28.11.2017
28.11.2017

Дзевачкі, або Нататкі з псіхушкі. Дзень шосты

logo
Здароўе дарослых
0 484
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

Дзень шосты

Сёння ў крыле, дзе 6-7-я палаты, была Варфаламееўская ноч. Адна бабка ўвесь час крычала, яе змясцілі ў адзіночны бокс і прывязалі. Выклікалі неўролага, аказалася: ціск 180. У нас таксама ноч была не з самых спакойных: Лена ў сваім рэпертуары. З праклёнамі і біццём некага нябачнага.

***

- Весялуха! У першую працэдурную!

- Што, аналізы?

У мяне зноў бралі кроў з вены. Ніхто нічога не тлумачыць, проста праходжу тэсты. І ўсё. Ад гэтага яшчэ горш становіцца. На вуліцы вельмі хутка святлее, але мне туды нельга.

***

- Люда, не плачце. Будзеце плакаць – у 6-ю перавядзём.

***

Тут яшчэ ляжыць Ліда з маніякальна-дэпрэсіўным сіндромам. У час абвастрэння яна выбегла на дарогу, кідалася пад машыну і нешта няўцямнае крычала. Да нас яе прывезла міліцыя і хуткая дапамога. Але Ліда не сумуе: ведае тут увесь персанал і пастаянных пацыентаў. Не перажывае, бо трапіла ў аддзяленне ўжо раз 15-ты.

***

Віктараўна – акуратная бабулька гадоў 80-ці - раніцай плакала, што пра яе ўсе забыліся, яна засталася адна, без дома і грошай. Учора з гонарам расказвала, як добра ёй на старасці жывецца, сын з жонкай будуюць дом у Гродне, дзе ў яе будзе асобны пакой. А сёння: сын прадаў яе кватэру ў райцэнтры, пенсію на сябе аформіў, а ёй няма куды ісці, колькі тут ляжыць – не памятае. Бялізну – скралі, добрае адзенне – скралі: “Шкада, што ў бальніцу самае лепшае ўзяла. Гэтая Светка, што да мяне ўсё заходзіць, нячыстая на руку”. Дзе жыве сын - не памятае. Як яму патэлефанаваць – не памятае. Плача да істэрыкі. Прашу медсястру паклікаць да яе доктара і папрасіць патэлефанаваць сыну. Праз некалькі гадзін – пасля гутаркі з псіхатэрапеўтам – заходжу зноў. Яна задаволеная есць хатнія сырнікі і мяне радасна частуе. Прыходзіла ўнучка Танечка, прынесла паесці. Сын заняты, многа працаваў апошнія дні, але ўвечары прыдзе.

***

Сёння ўпершыню пагутарыла з псіхатэрапеўтам. Раз 15-ты расказала ўсю сваю гісторыю. Я ўжо жывенькая і ў добрым настроі. Таму расказваю хутка і з усмешкай. Амаль маналагічнае выказванне.

- Чаму вы ўсміхаецеся, калі кажаце такія сумныя рэчы? Мне вось сумна.

- А я павінна ляжаць і плакаць?

- Калі яшчэ вам надарыцца такая магчымасць?

З рэзалюцыяй: у мяне праблемы з эмоцыямі і пачуццямі сыходу.

***

Сёння ўсе гутараць толькі пра прафесарскі агляд. Да нас у аддзяленне заўтра прыйдзе дацэнт з універсітэта і будзе кансультаваць тых, каго рыхтуюць да выпіскі і ў каго спрэчны дыягназ. Я ў спісе. Спадзяюся, выставіць канчатковы дыягназ і мяне адпусцяць. Але на гэта спадзяюцца ўсе. Згадваю някрасаўскае: “Вот приедет барин – барин нас рассудит”, але баюся, каб не было, як у яго творы…

***

У нашай палаце бавім час, гуляючы ў карты, расказваючы анекдоты і вясёлыя гісторыі з жыцця. Маем свае прыколы і адметныя жарты. Не спім і смяёмся на ўсю псіхушку аж да 12-ці ночы. Замаўкаем і засынаем толькі пасля заўвагі медсястры. А да гэтага прыходзіла і санітарка.

Раней: Дзень першы. Дзень другі. Дзень трэці. Дзень чацвёрты. Дзень пяты.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 484

Літаратурны крытык
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"