Дзякуючы вакцынацыі, 40 гадоў таму ўдалося пазбавіцца ад натуральнай воспы. Гэта адзінае інфекцыйнае захворванне, якое цалкам ліквідаванае на зямным шары. Дамагчыся гэтага атрымалася, дзякуючы намаганням усіх краінаў па рэалізацыі вакцынацыі жыхароў планеты.
Па дадзеных СААЗ, штогод вакцынацыя дазваляе прадухіляць 2-3 млн выпадкаў смерці ад дыфтэрыі, слупняку, коклюшу і адзёру. Акрамя таго, вакцынапрафілактыка дапамагае папярэдзіць 3,2 млн смяротных зыходаў гэтых інфекцый, а таксама 400 тысяч паралітычных формаў поліяміеліту і 2,4 млн выпадкаў хранічнага гепатыту.
Пра эпідэміялагічную сітуацыю ў свеце – у матэрыяле спецыялістаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Поліяміеліт
У 2019 годзе незалежнай Глабальнай камісіяй па сертыфікацыі ліквідацыі поліяміеліту было абвешчана пра ліквідацыю дзікага поліявіруса тыпу 3. Прычым з 2012 года не было ніводнага выпадку ў свеце заражэння чалавека гэтым тыпам віруса. Тып 2 дзікага поліявіруса быў прызнаны ліквідаваным у верасні 2015 года. Апошні раз яго выявілі ў Індыі ў 1999-м годзе.
На чарзе завяршальны этап мерапрыемстваў па выкараненні поліяміеліту – ліквідацыя дзікага поліявіруса тыпу 1. Сёння ён цыркулюе на тэрыторыі дзвюх краінаў: Афганістана і Пакістана.
Усе прафілактычныя меры, якія былі зробленыя, дазволілі Еўрапейскаму рэгіёну ў 2002-м годзе атрымаць статус тэрыторыі, свабоднай ад поліяміеліту (дзікія поліявірусы ўсіх трох тыпаў не цыркулююць).
Гэты статус штогод пераглядаецца і пацвярджаецца незалежнай Еўрапейскай рэгіянальнай камісіяй па сертыфікацыі ліквідацыі поліяміеліту. Вось ужо 17 гадоў статус свабоднай ад захворвання тэрыторыі захоўваецца за рэгіёнам.
Разам з тым, у некаторых краінах камісія лічыць недастатковымі меры па ліквідацыі поліяміеліту (ахоп імунізацыяй і/або эпідэміялагічнае назіранне). У прыватнасці, Боснія і Герцагавіна, а таксама Румынія і Украіна схільныя да высокай рызыкі магчымага распаўсюджвання поліявіруса ў выпадку яго з'яўлення або завозу. Яшчэ 22 краіны адносяцца да катэгорыі ўмеранай рызыкі.
Беларусь прызнаная тэрыторыяй з нізкай рызыкай магчымага распаўсюджвання поліявіруса. У краіне дакладна наладжаная і дзейнічае сістэма эпідэміялагічнага назірання, праводзіцца вакцынацыя з выкарыстаннем інактывіраванай поліявакцыны, якая забяспечвае высокую імунную абарону.
Адзёр
Недастатковы ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі супраць адзёру насельніцтва розных краінаў прывёў да таго, што на працягу апошніх двух гадоў у свеце складваецца дрэнная эпідэміялагічная сітуацыя.
Згодна з інфармацыяй, апублікаванай СААЗ у снежні 2019-га года, у 2018-м на адзёр захварэлі больш за 353 тысячы чалавек. І гэтая колькасць працягвае расці. Так, па дадзеных на сярэдзіну лістапада 2019-га года, ва ўсім свеце было зафіксавана ўжо больш за 413 тысяч выпадкаў захворвання.
Найбольшая колькасць выпадкаў адзёру за перыяд з лістапада 2018-га года па кастрычнік 2019-га адзначаная:
- у Мадагаскары – 148 тысяч 759;
- Украіне – больш за 75 тысяч;
- Філіпінах – амаль 48 тысяч;
- Індыі – каля 39 тысяч;
- Нігерыі – 28 тысяч 102;
- Бразіліі – 19 тысяч 335;
- Казахстане – 12 тысяч 334;
- Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга – 9 тысяч 112;
- Йемене – каля 8 тысяч;
- Тайландзе – 6 тысяч 689 выпадкаў.
У краінах Еўрапейскага рэгіёну за 10 месяцаў 2019 года было зарэгістравана больш за 101 тысячу выпадкаў адзёру. Гэта значыць, што інфіцыраванымі былі 109 чалавек з кожнага 1 млн жыхароў рэгіёну. Найбольш цяжкая сітуацыя адзначаецца ва Украіне, Казахстане, Кыргызстане, Грузіі, Паўночнай Македоніі, Літве, Босніі і Герцагавіне, Балгарыі.
