05.05.2021
05.05.2021

Дзень друку – свята прафесійнае, альбо Прымайце віншаванні, журналісты!

logo
Думкі ўслых
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Увогуле-то, Дзень друку адзначаюць не толькі журналісты, але і ўсе, хто мае самае непасрэднае дачыненне да складання, афармлення і выпуску газет, часопісаў, а цяпер яшчэ і сайтаў, парталаў… Але паколькі я на дадзены момант – рэдактар беларускай версіі інфармацыйнага партала Здаровыя людзі, журналіст і блогер (тры ў адным!), дык і размова найперш аб прадстаўніках гэтай прафесіі. Але аб усім – па парадку.

Дзень друку. Любімая прафесія журналіста.

Пра журналісцкую прафесію я, па шчырасці, марыла з дзяцінства. Ужо зараз і не прыгадаю, чаму. Хутчэй за ўсё, пад уплывам памкненняў старэйшага брата, які збіраўся паступаць на журфак. Да слова, паступіў, скончыў і больш за тры дзесяцігоддзі шчыруе ў чэрвеньскай раённай газеце.

А вось я напачатку ўсё ж вырашыла пайсці ў філалагічную дынастыю – услед за бацькамі (гэта зараз у нас яшчэ і дынастыя журналісцкая – брат Ігар, яго малодшая дачка Юля і я). Таксама склалася, атрымалася. Але тое ўласнае дзіцячае памкненне ў свой час перамагло, і журналісцкі стаж сёлета склаў ужо 20 гадоў. А калі палічыць пазаштатнае супрацоўніцтва з рознымі газетамі і часопісамі, дык усе 30 набяруцца.

Сваю журналісцкую працу я люблю пяшчотна! І гэта сапраўды захапленне на ўсё жыццё. І той выпадак, калі ты займаешся любімай справай, а табе за гэта яшчэ і грошы плацяць! 🙂

Але люблю я менавіта вандроўкі, стасункі з новымі людзьмі і даўнімі знаёмцамі, інтэрв’ю, збіранне матэрыялу, працэс напісання, калі не ведаеш напачатку сама, што атрымаецца… Хацела сказаць – што выйдзе з-пад пяра, але цяпер ужо гэтак не скажаш. Што з’явіцца на маніторы, што выйдзе з-пад пальцаў на клавіятуры.

А колькі ў свой час ішло паперы на чарнавікі, пакуль на свет з’яўляўся матэрыял, які калі і не задавальняў цалкам мяне як аўтара, дык быў больш-менш прымальным. Бо правіць саму сябе магу бясконца! Як кажуць, няма мяжы дасканаласці. 🙂

І вось раней, да набыцця ўласнага камп’ютара, запісы найчасцей уяўлялі сабой праўку ў пяць столак! Таму даводзілася нават раз-пораз перапісваць на чыставік. Эх, колькі ж часу тады гублялася… Але, разам з тым, штосьці ў тых запісах (менавіта ручкай на паперы) было ад магіі, чараўніцтва нават. Бывае, сумую па тым часе…

Дзень друку. Напісанне матэрыялаў на паперы.

Я і праз 20 гадоў працы люблю бачыць свае матэрыялы менавіта ў друкаваных выданнях. І гэта таксама своеасаблівая магія і чараўніцтва. Хаця ўжо столькі запісаў у блогу, іншых матэрыялаў на разнастайных сайтах і парталах. Але «Напісанае застаецца» ўсё ж найбольш, лічу, падыходзіць для папяровых газет і часопісаў. Бо з сайтаў, на жаль, пры тэхнічнай праблеме ўсё можа зляцець беззваротна…

А што тычыцца нелюбімага ў журналісцкай працы, дык гэта, безумоўна, разнастайныя праўкі і скарачэнні начальствам тэксту… Не, не тэксту – матэрыялу, напісанага ўласнымі душой і сэрцам! Асабліва – без дай прычыны. Проста, каб «паставіць на месца», з зайздрасці і г.д. Такога ў маім жыцці, на жаль, раней хапала. А ў вашым?!

Але хапала таксама падзяк і прыязных водгукаў ад людзей. Я і зараз іх атрымліваю, што, вядома ж, радуе і акрыляе. Бо мэта любога журналіста – займець сваё кола ўдзячных чытачоў. А ў сучасных рэаліях – яшчэ і мець у сеціве не толькі падабайкі, але і каменты. Зваротная сувязь – яна вельмі патрэбная і важная.

Дзень друку. Зваротная сувязь з чытачамі.

Сёння я хачу сардэчна падзякаваць сваім няштатным аўтарам, якіх за гады працы ў розных выданнях таксама было шмат, і павіншаваць з Днём друку. Усіх памятаю, а з некаторымі сябруем-стасуемся і дагэтуль.

Асобныя віншаванні з прафесійным святам –сяброўкам-каляжанкам Варвары Чаркоўскай з Салігорска, Ірыне Каваленка са Слуцка, Веры Лукашэвіч з Узды, сямейнай пары Расолькаў – Сяргею і Надзеі – з Мінска, супрацоўнікам газеты «Звязда», з якой я пэўны час актыўна супрацоўнічала, і ў многім дзякуючы менавіта Сяргею.

І мае самыя шчырыя віншаванні – цяперашнім калегам, калектыву рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік» (галоўны рэдактар – Таццяна Мікалаеўна Сівец), у чый аддзел інтэрнэт-праектаў (начальнік аддзела – Вольга Іванаўна Святліцкая) уваходзім і мы, супрацоўнікі рускай і беларускай версій інфармацыйнага партала Здаровыя людзі. З вамі прыемна, з вамі камфортна, цікава і весела. Дзякуй усім за гэта! Святкуйма разам!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".