26.07.2019
26.07.2019

Француз у Беларусі: «Вашы мужчыны храбрэйшыя за хлопцаў на Захадзе»

logo
Асобы i лёсы
0 108
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Француз  жыве ў Мінску амаль год: прыехаў у Беларусь вучыць рускую мову.

Журналіст Слушна распыталася аб галоўных ўражаннях еўрапейца пра беларускае жыццё, жанчын, мужчын, грошы, ежу, каханне і адносіны.

Чысціня ў метро і людзі, якія не ўсміхаюцца

Чысціня ў метро і людзі, якія не ўсміхаюцца

Робін, раскажы трохі пра сябе.

— Я родам з французскага горада Манпелье. Па адукацыі палітолаг, вучыўся ў Францыі і Бельгіі. Яшчэ з тых часоў вельмі зацікавіўся гісторыяй і культурай усходнееўрапейскіх краін. Да таго, як прыехаць у Мінск, 5 гадоў жыў і працаваў у французскім культурным цэнтры ў Малдове. Дарэчы, спрабаваў сябе таксама і як журналіст, фатограф.

Чаму вырашыў вывучаць мову менавіта ў Мінску, а не ў Маскве, напрыклад?

— Калі я задумаўся пра тое, што хачу вывучыць рускую мову, дык зразумеў, што самастойна гэта зрабіць амаль немагчыма. Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт параіў мне сябар. Я прыехаў сюды спачатку на 5 дзён. І мне спадабалася! У Маскве я не быў ніколі. Але ведаю, што гэта вялікі шумны горад, да таго ж, вельмі дарагі. Хацелася чагосьці больш спакойнага, бяспечнага. Акрамя таго, адыграла ролю і тое, што ваша краіна цяпер больш адкрытая. Раней патрэбныя былі візы, і гэта здавалася складаным. Цяпер час знаходжання без віз павялічыўся да 30 дзён, і гэта, безумоўна, прываблівае.

Што табе спадабалася ў Мінску?

— Ведаю, што пра гэта кажуць усе замежнікі, але гэта сапраўды тое, што ўражвае: у вас вельмі чыста! І тое, што я ўбачыў, вельмі адрозніваецца ад іншых краін у вашым рэгіёне. Добрыя дарогі, дагледжаныя паркі, тратуары, чыстае метро. Некаторыя станцыі вельмі прыгожыя. Напрыклад, Якуба Коласа, тут цікавая архітэктура. Калі мае бацькі прыязджалі да мяне сюды ў госці, яны былі ўражаныя чысцінёй метро. Большасць падземак у свеце не такія. Да прыкладу, у Парыжы. Вельмі ўражаныя вашымі лясамі, азёрамі. Гэта па-сапраўднаму зачароўвае.

Замежныя госці нярэдка скардзяцца, што мала людзей у Мінску могуць пагутарыць на англійскай мове. І гэта робіцца праблемай.

— Сапраўды, на вуліцах, у рэстаранах, крамах рэдка можна сустрэць каго-небудзь, хто размаўляе на англійскай мове ці разумее яе. І гэта, дарэчы, было адной з прычын, чаму я вырашыў вучыць тут рускую мову. Калі цябе не разумеюць, даводзіцца хутчэй вучыцца. Я б не змог гэтага зрабіць, калі б пастаянна карыстаўся англійскай мовай. А вось па французскай сумую. На ёй у Мінску я не размаўляю наогул.

Што ты думаеш пра нашых людзей? Кажуць, што беларусы самыя неэмацыянальныя і мала ўсміхаюцца.

— У цэлым, беларусы досыць прыязныя. Калі мне даводзіцца звяртацца да кагосьці, часцей за ўсё людзі стараюцца дапамагчы і ставяцца добразычліва. Усміхаюцца сапраўды рэдка не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе. Для замежніка спачатку гэта дзіўна. Адразу здаецца, што ты зрабіў штосьці не так, што ты не падабаешся. Але потым я зразумеў адну рэч: людзі тут не ўсміхаюцца без прычыны. Затое ты ведаеш, што калі яны гэта робяць, дык сапраўды шчырыя. У Францыі не так. Мы ўсміхаемся заўсёды. Але часам гэта фальшыва. Я аддаю перавагу беларускай версіі, хаця мне хочацца, каб, да прыкладу, у крамах з пакупнікамі былі больш ветлівыя і паказвалі зацікаўленасць. У цэлым гэта было б лепш і для бізнэсу, думаю.

