У часы сярэднявечча адзінага сістэмнага падыходу у навучанні медыцыне ў Беларусі не было. Лекары, цэхі цырульнікаў і шпіталі развіваліся самі сабой. Сітуацыю паспрабавалі змяніць у Гродне ў апошняй чвэрці 18 стагоддзя. Адмысловая ўвага была нададзеная стварэнню тут Гродзенскай каралеўскай медыцынскай акадэміі – першай установы вышэйшай медыцынскай адукацыі і медыцынскай навукі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Асноўнымі прычынамі адсутнай сістэмы надання насельніцтву медыцынскай дапамогі былі крызіснае фінансавае становішча краіны і брак медыцынскіх спецыялістаў. Урачоў рыхтавалі толькі ў Кракаўскай акадэміі. Віленская ж увогуле не мела медыцынскага факультэта. Але ў 1765–1780 гг. змяніць стан рэчаў удаецца тагачаснаму вядомаму дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, мецэнату Антонію Тызенгаўзу (1733–1785). У тыя часы Антоній Тызенгаўз быў гродзенскім старастам, падскарбіем надворным літоўскім і адміністратарам каралеўскіх эканомій Вялікага княства Літоўскага.
Пры падтрымцы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Тызенгаўзу ўдалося правесці ў кіраваных ім дзяржаўных маёнтках шэраг сацыяльных і эканамічных пераўтварэнняў, якія закранулі і ахову здароўя. У Гродне першапачаткова былі заснаваныя акушэрская і ветэрынарная школы.
Але галоўным дасягненнем Антонія Тызенгаўза ў галіне медыцыны было стварэнне ў Гродне медыцынскай каралеўскай акадэміі.
Для арганізацыі яе працы Тызенгаўз запрасіў вядомага французскага лекара і натураліста Жана Эмануэля Жылібера (1741–1814). Кантракт з ім стараста гродзенскіх каралеўскіх маёнткаў заключыў на дзесяць гадоў. Згодна з гэтым дакументам Жылібер быў абавязаны закласці ў Гродне медыцынскую і ветэрынарную школы, займацца доктарскай практыкай, напісаць падручнік, закласці за кошт Тызенгаўза батанічны сад, які будзе прадстаўлены для навучальных патрэб школы, а таксама музей натуральнай гісторыі, даследаваць беларускую прыроду і напісаць пра вынікі, а апрача таго — выкладаць у Гродзенскай акадэміі, якую павінны адкрыць у гродзенскім маёнтку.
Пазней у сваіх успамінах Жылібер прызнаваўся, што за сем гадоў працы ў Гродне яму ўдалося зрабіць столькі, колькі за васемнаццаць гадоў у Францыі.
Медыцынская акадэмія месцілася ў трохпавярховым, спецыяльна ўзведзеным для яе будынку, які ў далейшым неаднаразова перабудоўвалі, але і сёння ў ім шмат што нагадвае пра той час. Гэты дом знаходзіцца на вуліцы Ажэшкі, 20, і абвешчаны помнікам архітэктуры 18 стагоддзя.
У 1775 годзе кароль Станіслаў Аўгуст выдаў Жыліберу патэнт дырэктара Каралеўскай медыцынскай школы ў Гродне, а таксама інспектара шпіталяў і «фізіка вытанчанай гісторыі прыродазнаўства» Вялікага Княства Літоўскага. У самым пачатку у Жылібера было ўсяго толькі дванаццаць вучняў. Паводле ўспамінаў швейцарскага навукоўца Бярнулі, які наведаў Гродна ў 1778 годзе, у школе было арганізавана ўрачыстае аддзяленне на дзесяць «дзяцей добрага паходжання і выдатных здольнасцей» з ліку якіх было намечана падрыхтаваць «дасканалых урачоў для гарадоў». Апрача гэтага існавала аддзяленне на дваццаць месцаў, якое рыхтавала правінцыйных лекараў і хірургаў.
Існавала яшчэ адно аддзяленне медыцынскай акадэміі — павівальнага мастацтва. Спачатку тут навучаліся пяць, а потым сямнаццаць дзяўчат. Заняткі з імі праводзіла выпісаная з Парыжа акушэрка. Трэба адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі дзяўчат. Некаторыя з іх былі пазней запрошаны для заснавання павівальнай школы пры Галоўнай віленскай школе. Вучняў набіралі пераважна з ліку вольнаадпушчаных і прыгонных сялян Гродзенскай, Брэсцкай, Шавельскай і Оліцкай каралеўскіх эканомій (так называліся каралеўскія землеўладанні), а таксама з ліку дзяцей служак Тызенгаўза.
