Ці сапраўды брытанскі штам COVID-19 больш заразны? Ці дастатковыя меры прафілактыкі, якія выкарыстоўваюцца? Ці эфектыўныя вакцыны супраць каранавіруса? Калі атрымаецца дасягнуць калектыўнага імунітэту? Як доўга захоўваюцца антыцелы ў арганізме чалавека пасля перанесенай інфекцыі?
На гэтыя ды іншыя пытанні журналістаў падчас прэс-брыфінгу «Агляд сітуацыі з COVID-19 у Еўрапейскім рэгіёне СААЗ» адказалі прадстаўнікі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ. Спікерамі выступілі:
- дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ д-р Ханс Клюге;
- старшы спецыяліст аддзела імунізацыі ЕРБ СААЗ д-р Алег Бенеш;
- спецыяліст каардынацыйнага штаба па рэагаванні на пандэмію COVID-19 ЕРБ СААЗ д-р Ігар Перагінец.
Міжнародныя пашпарты вакцынацыі супраць COVID-19. Якія будуць крытэрыі іх выдачы? Ці будзе пашпарт сапраўдны адразу пасля прышчэпкі супраць каранавіруса?
Д-р Алег Бенеш: Хацелася б нагадаць, што выкарыстанне міжнароднага сертыфіката вакцынацыі з'яўляецца пытаннем, якое рэгулюецца міжнароднымі медыка-санітарнымі правіламі.
Са з'яўленнем эфектыўных і бяспечных вакцынаў супраць каранавіруснай інфекцыі СААЗ вывучае пытанні і праблемы, звязаныя з вакцынацыяй міжнародных вандроўнікаў. Разглядаюцца розныя аспекты: рэгулятарныя, навуковыя, этычныя і нарматыўныя.
Праца вядзецца па трох накірунках. У першую чаргу, абмяркоўваецца магчымасць рэкамендаваць вакцынацыю вандроўнікам і звязаныя з гэтым складанасці. У полі зроку спецыялістаў таксама знаходзіцца аспект, звязаны з прыняццем краінамі рашэння аб увядзенні абмежаванняў альбо патрабаванняў да вакцынацыі. Па-трэцяе, важна абмеркаваць магчымасць і спосабы абмену інфармацыяй аб правядзенні адпаведнай вакцынацыі.
Пытанне аб выдачы міжнародных пашпартоў вакцынацыі знаходзіцца пад увагай надзвычайнага камітэта Міжнародных медыка-санітарных правілаў СААЗ па COVID-19.
Што думаюць эксперты СААЗ пра брытанскі штам каранавіруснай інфекцыі? Ці сапраўды ён больш заразны? Ці неабходныя дадатковыя меры бяспекі?
Д-р Ханс Клюге: З'яўленне брытанскага штаму віруса не нечаканая сітуацыя. Гэта нармальная эвалюцыя віруса, які імкнецца адаптавацца да свайго носьбіту – чалавека. Мы не маем дадзеныя, што новы штам COVID-19 выклікае больш цяжкае, як і больш лёгкае цячэнне захворвання.
Не можам мы сказаць і тое, што яго з'яўленне зменіць нашыя падыходы ў барацьбе супраць каранавіруса. Разам з тым, сітуацыя выклікае заклапочанасць. Новы штам валодае большай здольнасцю да перадачы, што можа стаць прычынай пагаршэння сітуацыі ў некаторых краінах.
Што тычыцца вакцынаў. Зараз у нас няма фактычных дадзеных, што вакцыны супраць каранавіруса, якія былі ўхваленыя, не будуць эфектыўныя ў дачыненні да новага варыянту каранавіруса.
Д-р Ігар Перагінец: Меры прафілактыкі тыя ж. Гігіена рук, выкарыстанне масак, дыстанцыяванне, ізаляванасць хворых. Кажучы пра цяжар цячэння захворвання, выкліканага новым штамам, ён такі ж, як і ў мінулым годзе. Разам з тым, з-за яго павышанай заразнасці можа ўзрасці колькасць хворых, а значыць, павялічыцца нагрузка на нацыянальныя сістэмы аховы здароўя.
З пачаткам вакцынацыі ці ўдасца дасягнуць калектыўнага імунітэту?
Д-р Ханс Клюге: Першачарговая задача – абараніць медыцынскіх работнікаў і тым самым прадухіліць калапс сістэмаў аховы здароўя, а таксама найбольш уразлівыя групы насельніцтва – сталых і людзей, якія маюць спалучальныя паталогіі.
Каб дасягнуць калектыўнага імунітэту… Мы мяркуем, што спатрэбіцца вакцынаваць 70% насельніцтва. Але гэта паэтапны працэс.
Д-р Ігар Перагінец: Пытанне нават не ў тым, ці дасягнем мы калектыўнага імунітэту. Пытанне ў тым, калі. Упэўнены, што сёлета, па меры паступлення вакцынаў, а таксама з'яўлення новых, дазволеных для выкарыстання пры надзвычайных сітуацыях, ахоп і даступнасць будуць узрастаць у геаметрычнай прагрэсіі ва ўсіх краінах. І такім чынам мы зможам дасягнуць неабходнага ўзроўню імунізацыі для фарміравання папуляцыйнага імунітэту.
Як доўга антыцелы пасля перанесенага захворвання захоўваюцца ў арганізме чалавека?
Д-р Ігар Перагінец: Гаворка ідзе пра імунітэт пасля перанесенага захворвання. Тыя дадзеныя, якія ў нас ёсць, сведчаць, што працягласць набытага імунітэту складае каля 4-6 месяцаў (той перыяд, калі захоўваюцца антыцелы). У той жа час, ёсць выпадкі паўторнага заражэння вірусам. Гэта сведчыць пра тое, што набыты імунітэт пасля каранавіруснай інфекцыі не з'яўляецца доўгім.
Ці значыць гэта, што вакцыны могуць зрабіцца неэфектыўнымі пры розных штамах віруса?
Д-р Алег Бенеш: Безумоўна, штам віруса COVID-19, які муціраваў, паставіў пытанне аб эфектыўнасці вакцынацыі. Зараз у нас няма доказаў, што імунітэт пасля перанесенай інфекцыі COVID-19 не з'яўляецца надзейным супраць новага варыянту віруса. Людзі ім не захворваюць масава.
Вакцына прадуцыруе імунітэт супраць антыгенаў віруса, гэты імунітэт таксама з'яўляецца полікланальным. Гэта значыць, ён выклікае прадукцыю антыцелаў супраць розных часціц і антыгенаў віруса. Таму ёсць надзея, што вакцыны будуць працаваць, і няма доказаў адваротнага.
Ці будзе 2021-ы год цяжэйшым за папярэдні?
Д-р Ханс Клюге: Я б сказаў – наадварот. Безумоўна, 2021-ы год будзе яшчэ адным годам пандэміі, але гэта ўжо больш кіравальная і прадказальная сітуацыя.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by