Савецкі Саюз, гарэлка, зіма

Калі ты жывеш у Беларусі, ці адчуваеш, што знаходзішся ў Еўропе?

— Вельмі добрае пытанне. Так, я адчуваю гэта. У нас насамрэч шмат агульнага. Нават тое, што мы любім піць і есці. Нашы краіны сутыкнуліся калісьці з Другой сусветнай вайной. Адрознівае нас мова, у Францыі мы не вучым рускую. І мала што ведаем пра Беларусь, Расію, Украіну, акрамя асноўных клішэ: Савецкі Саюз, гарэлка, зіма. Вядома, часы мяняюцца, кожнае новае пакаленне адрозніваецца ад папярэдняга. Тут я сустракаў людзей, якія праводзяць адпачынак у Італіі, Грэцыі, Турцыі, Францыі і г.д. Яны бачаць многія рэчы, вучацца, спрабуюць знайсці агульныя кропкі судакранання сваёй культуры і іншых культур у свеце.

Што ты думаеш з нагоды беларускай ежы?

— Для мяне важная магчымасць смачна паесці. Беларуская ежа мне падабаецца. Я вялікі прыхільнік сырнікаў. Прыйшліся да душы дранікі без мяса, мачанка, боршч, халаднік, салянка...

Як ацэньваеш выбар прадуктаў у беларускіх крамах? Чаго не хапае?

— Часам выбар не адрозніваецца разнастайнасцю. Я заўважыў, што ў крамах шмат прадукцыі з Украіны, Расіі, але няма многіх еўрапейскіх брэндаў, якія распаўсюджаныя ў нас. Мне не хапае французскай выпечкі тыпу круасанаў. Яны ёсць, але не ўсюды і не заўсёды добрыя. Я сумую па дэсертах. На мой густ, пірожныя тут занадта салодкія.

Тры самыя любімыя месцы ў Беларусі?

  • Музей Марка Шагала, Віцебск. Марк Шагал вельмі знакаміты ў Парыжы, але мала хто ў нас ведае пра яго радзіму. Мне вельмі падабаюцца творы Шагала, таму было дужа кранальна ўбачыць тыя мясціны, дзе ён рос і якімі натхняўся. Ты адчуваеш атмасферу яго работ па-іншаму.
  • Музей Вялікай Айчыннай вайны, Мінск. Мяне вельмі цікавіць гэты перыяд, таму я часта наведваю падобныя музеі ў Еўропе. Думаю, што ў Мінску – лепшы. Асабліва ўражвае зона, дзе аднавілі жыццё партызанаў.
  • Рака Бярэзіна, Барысаў. Калі штосьці ў жыцці не атрымліваецца, французы кажуць: «Гэта Бярэзіна». Значыць, што ўсё дрэнна. Напалеон страціў каля Бярэзіны мноства салдат, гэта было цяжка для французскай арміі. Было цікава адчуць дух гісторыі на гэтым месцы.

3 рэчы, якія не падабаюцца замежніку ў Беларусі?

  1. Дарагое віно. Французы могуць выпіваць келіх віна штодня за вячэрай, але тут я гэтага не раблю, бо яно дарагое, а выбар абмежаваны. Але, між іншым, «Савецкае шампанскае» мне спадабалася.
  2. Доўгая і халодная зіма. Гэта, бадай, самае складанае выпрабаванне. Пастаянна цёмна, ветрана і халодна. І нават калі прачнуўся ў добрым настроі, ён можа лёгка сапсавацца, бо ўвесь час не хапае святла.
  3. Мала кавярняў. Вядома, у Мінску ёсць вуліцы, дзе засяроджана мноства бараў і рэстаранаў: Зыбіцкая, Карла Маркса. Але ёсць вялікія раёны, дзе можна ісці 40 хвілін – і не сустрэць нічога такога.

Мужчыны маўклівыя, жанчыны прыгожыя

Якое галоўнае адрозненне беларусак ад францужанак?

— Беларускія жанчыны не запалоханыя мужчынамі, з імі лягчэй знайсці кантакт. У Францыі зараз надзвычай актуальная тэма харасменту. І калі ты проста нават звярнуўся са звычайным пытаннем, яна насцярожыцца і можа адказаць накшталт: «Чаго вы ад мяне хочаце?»