У Беларусі за апошнія два гады адзначанае павелічэнне колькасці выпадкаў завозу віруса адзёру з краінаў з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам. У 2019 годзе зарэгістраваны 201 выпадак адзёру (апошні быў зафіксаваны ў жніўні). Каля 71% хворых – дарослыя. Большасць з тых, хто захварэў, як дзеці, так і дарослыя, былі не прышчэпленыя альбо не мелі звестак пра вакцынацыю супраць адзёру ў медыцынскай дакументацыі, у тым ліку і па прычыне адмоў.
Разам з тым, нягледзячы на пэўны рост захворвання на адзёр, эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі адносна стабільная і кантралюемая. Колькасць выпадкаў захворвання ў сотні разоў ніжэйшая, чым у іншых краінах Еўропы.
Краснуха
Па падліках экспертаў СААЗ, у 2019-м годзе ў свеце было зарэгістравана 42,5 тысячы выпадкаў краснухі, пры гэтым больш за 76% з іх – у краінах Заходняй часткі Ціхага акіяна. Сярод жыхароў нашай краіны на працягу апошніх двух гадоў выпадкаў краснухі зафіксавана не было.
У краінах Еўрапейскага рэгіёну за 10 месяцаў 2019 года зарэгістравана 575 выпадкаў захворвання, уключаючы 264 выпадкі – у Польшчы, 133 – ва Украіне і 47 – у Германіі.
Заклапочанасць у спецыялістаў выклікаюць лабараторна пацверджаныя выпадкі краснухі сярод жанчын дзетароднага ўзросту. Захворванне асабліва небяспечнае для цяжарных. Краснуха прыводзіць да цяжкіх парокаў развіцця дзіцяці і можа стаць прычынай выкідышу.
Эпідэмічны паратыт (свінка)
У 2017-2018 гадах у свеце зарэгістравана каля 500 тысяч выпадкаў эпідэмічнага паратыту, пры гэтым каля 50% з іх – у Кітаі. «Унёсак» краінаў Еўропы ў сусветную захваральнасць не перавышае і 5%. Найбольшая колькасць тых, хто захварэў у Еўрапейскім рэгіёне, адзначалася ў Іспаніі, Расіі, Таджыкістане, Польшчы і Злучаным Каралеўстве.
У нашай краіне на працягу апошніх шасці гадоў штогадовая колькасць выпадкаў эпідэмічнага паратыту вагаецца ў межах 10-ці (1-8). Вакцынацыя супраць гэтага захворвання (камбінаваная вакцына супраць адзёру, краснухі і эпідэмічнага паратыту) ўваходзіць у Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак і выконваецца двойчы: у 12 месяцаў і 6 гадоў.
Дыфтэрыя і слупняк
У выніку праведзенай вакцынацыі на працягу 1980-2000 гадоў агульная колькасць зарэгістраваных выпадкаў дыфтэрыі ў свеце была зніжаная больш чым на 90%. Разам з тым, у краінах з недастатковым ахопам праграмамі імунізацыі захворванне па-ранейшаму з'яўляецца прычынай дзіцячай смяротнасці.
Зараз штогод у свеце рэгіструюцца дзесяткі тысяч выпадкаў дыфтэрыі і слупняку, прычым смяротнасць ад дыфтэрыі дасягае 5-10%. Часцей за ўсё смяротны зыход рэгіструецца сярод дзяцей малодшага ўзросту. Слупняк парадзіх і нованароджаных застаецца праблемай для аховы здароўя ў 19 краінах свету, пераважна ў Афрыцы і Азіі. Гэтыя ж рэгіёны свету застаюцца лідэрамі і па колькасці выпадкаў дыфтэрыі.
У 2019-м годзе працягнулася ўспышка дыфтэрыі, у тым ліку і са смяротнымі зыходамі, у Йемене і Бангладэшы.
Спецыялісты нагадваюць, што распаўсюджванне дыфтэрыі можа аднаўляцца на тэрыторыях тых краінаў, у якіх не падтрымліваецца высокі ахоп прышчэпкамі і, як следства, паніжаны папуляцыйны імунітэт. Прыкладам гэтага сталася сітуацыя ва Украіне, дзе ў апошнія гады пачалі рэгістравацца выпадкі захворвання.
У нашай краіне выпадкі дыфтэрыі і слупняку не рэгіструюцца з 2011-га года.
