21.07.2022
21.07.2022

Калі абгарэлі на сонцы. Правільна аказваем дапамогу

logo
Неадкладная дапамога
0 78
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сонца не любіць бестурботнасці. Нават 20 хвілін, праведзеныя пад прамымі сонечнымі промнямі без ахоўных сродкаў, могуць скончыцца не прыгожым бронзавым загарам, а чырвонай скурай і жудаснымі пухірамі.

Пра тое, як паменшыць боль пасля сонечных апёкаў і што трэба рабіць у такой сітуацыі, «Слушна» пагутарылі з загадчыкам апёкавага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Дзмітрыем Мазалеўскім.

Хто больш за ўсё схільны да сонечных апёкаў?

Хто больш за ўсё схільны да сонечных апёкаў?

Не варта грэбаваць правіламі паводзінаў на сонцы ў тым выпадку, калі адпачынак у гарачых краінах з іх незлічонымі пляжамі не ўваходзіць у вашыя планы. Паверце, атрымаць сонечны апёк можна і ў межах доўгіх гарадскіх шпацыраў у нашых шыротах, калі скура не абароненая належным чынам. Фотатып чалавека з'яўляецца прамым паказчыкам таго, як яго скура ўспрымае загар і наколькі ён схільны атрымаць сур'ёзны сонечны апёк.

Сцісла – пра кожны з фотатыпаў.

Першы фотатып скуры. Гэта людзі са светлай тонкай скурай, рудымі ці светлымі валасамі, светлымі вачамі і вяснушкамі. Хутка згараюць.

Другі фотатып. Яго прадстаўнікі маюць светлую скуру і валасы. Вочы – зялёныя, шэрыя ці блакітныя. На сонцы хутка абгараюць.

Трэці фотатып. Скура колеру слановай косці, валасы — ад светла-карычневых да цёмных. А вось вочы – светла-карыя. Людзі з такім фотатыпам загараюць хутка і добра, але верагоднасць абгарэць усё ж існуе.

Чацвёрты фотатып. Прадстаўнікам гэтай катэгорыі пашанцавала. Загар на іх кладзецца лёгка, трымаецца доўга, рызыка апёку – мінімальная. Скура ў іх аліўкавага колеру, валасы – цёмна-карычневыя і чорныя. Колер вачэй – карычневы або чорны.

Пяты фотатып. Да такіх людзей адносяцца тыя, у каго карычневы, жоўты ці жоўта-карычневы колер скуры, а валасы — чорныя. Загар практычна не прыкметны, ды і скура не абгарае.

Шосты фотатып. У іх цёмны (чорны) колер скуры, цёмныя вочы і чорны колер валасоў.

У Беларусі часцей за ўсё сустракаюцца прадстаўнікі другога і трэцяга фотатыпаў.

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык апёкавага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска
Такія людзі могуць атрымаць сонечныя апёкі, забавіўшыся пад прамымі сонечнымі промнямі ўсяго на 20-40 хвілін. Асабліва без сонцаахоўнага крэму і адзення, галаўнога ўбору.

Паўторныя сонечныя апёкі робяць скуру ў гэтых месцах больш адчувальнай да ўльтрафіялету. Таму наступны апёк можна атрымаць за больш кароткі час.

Пазбегнуць сонечных апёкаў даволі проста. Варта скараціць знаходжанне на адкрытым сонцы, выкарыстоўваць сонцаахоўныя крэмы з высокім узроўнем аховы (SPF 50), прыкрываць скуру адзеннем і насіць галаўны ўбор. Не варта злоўжываць спіртнымі напоямі на пляжы. Менавіта такія «адпачывальнікі» часта засынаюць на сонцы і абгараюць да такой ступені, што дапамагчы ім могуць толькі спецыялісты.

Сонечны апёк. Што рабіць?

Калі пасля сонечных ваннаў скура пачырванела, вы адчуваеце смыленне і распіранне ў гэтым месцы, з’явіўся ацёк, пухіры, – гэта апёк. І дзейнічаць у гэтай сітуацыі трэба хутка і правільна.

Па-першае, трэба неадкладна сысці з сонца.

Па-другое, месца, якое трапіла пад агрэсіўнае ўздзеянне ўльтрафіялету, трэба астудзіць. Гэта можна зрабіць прахалоднай праточнай вадой альбо  прыкласці мокрую тканіну, майку (вада таксама павінна быць прахалоднай – тэмпература больш за 8°C, а не ледзяной). Змочваць такую «павязку» трэба рэгулярна. Астуджаць месца апёку давядзецца доўга, больш за 20 хвілін.

Па-трэцяе, пашкоджанае месца можна апрацаваць сродкамі для лячэння сонечных апёкаў, напрыклад, лекавымі прэпаратамі з дэкспантэнолам.

Па-чацвёртае, варта выкарыстоўваць абязбольвальны сродак.

 

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык апёкавага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска
Пры сонечных апёках пачырваненне можа трымацца каля чатырох сутак, потым з'явіцца лушчэнне. На сёмыя суткі яно звычайна праходзіць. Калі ж скура абпаленая да пухіроў, загойвацца будзе ад 7 да 10 сутак.

Па-пятае, пры сонечным апёку можа ўзняцца тэмпература. Прычым вельмі высокая – да 40 градусаў. На гэты выпадак трымайце ў аптэчцы гарачкапаніжальныя таблеткі.

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык апёкавага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска
Высокая тэмпература ўзнімаецца па некалькіх прычынах. Гэта банальны перагрэў з-за доўгага знаходжання на сонцы. Акрамя таго, у выпадку, калі плошча сонечнага апёку вялікая, у арганізме выдзяляецца шмат так званых медыятараў запалення (біялагічна актыўныя рэчывы, якія запускаюць і падтрымліваюць усе запаленчыя з'явы ў арганізме).

Высокая тэмпература вельмі небяспечная. Яна можа стаць прычынай сутаргаў. У дзяцей такі стан развіваецца вельмі хутка. Чакаць, пакуль палепшае, не варта, трэба звярнуцца да спецыялістаў у лячэбную ўстанову або выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі.

Калі пры сонечным апёку своечасова не прыняць неабходныя меры, арганізм можа страціць шмат вадкасці. І, як вынік, парушыцца баланс электралітаў, крытычна знізіцца артэрыяльны ціск, пацерпяць ныркі і пагоршыцца работа сэрца.

⚡️Магчыма, вам будзе цікава:

Навошта патрэбныя сонцаахоўныя акуляры

Сонцаахоўны крэм для дзяцей: правілы выкарыстання

Бяспечны ўльтрафіялет. Як правільна карыстацца сонцаахоўнымі крэмам

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 78

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Неадкладная дапамога"