22.02.2024
22.02.2024

Філасофская ідэя Алеся Родзіна. Як творчасць мастака ўплывае на ўспрыманне рэчаіснасці?

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Дзе сёння ў Мінску прэзентуюць унікальнае, эксцэнтрычнае мастацтва? Адказ просты. Варта завітаць у Палац мастацтваў пазнаёміцца ці ў чарговы раз убачыць работы таленавітага мастака Алеся Родзіна, імя якога даўно вядома не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.

Выстаўка

Выставачны праект «Эксперэментальны кантакт» прысвечаны памяці мастака. Алесь Родзін нібы сапраўдная зорка, пайшоў з жыцця, але дагэтуль застаецца яркім арыенцірам для многіх прадстаўнікоў мастацтва розных пакаленняў.

Алесь Родзін

Нягледзячы на класічнае навучанне жывапісу, увесь творчы шлях мастака быў пераадоленнем рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці. Мастак знайшоў свой уласны адметны почырк у творчасці.

Палац мастацтваў

На яго карцінах прысутнічаюць фігуры, намаляваныя даволі рэалістычна, але з непрапарцыйнальна выцягнутымі часткамі целаў, велізарнымі, на ўсё палатно, далонямі і вачыма. Мастак смела ўмешваўся ў асновы матэрыі, раскладаючы яе на часткі, вылучаючы яе механічныя стварэнні і біялагічныя рытмы. Ён ствараў на палатне складаны дынамічны сусвет бясконцай колькасцю дробных ліній і кропак. А глядач павінен углядацца ў амаль аб’ёмныя структуры на палатне, каб заўважыць складаныя сінтэтычныя выявы, шматфігурныя кампазіцыі, урбаністычныя пейзажы.

Пейзажы

Творы Алеся Родзіна складана ўспрымаць з першага погляду, бо гэта вялікія палотны, насычаныя неверагоднай колькасцю філасофскіх дэталяў, элементамі розных сімволік. Іх трэба вывучаць не адзін дзень, каб усё ж такі зразумець пасыл і завуаляваныя сэнсы аўтара. Варта адзначыць, што выбар пляцоўкі для выстаўкі вельмі ўдалы. Складана прадставіць такую маштабную экспазіцыю ў межах моднай галерэі. А тут усё атрымалася: такія кампаненты як псіхадэлічная атмасфера аўтарскіх кампазіцый і вялікая прастора ператварыліся ў гарманічнае спалучэнне.

Выстаўка Алеся Родзіна

Кожная работа Алеся Родзіна мае цэльную задуму, складаны сюжэт, філасофскую ідэю. Так, у 1990-х гадах мастак напісаў дыптых «Апакаліпсіс», цыклы «Сіндром Адраджэння» і «Тысячагадовая міфалогія», пазней стварыў манументальную карціну «Міфалагему тысячагоддзяў», якую многія называюць самай вялікай па памеры ў Еўропе. У гэтых работах мастак распавядаў пра агрэсію і гармонію грамадства, якія вызначаюць гістарычныя шляхі другой паловы XX стагоддзя.

Алесь Родзін

Пазней пачаліся паездкі за мяжу: Нідэрланды, Францыя, Германія. У 2001 годзе ў Берліне ў Доме мастакоў Tacheles адкрылася выстаўка сучаснага беларускага мастацтва Dасh, у якой быў прадстаўлены творы Алеся Родзіна. Гэта падзея змяніла лёс мастака. На працягу 13 гадоў у вялізнай выставачнай зале па некалькі месяцаў экспанаваліся манументальныя жывапісныя палотны Алеся Родзіна, а сам ён штодня праводзіў майстар-класы для наведвальнікаў.

З 2003 года разам са Зміцерам Юркевічам Родзін ладзіў штогадовы фестываль «ДАХ» – некалькі фестываляў адбыліся і ў Мінску у Палацы мастацтва.

Алесь Родзін 2

Першая персанальная выстаўка Алеся Родзіна адбылася ў 1971 годзе. З таго часу мастак зладзіў больш за 40 персанальных выставак. І ў кожнай з іх заўсёды экспанаваліся палотны буйнога памеру (часам да 6 метраў у даўжыню і 2 у вышыню). У гэтых работах была заключана таямніца быцця, доўгі жыццёвы шлях самога Алеся Родзіна, а таксама іншыя праявы бязмежнай яго творчасці.

Алесь Родзін

Алесь Родзін нарадзіўся ў 1947 годзе ў горадзе Баранавічы. Вучыўся ў мастацкай студыі В.Вярсоцкага і мастацкай школе №1. Працягваў вучобу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава, Хайма Ліўшыца. Мастак пайшоў з жыцця ў 2022 годзе.

Выстаўка Родзіна

Беларускаму саюзу мастакоў 85 год. Чым уразіў гледачоў праект, прысвечаны юбілею аб’яднання?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама