У гарачыя дзянькі прыгожая палова чалавецтва, нарэшце, схавала як мага далей бясформенныя курткі і паўстала ва ўсёй прывабнасці. Пра што маўчаць мужчыны? Пра тое, што спакойна глядзець на сімпатычных фігурыстых дам у летніх строях не могуць нават тыя, хто даўно і трывала знаходзіцца ў адносінах.
У грамадстве гэтая тэма табуяваная. Ёсць стандарты, якія кажуць нам пра тое, якім чынам павінна выбудоўвацца жыццё людзей у пары: толькі манагамія, крок управа, а ўжо божа барані налева – караецца. Але ж наяўнасць другой паловы не азначае, што чалавек аўтаматычна пазбаўляецца вачэй і мозгу, каб ацэньваць прывабнасць іншых людзей. Што ж рабіць са сваімі эмоцыямі? Разбіраемся з госцем нашай пастаяннай рубрыкі «Аб чым маўчаць мужчыны» – псіхолагам рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансера, сертыфікаваным гештальт-тэрапеўтам, супервізарам Маскоўскага Гештальт Інстытута Канстанцінам Пятровым.
Мужчына бачыць іншых жанчын
Ён можа ўсведамляць гэта ці не. Калі разумее, але яму дарагія адносіны ў пары, тады з гэтым неяк даводзіцца спраўляцца і нешта рабіць.
Калі мужчына не ўсведамляе свае эмоцыі ў адносінах да іншых жанчын у сілу свайго асабістага табу або жанчыны, якая кантралюе, побач, гэта можа прымаць самыя розныя формы. Напрыклад, пераяданне, крытыка жонкі па самых розных прычынах, нават сыход у залішнюю рэлігійнасць. Чалавеку недзе трэба «спусціць пар». У жанчыны тое ж самае.
Мужчынская палігамнасць – сацыяльны стэрэатып
У грамадстве лічыцца, што калі ў мужчыны шмат сэксуальных партнёрак, то ён эх, малайчына. А для жанчыны такія паводзіны непрымальныя.
Што рабіць?
- Ажывіць свае адносіны. Калі іншы чалавек абуджае ў вас сэксуальныя жаданні ці фантазіі, паспрабуйце прыпыніцца і паспрабаваць прыўнесці гэтыя эмоцыі да цяперашняй «паловы».
- Субліміраваць. Замест таго, каб кідацца ва ўсе цяжкія, аб чым вы, як правіла, можаце пашкадаваць ужо падчас здзяйснення «злачынства», паспрабуйце накіраваць энергію ў іншы бок. Пачніце, напрыклад, бегаць раніцай, хадзіць у трэнажорную залу, маляваць. Падыдзе ўсё, што патрабуе эмацыйных ці фізычных выдаткаў і прыносіць задавальненне.
- Дамаўляцца. Партнёры ў пары могуць абмяркоўваць, якія моманты ім непрыемныя і якая мяжа дапушчальная менавіта ў іх адносінах, а не ў тых, што ёсць у суседкі або сяброўкі.
- Фліртаваць. Варта прызнаць, у нас ёсць патрэба падабацца людзям супрацьлеглага полу. Жанчынам прыемна адчуваць сябе прывабнымі, а мужчынам атрымліваць пацверджанні сваёй «самцовасці».
На семінары па залежных адносінах псіхолаг з Санкт-Пецярбурга з шматгадовым стажам Валянціна Новікава, якая працуе ў гэтай тэме, распавяла такую гісторыю. Аднойчы яны з мужам купілі домік з рускай печкай. Валянціна, якая даўно марыла палюбавацца агнём з печы, стала загружаць у яе шмат дроў, пад завязку. Але гарэць яны чамусьці не хацелі. Тады яе муж выкінуў палову гэтых шчэпак і пакінуў толькі 3 бярвенні. Полымя тут жа разгарэлася. «Так і ў адносінах. Яны гараць толькі тады, калі ёсць дастаткова паветра», - падагульніла аповед Валянціна Новікава.
Быць можа, невялікі флірт і ёсць тое самае паветра. Трэба толькі ўмець не пераходзіць тую самую мяжу.
-
Усведамляць. Кожны дзень мы робім выбар, ці заставацца нам у гэтых адносінах. Важна самім для сябе вызначыць іх каштоўнасць і важнасць, тады і выбар будзе відавочным.
А як жа сумленнасць?
А хіба сумленна фліртаваць і не гаварыць пра гэта другой палове? Бо часта мы хочам ведаць усё і каб ніякіх таямніц не было.
У грамадстве свабоднага выбару, калі выразна прапісаныя шаблоны перастаюць быць ісцінай для ўсіх, мы сутыкаемся з цэлым натоўпам важных пытанняў і здзяйсняем свой маральны выбар кожны дзень. Важна, каб ён у першую чаргу быў усвядомленым. Якую цану мы гатовыя плаціць за імгненнае жаданне і як далёка дазволім яму нас завесці? Вырашаць кожнаму для сябе.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by