14.11.2018
14.11.2018

Эндакрынолагі: «Кожны год пацыентаў з цукровым дыябетам у Беларусі становіцца на 20 тыс. больш»

logo
Навiны
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам у Беларусі павялічваецца на 20-22 тыс. чалавек. Зрэшты, такая тэндэнцыя да росту захворвання ў нашай краіне ідэнтычная сітуацыі ў свеце. І пакуль, на жаль, ні ў адной краіне не атрымалася значна спыніць рост распаўсюджанасці цукровага дыябету.

Аб праблеме захворвання на цукровы дыябет (ЦД), прычынах яго росту, магчымасцях і метадах лячэння ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавялі:

  • галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Віктар Валуевіч;
  • прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч;
  • галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Наталля Карлавіч.

Аб сітуацыі

Па словах Віктара Валуевіча, захворванне на цукровы дыябет расце шпаркімі тэмпамі. Калі 10 гадоў таму ў Беларусі налічвалася 150 тыс. пацыентаў, то на 1 студзеня 2018 года - каля 320 тыс. чалавек. Прычым такі «драматычны рост» адбываецца ў асноўным за кошт ЦД 2 тыпу (звыш 93% выпадкаў).

Што тычыцца пацыентаў з ЦД 1 тыпу, іх колькасць застаецца адносна стабільнай: у свеце каля 1 млн., у нашай краіне - крыху больш за 17 тыс. Сярод хворых ЦД 2 тыс. 139 дзяцей.

Аб прычынах развіцця цукравага дыябету

Як распавяла Ала Шапялькевіч, у першую чаргу гаворка ідзе аб фактарах рызыкі развіцця ЦД 2 тыпу. У прыватнасці, трывогу ў спецыялістаў выклікае распаўсюджанасць сярод беларусаў атлусцення, у тым ліку вісцаральнага, калі тлушчавая тканіна празмерна назапашваецца вакол унутраных органаў, у выніку чаго можа фарміравацца інсулінарэзістэнтнасць (зніжэнне адчувальнасці тканін да інсуліну).

Акрамя таго, адзначыла спецыяліст, пакідае жадаць лепшага прыхільнасць жыхароў Беларусі да рацыянальнага харчавання і фізічных нагрузак.

Аб узаемадзеянні

Першы Беларускі дыябеталагічны форум, які прайшоў у нашай краіне ў верасні, сабраў вядучых айчынных і замежных спецыялістаў. Адным з галоўных вынікаў яго працы стала падпісанне рэзалюцыі па дыябеталогіі – першага такога дакумента, што датычыцца праблемы ўзаемадзеяння спецыялістаў і пацыентаў з цукровым дыябетам у Беларусі.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Дакумент аб'яднаў меркаванні замежных і беларускіх калег, грамадскіх медыцынскіх і пацыенцкіх арганізацый. Вельмі важна тое, што людзі з цукровым дыябетам думаюць наконт медыцынскай дапамогі і праблем, якія існуюць сёння. Інфармаванне па фактарах рызыкі, навучанні, пераглядзе нацыянальных пратаколаў, пэўных пазіцый новых лекавых сродкаў – усе гэтыя пытанні адлюстраваны ў рэзалюцыі.

Аб лячэнні дыябету

Зараз у рэспубліцы дзейнічае шматузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі хворым на цукровы дыябет:

  • першы ўзровень  – урачы агульнай практыкі ці ўчастковыя тэрапеўты гарадскіх або раённых паліклінік,
  • другі  – эндакрынолагі гарадскіх паліклінічных устаноў аховы здароўя,
  • трэці – эндакрынолагі абласных цэнтраў ці Гарадскога эндакрыналагічнага цэнтра ў Мінску,
  • чацвёрты – Рэспубліканскі цэнтр эндакрыналогіі, які функцыянуе на базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі.
 
Наталля Карлавіч
Галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння
Калі мы гаворым пра ЦД 2 тыпу, за кошт якога і адбываецца рост захворвання, задача ўрача агульнай практыкі своечасова выявіць такога пацыента. Западозрыць, што ў чалавека можа быць дыябет, і прызначыць яму лячэнне. У нас ёсць усе неабходныя віды аказання медыцынскай дапамогі людзям з цукровым дыябетам. Разам з тым, часцяком мы бачым пацыента позна, калі ўжо магчымасці не такія вялікія. Але ж чым раней будзе пастаўлены дыягназ, тым большага выніку мы дасягнём.

Аб інсулінатэрапіі

Сёлета, як распавёў Віктар Валуевіч, пашыраны паказанні для прызначэння аналагаў інсуліну. У прыватнасці, іх атрымліваюць усе дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама тыя, хто атрымліваў раней, але ўжо дасягнуў паўналецця, пацыенты з ЦД 2 тыпу, якія перанеслі інфаркт ці інсульт, людзі з выяўленымі ўскладненнямі цукровага дыябету.

Разам з тым, адзначыў Віктар Валуевіч, у нашай краіне ёсць праблема забяспечанасці хворых на цукровы дыябет інсулінавымі помпамі. Гэтымі сучаснымі прыборамі ахоплена менш за 5% пацыентаў (прыкладна 100-120 чалавек). А, напрыклад, у ЗША імі забяспечаны больш за 50% пацыентаў.

 
Віктар Валуевіч
Галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры эндакрыналогіі БелМАПА
Дзве інсулінавыя помпы ёсць у РНПЦ «Маці і дзіця». Яны дазваляюць праводзіць тэрапію 4 цяжарным жанчынам. Штогод патрэба ў такім лячэнні складае прыкладна 100 пацыентак з ЦД 1 тыпу.

Аб Сусветным дні дыябету

14 лістапада ў свеце праходзіць Сусветны дзень дыябету. Сёлета Сусветная арганізацыя аховы здароўя і Міжнародная федэрацыя дыябету гэты дзень прысвяцілі тэме «Сям'я і цукровы дыябет».

17 лістапада з 9.00 да 13.00 для пацыентаў з цукровым дыябетам пройдзе медыка-асветніцкае мерапрыемства «Сусветны дзень дыябету 2018: сям'я і дыябет», якое арганізуюць БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» і ГА «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам». Адбудзецца мерапрыемства ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў (пр. Незалежнасці, 25).

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Для дзяцей запланаваны навучальныя гульні, кансультацыі псіхолагаў. Пацыентам з ЦД 1 тыпу эндакрынолагі распавядуць пра самыя сучасныя метады лячэння захворвання, інавацыйныя тэхналогіі. Асобная секцыя будзе арганізавана для хворых ЦД 2 тыпу. Падчас яе працы эксперты раскажуць аб мерах прафілактыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў, якія з'яўляюцца актуальнай праблемай для такіх пацыентаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».