05.04.2019
05.04.2019

Хатні гвалт над мужчынамі. Жаночая агрэсія, якая забівае (+відэа)

logo
Адносiны
0 69
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Тэма хатняга гвалту пачала даследавацца ва ўсім свеце не так ужо і даўно: з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Першапачаткова ахвярамі агрэсіўнага стаўлення прызнаваліся толькі жанчыны. Аднак ужо праз 10 гадоў даследаванняў у дадзенай вобласці сярод псіхолагаў з'явіўся тэрмін «сіндром мужа, якога збіваюць». І хаця да фізічнай агрэсіі жанчыны даходзяць значна радзей за мужчын, дамы нярэдка выкарыстоўваюць у сваім арсенале маніпуляцыі і элементы псіхалагічнага гвалту.

Такія моманты прынята высмейваць і замоўчваць, паколькі ўжо і так пазбаўлены мужнасці ў вачах жонкі муж не хоча быць высмеяным за сваю слабасць у грамадстве. Аднак пакуты ад псіхалагічнага гвалту могуць быць велізарнымі. Ад разбуранай самаацэнкі і хранічнага стрэсу да цяжкіх захворванняў, залежнасцяў.

Пра хатні гвалт жанчын у адносінах да мужчын журналіст «Слушна» паразмаўляла з дацэнтам кафедры клінічнай і кансультатыўнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя М.Танка, кандыдатам псіхалагічных навук Сяргеем Жарабцовым.

– Сярод людзей, якія звяртаюцца ў Беларусі па дапамогу як пацярпелыя ад хатняга гвалту, больш за 90% – жанчыны. Мужчыны па розных дадзеных складаюць толькі каля 6-8%. Падазраю, што на самай справе іх можа быць нашмат больш.

– Вядома. Думаю, дастаткова шмат мужчын, якія маюць хранічную незадаволенасць агрэсіяй сваёй жонкі. Жанчына часцей гатовая заявіць аб праблеме, папрасіць дапамогі. У прадстаўнікоў моцнага полу адразу ўзнікае пытанне: «Што я за мужчына, што ты дапускаеш у адносінах да мяне такое?» Многія сапраўды аказваюцца непачутымі ў гэтай сямейнай гісторыі. І ў сувязі з гэтым праблема жаночай агрэсіі своечасовая і актуальная. Вывучаць жаночы гвалт – сапраўды вялікая і важная тэма.

Наша культура развіваецца ў напрамку андрагіннасці (каля 70% маладых людзей ад 20 да 25 гадоў маюць рысы абодвух полаў), у многіх момантах сціраюцца тыпова жаночыя і мужчынскія адрозненні: фемініннасць жанчын і маскуліннасць мужчын. Калі ўлічваць гэты момант, дык агрэсіўнымі і ўладнымі цалкам могуць быць і жанчыны, і мужчыны.

Прадстаўніцы слабага полу не радзей гвалцяць мужчын, толькі яны гэта робяць гэта па-іншаму.

У чым выяўляецца жаночы гвалт?

  • Прамая агрэсія ў выглядзе паводніцкіх момантаў (лясканне дзвярыма, біццё посуду, гучныя выказванні, што прыніжаюць, праклёны і г.д.);
  • Ускосная агрэсія (слёзы). «Паглядзі, да якога стану ты мяне давёў». Гэта так званае двайное пасланне. З аднаго боку, мужчына хоча пашкадаваць яе і ў той жа час бачыць, што гэта агрэсія. Ён аказваецца ў разгубленасці;
  • Рукапрыкладства (аплявухі, выспяткі і г.д).

– Калі мы гаворым пра гвалт з боку жанчын, гэта маніпуляцыі і псіхалагічны гвалт прыкладна ў 90% выпадкаў. Фізічны гвалт здараецца значна радзей, – адзначае  Сяргей Жарабцоў.

Як мужчыне зразумець, што ў дачыненні да яго прымяняецца гвалт?

Хатні гвалт над мужчынамі. У чым выяўляецца жаночы гвалт?

  • Перажыванне зняважанасці;
  • падкрэсліваецца мужчынская безгрунтоўнасць;
  • адчуванне пасткі;
  • паўтаранасць цыкла гвалту.

— Жанчына заўсёды знаходзіць, чым быць незадаволенай, пачынаючы ад нявымытага кубка і заканчваючы нізкім заробкам або тым, што нічога ў доме не робіцца. Пры гэтым яна арганізуе жыццядзейнасць сям'і такім чынам, што мужчыну няма месца, каб сябе праявіць, – адзначае Сяргей Жарабцоў. – Калі яны толькі пачыналі будаваць адносіны, яна, магчыма, падкрэсліваючы, як любіць яго, усё рабіла сама. Пры гэтым не мела да яго пажаданняў і просьбаў. І тут жа хутка адносіны прыйшлі да такой сітуацыі, калі за гэта ён быў зняважаны. І прыгнёт працягваецца штодня ў вялікіх і малых пытаннях.

