Штогод у трэцюю нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень медыцынскіх работнікаў. Сёлета гэтая дата прыпала на 16-га. На працягу ўсяго жыцця медработнікі – гэта людзі, якія першымі сустракаюць чалавека пры з'яўленні на свет, тыя, хто знаходзіцца на апошняй мяжы абароны жыцця і здароўя людзей, сказаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры напярэдадні свята.
2019 год знамянальны яшчэ і тым, што сёлета спаўняецца 100 год беларускай ахове здароўя.
Пра рэаліі і перспектывы
За апошнія 5-6 гадоў былі ўкаранёныя новыя методыкі дыягностыкі і лячэння. Напрыклад, пазітронна-эмісійная тамаграфія. Адкрыта рэспубліканская малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенэзу, з дапамогай якой з'явілася магчымасць падбіраць лячэнне, зыходзячы з дадзеных расшыфроўкі геному пухліннай клеткі. З'явіліся новыя віды трансплантацый, новыя методыкі лячэння ў кардыяхірургіі.
Распавядаючы пра планы на будучае, Уладзімір Каранік адзначыў, што ўвага будзе нададзена павышэнню эфектыўнасці працы сістэмы аховы здароўя. У прыватнасці, арганізацыі дыферэнцыраванага падыходу да лячэння і дыягностыкі пацыентаў, зніжэння кошту імпартных лекавых сродкаў, а таксама барацьбе з карупцыяй.
Другі абавязковы накірунак – гэта эканамічная эфектыўнасць, пытанне хуткасці і кошту закупак, кошту лекавых сродкаў і бесперабойнага забеспячэння імі медустаноў.
Па словах міністра, будзе падвергнутая рэвізіі праца арганізацый, якія займаюцца закупкамі, будуць рэгламентаваныя выразныя тэрміны працэдуры для таго, каб «прыбраць магчымасць уплыву асобных супрацоўнікаў на прыняцце рашэння альбо на хуткасць праходжання дакументаў», падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Вырашэнне праблемы высокага кошту некаторых лекавых сродкаў – таксама сярод прыярытэтных задач.
Міністр распавёў таксама, ужо на працягу гэтага квартала плануецца рэалізацыя пілотнага праекта па павышэнні прапускной здольнасці камп'ютарных тамографаў. Пакуль толькі ў Мінску. Разам з тым, падкрэсліў Уладзімір Каранік, калі гэты праект зробіцца паспяховым, ён будзе ўкаранёны па ўсёй краіне.
Далейшае развіццё атрымаюць і скрынінгавыя праграмы анкалагічных захворванняў. Разам з тым, на думку міністра, перш чым развіваць скрынінг, трэба навесці парадак з ранняй дыягностыкай. Ахапіць усю краіну скрынінгавымі мерапрыемствамі па асноўных лакалізацыях тэхналагічна і тэхнічна досыць складана. Ды і насельніцтва не зусім да такога гатовае. Акрамя таго, для гэтага патрабуецца вялікая колькасць навучанага персаналу, каб не было памылкова станоўчых і памылкова адмоўных вынікаў.
Урач, які глядзіць мамаграмы, павінен мець пэўны вопыт і кваліфікацыю. Бо калі ён будзе лішні раз перастрахоўвацца, вы ўяўляеце, якая будзе псіхалагічная траўма для жанчыны?! Мы пойдзем па шляху пілотных праектаў, на базе якіх будзе адпрацоўвацца інфармацыйнае забеспячэнне скрынінгу, рацыянальнае выкарыстанне абсталявання, а таксама праводзіцца падрыхтоўка кадраў. Найбольш значныя методыкі будуць укараняцца ў практычную медыцыну.
У якасці прыкладу Уладзімір Каранік прывёў такія факты: у Мінску працуе 13 мамаграфічных комплексаў, у скрынінгу задзейнічана, па сутнасці, два. Прычым адзін з іх у гарадскім анкалагічным дыспансеры. Аналіз праведзеных даследаванняў паказаў, што колькасць памылкова станоўчых вынікаў тут меншая, а даследаванняў праводзіцца больш: у сярэднім на апараце іх штогод выконваецца 5-6 тысяч, у анкалагічным дыспансеры – звыш 11 тысяч.
Наша краіна, адзначыў міністр, зараз знаходзіцца на этапе, калі ствараецца сістэма і вядзецца падрыхтоўка кадраў для правядзення скрынінгавых праграм. Пазней іх у першую чаргу будуць укараняць у раёнах, дзе сітуацыя са смяротнасцю ад анкалагічных захворванняў самая неспрыяльная.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by