— Калі замежнік прыязджае ў Беларусь, ёсць дзве рэчы, якія адразу кідаюцца ў вочы. Першая: тут вельмі шмат дзяўчат, больш, чым мужчын. І гэта робіцца зразумела досыць хутка. Напрыклад, у Мінскім лінгвістычным універсітэце, дзе я вучуся, 90% студэнтаў – дзяўчаты. Я ніколі не бачыў такога, да прыкладу, у Францыі. Вядома, гэтаму ёсць гістарычныя прычыны. Падчас Другой сусветнай вайны мільёны мужчын былі забітыя.

Што яшчэ заўважае прыезджы адразу: дзяўчаты тут вельмі прыгожыя. І яны ведаюць, як заставацца прывабнымі штодня.

Калі ты скажаш сваім сябрам, што сустракаешся з дзяўчынай з Беларусі, якая можа быць іх рэакцыя?

— У Францыі няма дрэннага стаўлення да дзяўчат з Беларусі, толькі ўяўленні пра тое, што яны прыгожыя. Думаю, маім сябрам было б цікава сустрэцца з ёй. Гэта краіна, пра якую яны мала ведаюць. Але іх рэакцыя дакладна не была б негатыўнай.

Ёсць клішэ, што жанчыны з Усходняй Еўропы вельмі даступныя?

— Часам у адносінах да дзяўчат ужываюць слова «easy» – лёгкая. Для мяне ў гэтым слове мноства канатацый, тут яно выкарыстоўваецца з негатыўнай. Я не ведаю, што значыць быць лёгкай. Калі так казаць, тады ўсе мужчыны вельмі даступныя. Некаторыя дзяўчаты вельмі моцна адрозніваюцца ад гэтых уяўленняў. Адзіная рэч, у якую я веру: людзі могуць рабіць усё, што яны хочуць, калі яны гэта пажадаюць.

У Еўропе людзі часта імкнуцца будаваць адносіны, як два раўнапраўныя партнёры, але ў нашым грамадстве гэта яшчэ не так моцна распаўсюджана.

— У нас таксама існуюць розныя тыпы адносінаў. Бываюць і пары накшталт «мама-сын», «тата-дачка». Але часта людзі хочуць быць разам, як дзве незалежныя асобы. Я сустракаў у Беларусі шмат жанчын, якія жадаюць самі выбіраць, чаго яны хочуць ад жыцця. І, вядома, ёсць і іншыя, якія думаюць, што ўсё павінен рабіць мужчына. На мой погляд, у такім выпадку ў пары пакутуюць абодва. Ён – ад вялікай адказнасці, з якой можа часам не спраўляцца. Яна – ад свайго залежнага становішча, у якім, па сутнасці, нічога не вырашае.

У апошні час у нашых сацсетках шмат дыскусій на тэму, ці павінен мужчына плаціць за жанчыну і чаму. Напрыклад, у кавярні, падчас сумеснага адпачынку, калі яны разам здымаюць кватэру і г.д. Што ты думаеш з гэтай нагоды?

— Я бачу, што ў Беларусі плацяць за ўсё мужчыны, і я гэта паважаю. І ў той жа час думаю пра тое, што ў іх павінна быць шмат грошай для таго, каб плаціць за дваіх штораз. А калі гэтых грошай няма?! Тады гэта вялікі стрэс. Трэба або пазбягаць хадзіць куды-небудзь, або можна наогул разарыцца. У Францыі па-рознаму. Залежыць ад таго, як адбылася сустрэча. Калі мужчына запрашае дзяўчыну ў рэстаран або бар і кажа: «Я хачу запрасіць цябе». Вядома, ён будзе плаціць. Калі два чалавекі проста дамовіліся схадзіць кудысьці разам, дык, магчыма, яны падзеляць рахунак. Няма правіла, што плаціць павінен толькі мужчына. Я думаю, што гэта выдатна – запрасіць дзяўчыну ў рэстаран, падарыць падарунак, кветкі. Але калі гаворка ідзе пра тое, каб жыць разам, усё ж лічу, што трэба дапамагаць адзін аднаму і дзяліць выдаткі. Можа, не 50 на 50. Але жанчына абавязкова павінна ўдзельнічаць, каб не адчуваць сябе залежнай.

Якое ўражанне ў цябе склалася пра нашых мужчын? Ёсць уяўленне пра тое, што, да прыкладу, французы – рамантыкі, а нашы хлопцы не вельмі любяць усе гэтыя рэчы.

