меней ён хварэе на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ)?
А. Не, для віруса ўсё роўна, які аб'ём лёгкіх.
Б. Не, наадварот, чым больш лёгкія, тым больш вірусаў там асядзе.
В. Здаровыя вялікія лёгкія – залог добрага здароўя і трывалага арганізма, а значыць, сувязь ёсць.
Адказ: В.
Прамой залежнасці паміж устойлівасцю да вірусных інфекцый і вялікім аб'ёмам лёгкіх няма. Але ёсць ускосная: вялікія лёгкія маюць людзі з добрым станам ахоўных сіл арганізма, нармальным дрэнажом у лёгкіх – выпадковыя вірусы там не затрымліваюцца. Павялічыць свой жыццёвы аб'ём лёгкіх можа кожны. Як гэта зрабіць – тут.
3. Ці праўда, што калі пасля ўкусу кляшча праз пару гадзін прыняць душ, гэта знізіць рызыку перадачы хваробы Лайма ад насякомага да чалавека?
А. Не, вада ніяк не абароніць ад інфекцыі. Толькі антыбіётык.
Б. Вядома ж, бо зараза вымыецца са свежай ранкі і не паспее патрапіць у кроў.
В. Ад перадачы хваробы Лайма душ дапаможа, але не ад клешчавога энцэфаліту.
Адказ: А.
Звычайны душ не дазваляе пазбавіцца ад кляшчоў, якія ўжо прысмакталіся, і інфекцыі. Таму рэкамендуецца на працягу 72 гадзін пасля ўкусу прымаць антыбіётык. Пакуль гэта адзіная гарантыя не падхапіць хваробу Лайма. А вось ад клешчавога энцэфаліту антыбіётыкі не дапамогуць, бо гэта віруснае захворванне. Эфектыўная прафілактыка клешчавога энцэфаліту – вакцынацыя. Яе ў Беларусі робяць людзям з групаў рызыкі. Хто туды ўваходзіць і як абараніць сябе ад укусу кляшча – тут.
4. Ці праўда, што гемарой можа прывесці да раку тоўстай кішкі?
А. Не, гэта ніяк не звязана. Але лепей праверыцца.
Б. Вядома ж. Любое запаленчае захворванне можа ператварыцца ў рак.
В. Гемарой можа прывесці да язваў, але не да раку.
Адказ: А.
Гемарой не прыводзіць да раку тоўстай кішкі. Але часам пад яго сімптомамі – сверб, боль, смыленне ў заднім праходзе, кроў у стуле – можа хавацца пухліна прамой кішкі. У цэлым, каб не прапусціць рак кішэчніка, пажадана ў 45 гадоў прайсці каланаскапію і тэст на схаваную кроў у кале. Часам трэба прайсці гэтыя дзве працэдуры ў больш маладым узросце. Каму менавіта і чаму – падрабязней тут.
5. Ці праўда, што для прафілактыкі дыябету нельга есці бульбу?
А. Праўда, у ёй шмат крухмалу, а крухмал павышае ўзровень цукру ў крыві.
Б. Не. Бульбу можна есці, але не больш за 3 разы на тыдзень.
В. Няпраўда, бульба – гэта гародніна, а гародніну якраз рэкамендуюць для кантролю цукру.
Адказ: Б.
Гародніна ўтрымлівае клятчатку, якая рэгулюе страваванне, таму практычна ўсю гародніну можна ўжываць без абмежаванняў, акрамя бульбы, бо ў ёй шмат крухмалу. Бульбу ўрачы рэкамендуюць ужываць не больш за 2-3 разы на тыдзень. Памяншэнне цукру і крухмалу з ежай стабілізуе ўзровень інсуліну ў крыві. Спіс прадуктаў, якія варта дадаць/выключыць для прафілактыкі і лячэння цукровага дыябету, – тут.
6. Ці праўда, што калі паменшыць соль у харчаванні, можна нармалізаваць ціск?
А. Няпраўда, ціск ніяк не залежыць ад прадуктаў харчавання і спецый.
Б. Праўда, бо соль затрымлівае ваду ў арганізме, адсюль і павышэнне ціску.
В. Праўда, соль наогул не патрэбная, гэта белы яд.
Адказ: Б.
Залішняе спажыванне солі прыводзіць да таго, што ў арганізме затрымліваецца вадкасць, ад гэтага сэрца працуе больш інтэнсіўна, «напружваюцца» ныркі, што і прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску. Дзённая норма спажывання солі – 1 ч.л. Пра DASH-дыету для нармалізацыі артэрыяльнага ціску і іншых спосабах кантролю – тут.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by