У мяне ёсць кліент-мужчына, досыць дэпрэсіўны, млявы. Калі ён распавядае пра свае адносіны з жонкай, гэта вельмі падобна да пастаяннага псіхалагічнага гвалту, які падкрэслівае яго безгрунтоўнасць, недасканаласць у сям'і. Яна, дзякуючы сваёй агрэсіі, спрабуе быць на троне, а ён падкрэслівае сваёй прыніжанасцю яе царскае становішча.

Пры гэтым цалкам зразумела, што яна таксама пакутуе і не ад добрага жыцця так сябе паводзіць. Я думаю, для самой жанчыны быць агрэсіўнай – гэта спроба быць зараджанай і хаця б такім чынам штосьці адчуваць, ажывіць сябе, адносіны. Гэта яшчэ і адрэагаванне таго, што яна атрымала ў выглядзе траўмы, іншых падзей у сваім дзяцінстве. Часта жаночая агрэсіўнасць звязаная і з нездаволенасцю. Магчыма, яна не мае магчымасці з гэтым мужчынам адчуць сябе жанчынай у поўнай меры.

– Як мужчына аказваецца ў падобных адносінах?

– Адносіны трымаюцца на сіметрыі. Ёсць у псіхалогіі такое паняцце «мазахістычны характар». Часта гэта такая стратэгія паводзінаў, калі мужчына спецыяльна, не ўсведамляючы гэтага, робіць так, каб яго прыніжалі іншыя. Але пры гэтым ён цалкам рэальна пакутуе. З аднаго боку, ёсць нешта, што яму прыносіць задавальненне. З іншага – ён цалкам адчувае рэальныя пакуты.

Немагчыма рабіць адказнай і вінаватай толькі жанчыну, якая агрэсіўная. Тут ёсць уклад і самога мужчыны, які ёй у гэтым сэнсе міжволі, часта неўсвядомлена, падыгрывае. Як і ў іншых перажываннях і канфліктах, многае вызначаецца асабістай гісторыяй і гэтага мужчыны, і гэтай жанчыны. У рэшце рэшт, нават тое, што ён застаецца з ёй – знак, што ён таксама штосьці атрымлівае ад такога залежнага становішча. Прысутнічае своеасаблівая другасная выгада.

Магчыма, ён не ведае, як па-іншаму. А можа і не хоча. Бо для яго гэта мадэль такога жыцця, якую ён меў у сваім дзяцінстве, калі маці была жорсткай, але пры гэтым задавальняла яго патрэбы. Прыніжала яго, але і клапацілася. Прыкладна тое ж самае прайграецца і ва ўласнай сям'і. Калі гэтай звязкі («быць сытым, але прыніжаным») няма, дык тады, напэўна, ён нейкія дзеянні б прадпрымаў, каб вырвацца з гэтых адносінаў.

– Залішні кантроль за хлопчыкам («Стой. Не шумі. Не хадзі туды-сюды») правакуе прыхільнасць да такіх адносінаў?

– У тым ліку. Як правіла, гэта не проста аўтарытарныя мамы, а жорсткія ў адносінах да сваіх дзяцей. Якія выкарыстоўваюць фізічныя пакаранні. Уплыў на маленькага хлопчыка аказвае і назіранне за стаўленнем маці да бацькі. Дарэчы, мазахістычны характар сына можа сфармавацца і ў пэўных адносінах з татам. Ён можа быць садыстам або мець падобныя характаралагічныя асаблівасці.

Мазахістычны характар – адзін з варыянтаў рэакцыі на такое выхаванне. Другі, найбольш распаўсюджаны, – фарміраванне садыста. Характару, які атрымлівае магчымасць кантактаваць з іншымі толькі праз агрэсію. І, на жаль, іншымі спосабамі нават да сваёй жанчыны, сяброў ён наблізіцца не можа.

– Калі мужчына ўсвядоміў, што жыве ва ўмовах псіхалагічнага гвалту ў адносінах да сябе, што яму трэба зрабіць у першую чаргу?

– Як і ў многіх іншых перажываннях, звяртацца па псіхалагічную дапамогу. Ёсць тэрапеўтычныя групы, індывідуальная работа. Прынамсі, цікавіцца гэтай праблемай, чытаць, мець стасункі. Я думаю, што мужчын з такімі перажываннямі досыць шмат. Ёсць такія рэчы, на якія можна ўплываць. Але для гэтага трэба ўсведамленне, разуменне. На жаль, без спецыяльнай псіхатэрапіі хутка нешта змяніць, акрамя простага разрыву адносінаў, не атрымліваецца.

– Чаму разрыў адносінаў не заўсёды можа дапамагчы?

– Важнае пытанне. Бо дадзены чалавек можа ўзнаўляць з іншымі жанчынамі такі тып паводзінаў, які будзе правакаваць агрэсію. Нягледзячы на тое, што яна будзе зусім іншай жанчынай, з іншым характарам. Для змены сітуацыі патрабуецца ўсведамленне і глыбінная праца над сабой.

Гвалт не заўсёды можна распазнаць і ўбачыць. Шкода, якую наносіць жаночая агрэсія жыццю мужчыны, часам складана вымераць фізічнымі праявамі. Хаця наступствы могуць быць вельмі цяжкімі, як для цела, так і для псіхічнага стану.

Відэа – Генадзь Сукач, Святлана Стахоўская.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 69

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.