Восень — самы час прыгадаць дзяцінства і зрабіць гербарый. Мы прапануем вам некалькі гістарычных фактаў, а таксама парады па падрыхтоўцы раслін ды іх выкарыстанні.
Што такое гербарый?
Гербарый – гэта не толькі калекцыя засушаных раслін, але і спецыяльная ўстанова, дзе яны захоўваюцца.
Самыя буйныя гербарыі свету месцяцца ў Парыжы, Нью-Йорку і Санкт-Пецярбургу.
Гісторыя і сучаснасць
Першыя гербарыі з'явіліся ў 16 стагоддзі па ініцыятыве італьянскага доктара і батаніка Лукі Гіні. Вучоны вынайшаў спосаб засушвання раслін паміж папяровымі лістамі.
Сам тэрмін пачаў ужываць пазней французскі батанік Жозэф Турнефор. А шведскі прыродазнаўца Карл Ліней прапанаваў тэхналогію па зборы раслін, якая да гэтага часу амаль не змянілася.
У Расіі першы гербарны ўзор заклаў Пётр I.
Датай стварэння беларускага гербарыя лічыцца 1932-гі – год адкрыцця Цэнтральнага батанічнага саду.
Праца гербарыя ў Беларусі некалькі разоў перарывалася, і толькі ў 2010 годзе ён аформіўся як асобнае падраздзяленне. Як і іншым калекцыям свету, наш гербарый мае ўласны акронім (імя) – MSKH. Гэта адзінае сховішча, якое маштабна адлюстроўвае разнастайнасць флоры Беларусі і з'яўляецца нацыянальным здабыткам.
Цікава, што большасць гербарыяў свету занесены ў спецыяльную базу, а таксама перанесеныя ў электронны фармат, хаця гэта не заменіць жывога ўзору.
Як сабраць гербарый?
- Збіраць расліны можна з вясны да восені.
- Рабіць гэта пажадана бліжэй да канца дня, калі ранішняя раса ўжо высахла, а вячэрні туман яшчэ не з'явіўся.
- Важна разумець мэту збірання. Калі збіраеце для класічнага навуковага гербарыя, то раслінкі неабходна браць цалкам: не толькі кветкі, лісце, але і корань. Гэта дапаможа атрымаць паўнавартаснае ўяўленне і дазволіць прасачыць розніцу каранёвых сістэм. Расліну нельга вырываць, яе трэба выкопваць, інакш пашкодзіцца падземная частка. Не варта забываць і пра плод. У двудомных раслін трэба збіраць як мужчынскі, так і жаночы асобнік.
- З сабой у паход за новымі ўзорамі можна ўзяць лісток з ручкай, каб адразу падпісаць яго, а таксама пазначыць дату збору.
- Перад пачаткам сушкі неабходна падрыхтаваць расліну, калі яна завяла, паставіць яе ненадоўга ў ваду.
Як сушыць расліны для гербарыя?
Існуе некалькі спосабаў падрыхтоўкі ўзораў для вашага будучага гербарыя.
Сушка раслін пад прэсам. Усім вядомы спосаб, калі мы закладваем лісточкі і кветачкі паміж старонак кнігі і заціскаем між іншымі тамамі.
Гэта вельмі просты варыянт, але сам працэс дастаткова доўгі, і такая сушка не пасуе для больш сакавітых прадстаўнікоў флоры.
Сушка раслін пры дапамозе праса. Гэта найбольш небяспечны спосаб для раслін, таму што вельмі лёгка спаліць кветачку або лісцік, перавысіўшы тэмпературу або сілу націску. Перад прасаваннем расліну неабходна перакласці некалькімі пластамі паперы. Прагладжваць трэба акуратна, таму што ад вашых рухаў залежыць выгляд батанічнага матэрыялу.
Сушка кветак пры дапамозе водапаглынальнага рэчыва. Аматарам сушаных раслін дапаможа… манка, крышаная крэйда або іншае водапаглынальнае рэчыва. Гэты спосаб як раз для сакавітых і буйных відаў. Падыходзіць для тых, хто хоча стварыць букет з сухацветаў, таму што дазваляе захаваць форму.
Важна! Паколькі высушаныя расліны робяцца крохкімі, для захавання формы можна апырскаць іх фіксатарам, напрыклад, лакам для валасоў.
Як выкарыстоўваць матэрыял?
Класічны навуковы гербарый
Асібана
Тыя, каго не цікавіць навука, могуць паспрбаваць сябе ў творчасці. З засушаных кветачак і лісточкаў можна складаць кампазіцыі, рабіць карціны і паштоўкі ў падарунак або калекцыянаваць свае шэдэўры.
Мастацтва асібаны з'явілася ў Японіі 600 гадоў таму і да гэтага часу застаецца папулярным.
Таксама апошнім часам папулярныя гербарныя кампазіцыі пад шклом. Такія карціны – цудоўнае аздабленне інтэр'еру. Галоўны прынцып тут – мінімалізм. Акрамя таго можна рабіць кулоны ды мыла з засушанымі кветкамі. Гэта выдатная магчымасць падарыць сабе ці блізкаму чалавеку кавалачак лета.
Лэнд-арт
Гэта маштабны вулічны мастацкі аб'ект з прыроднага матэрыялу, у тым ліку з апалага лісця. З яго можна ствараць як стылёвыя ўзоры, так і розныя фігуры: казачных персанажаў, напрыклад. Магчыма, гучыць дзіўнавата, але на справе выклікае захапленне.
Безумоўна, больш прыемна бачыць у сваім двары арыгінальную інсталяцыю, чым проста кучу сухога лісця. Адзіны мінус гэткай творчасці – недаўгавечнасць.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by