Коклюш
У 2017-2018 годзе ў свеце зарэгістравана больш за 150 тысяч выпадкаў коклюшу. Прычым практычна кожны трэці хворы – жыхар Еўрапейскага рэгіёну. Найбольшая колькасць выпадкаў коклюшу адзначаная ў Германіі, Расіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Злучаным Каралеўстве і Польшчы.
З 2014-га года ў нашай краіне, як і ў Еўропе ў цэлым, вырасла захворванне на коклюш. Колькасць такіх выпадкаў штогод перавышае 500, сярод іх больш за 90% – дзеці. Каля 77% хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да 7 гадоў, якія захварэлі, былі не прышчэпленыя або не поўнасцю прышчэпленыя (вакцыны, што змяшчаюць коклюшны кампанент, якія выконваюцца ва ўзросце 3, 4, 5 і 18 месяцаў) супраць коклюшу, у тым ліку па прычыне адмовы бацькоў.
Гепатыт В
Паводле ацэнак СААЗ, у свеце больш за 2 млрд чалавек інфіцыраваныя вірусам гепатыту В. Сярод іх каля 257 млн пераважна дарослых, якія нарадзіліся да ўвядзення вакцынапрафілактыкі, маюць хранічную форму інфекцыі. Ад ускладненняў хранічнай інфекцыі гепатыту В (цырозу печані і першаснага раку печані) па розных ацэнках гіне ад 600 тысяч да 1,2 млн чалавек штогод.
Самая высокая распаўсюджанасць гепатыту В адзначаецца ў Заходняй частцы Ціхага акіяна і ў Афрыканскім рэгіёне. Частата выяўлення віруса гепатыту В вагаецца ад 0,1% у шэрагу краінаў Заходняй, Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы да 6-8% у некаторых краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
Надзейным спосабам прафілактыкі гепатыту В з'яўляецца вакцынацыя, эфектыўнасць якой перавышае 95%. Менавіта дзякуючы высокаму ахопу прафілактычнымі прышчэпкамі жыхароў Беларусі, захворванне на вострыя формы інфекцыі ў 2018-2019 гадах знізілася ў 13,5 раза ў параўнанні з паказчыкамі 2000-га года і застаецца стабільна нізкім.
Туберкулёз
Туберкулёз (сухоты) ўваходзіць у дзясятку самых небяспечных хваробаў, якія з'яўляюцца самай частай прычынай смерцяў па ўсім свеце. У апошнім дакладзе СААЗ было адзначана, што ў 2018-м годзе туберкулёз стаўся прычынай смерці ў 1,5 млн выпадкаў, г.зн. штодня прыкладна 4 тысячы чалавек памерлі ў выніку гэтага захворвання.
Агульная колькасць тых, хто захварэў, за год склала 10 млн чалавек, што супастаўна з насельніцтвам шэрагу краінаў свету. Дзве траціны ўсіх новых выпадкаў прыпадае на Бангладэш, Індыю, Інданэзію, Кітай, Нігерыю, Пакістан, Філіпіны і ПАР.
Два гады таму была прынятая ўзгодненая ўсімі дзяржавамі-ўдзельнікамі ААН палітычная дэкларацыя, у якой пацверджаныя існуючыя абавязацельствы ў рамках Мэтаў устойлівага развіцця і Стратэгіі СААЗ па ліквідацыі туберкулёзу і абвешчаныя новыя абавязацельствы – да 2030 года ліквідаваць эпідэмію сухотаў.
У выніку праведзеных мерапрыемстваў і міжнароднай тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў нашай краіне істотна палепшылася эпідсітуацыя па туберкулёзу. За восем гадоў узровень смяротнасці знізіўся практычна на 70%, а ўзровень захворвання з улікам рэцыдываў паменшыўся амаль на 55,8%.
Рэзюмуючы, можна з упэўненасцю сказаць, што за мінулыя дзесяцігоддзі вакцынацыя даказала сваю эфектыўнасць. Дзякуючы ёй удалося дамагчыся значных поспехаў у прафілактыцы шэрагу інфекцыйных захворванняў ва ўсім свеце. Ліквідаваная натуральная воспа, значна зменшылася колькасць выпадкаў краснухі, дыфтэрыі, слупняку, генералізаваных формаў туберкулёзу і вострага віруснага гепатыту В у дзяцей, а таксама іншых інфекцый, якія можна папярэдзіць з дапамогай прафілактычных прышчэпак.
Разам з тым, зніжэнне ўзроўню вакцынацыі насельніцтва можа стаць прычынай успышак небяспечных інфекцый і заражэння вялікай колькасці людзей, распаўсюджвання захворвання. Яркае сведчанне таму – сітуацыі, якія склаліся ў апошні час у некаторых краінах свету.
Па матэрыялах Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by