Прайшло больш за 7 месяцаў з пачатку пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Якія новыя дадзеныя пра ўплыў захворвання на цяжарнасць і роды з'явіліся за гэты час?
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ Святлана Жукоўская зрабіла агляд апошніх навуковых даследаванняў на гэтую тэму. Да вашай увагі – адказы на асноўныя пытанні.
Якія сімптомы COVID-19 характэрныя для цяжарных?
Найбольш часта ў цяжарных сустракаюцца: слабасць, кашаль, галаўны боль, павышэнне тэмпературы, страта смакавых/нюхальных адчуванняў, задышка, боль у мышцах (міялгія), боль у горле. Ваніты, дыярэя менш характэрныя.
У лабараторных паказчыках могуць адзначацца павышэнне ўзроўню С-рэактыўнага бялку, зніжэнне і павышэнне ўзроўню лімфацытаў, павышэнне ўзроўню пракальцытаніну, тромбацытапенія, змена паказчыкаў функцыі печані.
Ці можа захворванне ў цяжарных працякаць бессімптомна?
Так. Бессімптомнае цячэнне COVID-19 можа назірацца ў 54-75% цяжарных. Пра гэта кажуць статыстычныя дадзеныя цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (CDC) за лістапад 2020 года.
Якія ўскладненні магчымыя?
Па дадзеных CDC, у цяжарных з COVID-19 у параўнанні з нецяжарнымі жанчынамі фертыльнага ўзросту часцей адзначаецца неабходнасць лячэння ў рэанімацыі (у 3 разы), механічнай вентыляцыі лёгкіх (у 2,9 раза), экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі (у 2,4 раза). Рызыка смяротнага зыходу вышэйшая ў 1,7 раза.
Як COVID-19 уплывае на роды?
Магчымае павелічэнне частаты заўчасных родаў (на 13-27%). Што тычыцца невыношвання цяжарнасці, дык пакуль дастатковых доказаў, што SARS-CoV-2 павышае яе частату ў 1-м і 2-м трыместрах, няма.
Як вірус уплывае на плод?
На частату прыроджаных парокаў развіцця плода ўплыў COVID-19 не даказаны.
Магчымае значнае ўзрастанне частаты антэнатальнай гібелі плода (смерць у перыяд унутрычэраўнага развіцця) – 11,5 супраць 4,1 на 1000 родаў. Пра гэта кажуць дадзеныя Вялікабрытаніі.
У сістэматычным аглядзе і мета-аналізе J. Yee et al. (2020) таксама прыводзяцца такія рызыкі:
- частата нараджэння маленькіх да тэрміну гестацыі нованароджаных (17%);
- унутрычэраўная гібель плода (2,4%);
- неанатальная гібель (ад нараджэння дзіцяці да 28 дзён жыцця) – 0,4%.
Ці перадаецца SARS-CoV-2 ад маці да дзіцяці?
Так, але рэдка. Па дадзеных CDC, у 2,6% з 610 дзяцей, народжаных ад жанчынаў з пацверджаным COVID-19, таксама выяўляўся вірус SARS-CoV-2. У першую чаргу, гэта былі нованароджаныя ад маці з актыўнай інфекцыяй непасрэдна падчас родаў. У цэлым, лічыцца, што рызыка перадачы SARS-CoV-2 ад маці да нованароджанага адносна невысокая. Даследчыкі таксама паказваюць, што няма статыстычна пэўных адрозненняў рызыкі інфікавання ў сітуацыях, калі нованароджаны знаходзіцца ў адным памяшканні з маці альбо калі яны падзеленыя.
Ці можна карміць малаком і як?
Так. Рызыка перадачы SARS-CoV-2 праз грудное малако да гэтага часу не вызначаная. У некаторых даследаваннях адзначалася выяўленне віруса ў малацэ метадам ПЦР, аднак няма падстаў сцвярджаць, што вірус заразны (валодае вірулентнасцю).
Агульнапрынятая на дадзены момант рэкамендацыя – карміць грудзьмі з абавязковымі мерамі засцярогі:
- выкарыстоўваць маску;
- старанна мыць рукі перад кожным кармленнем і пасля;
- старанна апрацоўваць адсмоктвальнік малака і бутэлечкі (пара, кіпячэнне, мыццё ў пасудамыйнай машыне) перад кожным выкарыстаннем.
У астатні час лепей, каб адлегласць паміж маці і дзіцем была не меней за 1,8 м.
Паасобнае знаходжанне апраўданае, калі стан жанчыны ці нованароджанага патрабуе назірання ў рэанімацыі, калі нованароджаны – у групе высокай рызыкі па цяжкім цячэнні COVID-19: неданошанасць і/альбо нясталасць, маюцца спадарожныя захворванні.
Як рэнтген і КТ уплываюць на плод, за якімі паказчыкамі сачыць цяжарным з COVID-19 – тут. Як змяняць свае палавыя паводзіны ў пандэмію – тут.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by