На маёй кніжнай паліцы багата падораных кніг. Шмат якія са мной з дзяцінства. Вось, напрыклад, гэтая – «Залаты ключык» Аляксея Талстога.
Я вучылася ў трэцім класе і на свята 8 сакавіка атрымала яе ад аднакласніка. З гэтым «ветэранам» (выданне 1975 года) — я наведвала аўтограф-сесію народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча: выдавецтва «Беларусь» у 2021 годзе перавыдала кнігу па-беларуску з ілюстрацыямі майстра. Дарэчы, у 1971 годзе «Залаты ключык» у Беларусі якраз па-беларуску і выдаваўся, рускамоўнае выданне — пазнейшае.
Зараз маю дзьве радасцi: «ветэран», «костачкі» якога ўжо змацаваныя-склееныя празрыстым скотчам, свеціцца аўтографам мастака, а новая кніжка, таксама з аўтографам — пахне друкарскай фарбай — і Маленствам.
Вось збор твораў Астрыд Ліндгрэн. Аднойчы на дзень народзінаў мне падарыў яго муж. Ён добра ведаў не толькі пра маё захапленне яе творчасцю, але і пра тое, якой смеласці надаў мне прыклад гэтай пісьменніцы. Пасля падарожжа па Швецыі ў пачатку 2000-х я даведалася, што выдавацца Ліндгрэн пачала, калі ёй было трыццаць сем гадоў!
Я ж пісала казкі — але не асьмельвалася прапанаваць іх выдавецтвам. Тым не менш, прыклад Астрыд сведчыў — ніколі не позна пачынаць! Я ж была акурат у тых самых гадах, што і Ліндгрэн. Аформіла рукапісы, прапанавала выдавецтвам — і ў 2005 годзе ў мяне выйшла адразу дзве першых кнігі — «Таямніца закінутай хаты» і «Каляды з хроснай».
Дзякуй, Астрыд! Дзякуй, муж! Збор твораў Ліндгрэн стаіць навідавоку і заўжды нагадвае: «Ніколі не позна!» – рабіць тое, што любіш, вучыцца новаму.
Вось асаблівая кніга — «Дзесяць дзён у Барку». Яе напісала і намалявала Алена Георгіена Лось. Мне выпала шчасце пазнаёміцца з ёй, калі я пісала пра яе ў часопіс. Тады гэты скарб і займела – з рук мастачкі, з яе аўтографам. Гэтую падзею можна прыраўняць да падарожжа на Машыне Часу, бо ў дзяцінстве ў нашым доме было шмат кніг, а сярод самых любімых — зборнік «Беларускія народныя казкі». Шкада, што яны згубіліся – а, можа, мы яе зачыталі да дзюрак? Не памятаю ўжо. Але вось як дух займала, як зацягвала ў таямнічы казачны вір тая кніга — незабыўна.
Вось яшчэ адна кніга з ілюстрацыямі Алены Лось — «Дзень добры» Змітрака Бядулі. Мне яе падарылі ў школе на Новы год. Я была Снягуркай на школьным ранішніку, памагала Дзеду Марозу. Вось за гэта кнігай мяне і ўзнагародзілі. Калі я трымаю яе ў руках, згадваю і сваё хваляванне, і радасць, і святочнасць карнавалу.
У Мілашоўскай васьмігодцы, дзе я вучылася, была гэтая цудоўная традыцыя – за поспехі і дасягненні ўзнагароджваць вучняў добрымі кнігамі. Мы атрымлівалі кнігі на свята Ураджаю, за лепшыя карнавальныя касцюмы на Новы год, на дзень народзінаў. Кнігі ў падарунак дасылалі мне рэдакцыі газет і часопісаў — я была актыўным юнкорам і часта перамагала ў розных конкурсах.
У нашай сям’і таксама было прынята дарыць кнігі на ўсе святы – мы, дзеці, гэтаму дужа радваліся. А яшчэ пахвалюся: кніжная шафа, куды траплялі і падораныя кнігі і якая да гэтай пары жыве ў нашай хаце – мая равесніца. Мы з ёй у адзін год нарадзіліся, пра што сведчыць штамп з годам выпуску на яе задняй сценцы.
Кніга – гэта свята, узнагарода за адолены шлях, асабістыя дасягненні, знак увагі і любові, водар незабыўных імгненняў жыцця… Традыцыю кнігадарэння мы ў сям’і захавалі і, спадзяюся, перададзім у спадчыну.
Шмат гадоў таму нарадзілася і новая традыцыя — дарыць кнігі ў бібліятэку на радзіме. Я вельмі ўдзячная беларускім пісьменнікам, якія падтрымліваюць мяне і дзеляцца кнігамі з маімі землякамі. На мінулы Новы год сталічны Дзед Мароз даставіў ў Забалоцкую бібліятэку на Мёршчыне ладны стос кніг. Я ж карыстаюся нагодай і ў Дзень кнігадарэння перадаю шчыры дзякуй усім, хто дапамагаў сабраць пасылку. Перададзеныя кнігі занялі пачэсныя месцы на паліцах.
Дарэчы, у Дзень кнігадарэння дужа хачу пазнаёміцца з арганізацыяй «БЕЛГІПС-ЭКА» (Мінск, вул. Козлова, 24).
У Мінску паўсюль стаяць кантэйнеры для макулатуры ад гэтай арганізацыі — можна кнігі апусціць і ў іх. Але людзі туды часцяком кідаюць звычайнае смецце і шкодзяць кнігі.
Рабіць так, канешне, не годна. У гэтыя кантэйнеры апроч кніг можна закідваць толькі ўпакоўку, кардон, часопісы, каробкі. Таму, як на мяне, лепш кнігі адвезці ў офіс арганізацыі.
Што планую адвезці ім я? Шмат месца на паліцах займаюць старыя падручнікі, вучэбныя дапаможнікі. Выкінуць ці здаць іх на макулатуру рука не падымецца. Пра «Белгіпс-эка» чытала, што яны вельмі ўважліва ставяцца да кожнага паступлення. Камунікуюць з бібліятэкамі, навучальнымі ўстановамі, ведаюць іх патрэбы і запыты і сярод здадзеных кніг падбіраюць патрэбныя ім. Тое, што стала баластам у хатняй бібліятэцы — некаму можа стацца цудоўным падарункам або папоўніць паліцы букросінга.
Зараз шмат спрачаюцца пра лёс папяровай кнігі. Аля я кнігі люблю чытаць, гартаючы старонкі, адчуваючы іх пах, спрабуючы на дотык. Прыгожыя, багата ілюстраваныя і дабротна выдаденыя кнігі часта дару дзецям.
З кніг, якія сама атрымала ў падарунак апошнім часам, асабліва вылучу “Беларускі народны касцюм: крой, вышыўка і дэкаратыўныя швы” В. Лабачэўскай і З. Зімінай. У эпоху штучнага інтэлекту, да якой мы дажыліся, мне падаецца надзвычай важнай тая літаратура, якая дапамагае захаваць веды пра традыцыйныя рамёствы і навыкі ствараць сваімі рукамі.
https://bel.24health.by/yakix-kazachnikau-maem-razglyadaem-dzicyachyya-knigi-serzha-minskevicha/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by