— Я не дужа шмат меў стасункаў з беларускімі мужчынамі, часта перашкаджае моўны бар'ер. Першае маё ўражанне: яны вельмі маўклівыя і ніколі не кажуць пра сябе. Мы, жыхары поўдня – з паўднёвай Францыі, Італіі, Іспаніі – часта дзелімся сваімі пачуццямі, гаворым пра сябе, сваё жыццё. Але вашы мужчыны ўсё трымаюць у сабе. І, напэўна, гэта складана ў стасунках, бо ты не адчуваеш абмену, кантакту. Хаця магу сказаць, што ўяўленне пра французаў як пра рамантыкаў вельмі перабольшанае, гэта хутчэй ідзе з літаратуры. Беларусы дораць сваім жанчынам кветкі нашмат часцей.

Калі шчыра, я наогул думаю, што вашыя мужчыны больш моцныя, смелыя, чым хлопцы на Захадзе. Гэта звязана з асаблівасцямі вашай гісторыі. Да прыкладу, мой бацька ў 1970-х атрымліваў асалоду ад жыцця, адпачываў, іграў на гітары і слухаў рок-музыку. Але вашы мужчыны падчас Савецкага Саюза служылі ў войску ў такіх суровых месцах, як Мурманск, да прыкладу. З жорсткай дысцыплінай. А калі ўспомніць Другую сусветную вайну, дык Беларусь – краіна, якая перажыла адну з самых вялікіх трагедый у гісторыі. У Францыі, да прыкладу, ёсць адна вельмі сумна вядомая вёска Арадур-сюр-Глан, дзе фашысты знішчылі ўсіх жыхароў. Вялікая трагедыя для французскага народа. Але ў Беларусі такіх вёсак больш за 600! Вы бачылі пекла.

Шлюб і адзінота ў сеціве

Ёсць меркаванне, што інстытут шлюбу ў Еўропе церпіць крах, што людзі не хочуць больш жаніцца і наогул імкнуцца заставацца адзіночкамі …

— У Еўропе мноства розных краін, і сітуацыя на поўдні Італіі будзе адрознівацца ад таго, што адбываецца ў Германіі. Магу сказаць, што для французаў важны шлюб. Але, напэўна, не так, як для беларусаў. Тут людзі жэняцца вельмі рана, і праз 3-4 гады ці крыху больш многія разводзяцца. У Францыі ўзрост уступлення ў шлюб – 30-35 гадоў. Часта людзі робяць гэта пасля многіх гадоў сумеснага жыцця, ужо маючы дзіця. Мы не спяшаемся. Матывы ўступлення ў шлюб у гісторыі цяпер змяніліся. Раней людзі хацелі мець сям'ю, але каханне не было ў ёй галоўным складнікам. Зараз жа яно – такое. Але паколькі каханне не вечнае, дык так, разводаў шмат і ў нас. Ёсць прыклады працяглых адносінаў, але там ужо хутчэй да кахання дадаецца штосьці большае, сяброўства.

Ніхто не хоча быць адзінокім. Але калі выбару занадта шмат, ты не ведаеш, што рабіць. Гэта складана, бо наперадзе заўсёды маячыць штосьці лепшае. Гэта тычыцца не толькі адносінаў. У нас ёсць добры тэлевізар, машына, але праз пэўны час нам хочацца памяняць іх на мадэль больш новую, хаця і гэтая тэхніка выдатна працуе. Праз год у адносінах, сутыкаючыся з першымі цяжкасцямі, людзі думаюць: можа, ёсць штосьці лепшае з іншым чалавекам. Не думаю, што такі стан рэчаў прыносіць нам шчасце. Заўсёды ёсць два шляхі. Першы: выбраць добрага чалавека і лічыць, што табе вельмі пашанцавала, быць задаволеным гэтым. І другі: пастаянна ганяцца за ідэалам.

Нягледзячы на гэты велізарны выбар, у сучасным свеце вельмі шмат па-сапраўднаму адзінокіх людзей…

— Іх шмат у вялікіх гарадах. Ты робішся ў іх як быццам нябачным. І калі знікнеш заўтра, нікому да гэтага не будзе справы. Парыж лічыцца горадам рамантыкаў, але гэта таксама і горад адзіночак. У нас ёсць вядомы выраз пра жыццё ў Парыжы: «метро-праца-сон». Гэта тваё жыццё штодня, у якім ты не бачыш больш нічога. Таму так папулярныя зараз сацсеткі і дадаткі для знаёмстваў. Людзі хочуць верыць, што зараз адправяць паведамленне – і хтосьці зразумее іх.

Дзякуй за цікавую гутарку, Робін!

— Заўсёды – калі ласка.

Фота – Аксаны Жураўлёвай і з асабістага архіву Робіна Коскаса.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 108

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Асобы i лёсы"