Меркавалася, што выпускнікі школы пасля яе заканчэння будуць абслугоўваць эканоміі. Усе навучэнцы ўтрымліваліся за казённы кошт. З еўрапейскіх краін запрасілі вядомых і паважаных выкладчыкаў. Гэта былі сам Жылібер, а таксама доктар Інсельман, хірург і анатам Вірыён, хімікі Монц і Менар выкладалі клінічныя прадметы. Апроч згаданых пяці выкладчыкаў у навучальным працэсе бралі ўдзел два фельчары і адна акушэрка. Для параўнання трэба адзначыць, што ў Кракаўскім універсітэце ў гэты час быў толькі адзін выкладчык медыцыны. Сам Жылібер быў навукоўцам і педагогам з шырокім кругаглядам. Ён выкладаў не толькі асновы медыцыны, але і заалогію, батаніку ды мінералогію.
Асобна варта адзначыць, што разам з чытаннем лекцый шырока практыкавалася навучанне каля ложку хворага. Базай для практычнага навучання стаў гродзенскі шпіталь на 60 ложкаў. Палаты былі вялікія і ўсяго на некалькі месцаў. Памяшканні праветрываліся з дапамогай спецыяльных вентыляцыйных сістэм. Большую частку лекаў і настоек рыхтавалі ў шпіталі. Кожны студэнт назіраў за некалькімі хворымі і павінен быў штодзённа весці гісторыю хваробы.
Ва ўласнасць акадэміі таксама перайшла аптэка, заснаваная езуітамі ў 1687 годзе.Жылібер разам са сваімі вучнямі збіраў гербарыі. Навучэнцы займаліся зборам лекавых раслін не толькі ў ваколіцах Гродна, але і выязджалі дзеля гэтага ў Навагрудак, Шчорсы, Нясвіж ды іншыя месцы. Лавілі там таксама казюрак, звяроў і птушак для акадэмічных калекцый.
Прафесар заснаваў і першы ў ВКЛ батанічны сад. У 1778 годзе ў ім было ўжо дзве тысячы раслін, з іх паўтары тысячы замежных. Па разнастайнасці флоры сад не саступаў аналагічным установам у Заходняй Еўропе. Да гэтага часу ў ім захаваліся высаджаныя Жыліберам бразільская хвоя, воцатнае дрэва ды іншыя экзатычныя дрэвы. Сёння ў гонар Жана Эмануэля Жылібера названы галоўны гарадскі парк Гродна. У ім усталяваны помнік навукоўцу (скульптар В. Панцялееў).
У Гродне Жылібер выдаў сваю працу “Flora lituanica inehoata seu enumeratio plantarum quas circa Grodna”, дзе ахарактарызавана 778 відаў раслін з наваколля Гродна і даліны Нёмана. Жылібер наладзіў кантакты з акадэміямі многіх краін, у тым ліку з Пецярбургскай Акадэміяй навук.
Пры акадэміі дзейнічалі кабінет натуральнай гісторыі, дзе меліся калекцыя з 10 000 мінералаў, мноства ўнікальных гербарыяў, трыста гравюр з выявамі раслін, бібліятэка ў тры тысячы тамоў найноўшых кніг па медыцыне і гісторыі прыродазнаўства, выдадзеных у Францыі, Германіі, Нідэрландах, ды анатамічны тэатр. Уваход у апошні вянчаў надпіс: “Тут сама смерць ператвараецца на карысць чалавека”.
У 1779 годзе Жылібер паведаміў пра першы выпуск выхаванцаў школы. Але на наступны год Антоній Тызенгаўз быў звольнены са сваіх пасад. Акадэмія пазбавілася мецэната і была пераведзена ў Вільню. Пераехалі ўсе выкладчыкі і студэнты. Была вывезена бібліятэка ў тры тысячы тамоў, школа са сваімі калекцыямі і інструментамі. На гэтай аснове ў Вільні, а таксама дзякуючы мясцовым музеям і кафедры анатоміі быў заснаваны медыцынскі калегіум (пазней факультэт) Галоўнай віленскай школы. Жылібер узначальваў тут кафедру натуральнай гісторыі і батанікі, заклаў батанічны сад. Але прафесар нядоўга выкладаў у Вільні. У 1784 годзе яго адтуль выжылі езуіты. У пачатку наступнага года Жылібер выехаў у Варшаву і адтуль у Францыю. Кароль вельмі цаніў Жылібера, цікавіўся ягонымі працамі і ад’езд навукоўца засмуціў яго. Па ўказу караля зрабілі мармуровы бюст даследчыка і выбілі два медалі ў яго гонар.
Гісторыя захавала да нашага часу імёны вучняў Жылібера – ураджэнцаў Беларусі, якія пачыналі вучыцца яшчэ ў Гродне, а пазней скончылі медыцынскі калегіум у Вільні і атрымалі ступень доктара медыцыны. Гэта С. Ленцнер, А. Лаўрыновіч, І. Ясінскі, С. Арлоўскі і А. Матусевіч. Апошні – Андрэй Матусевіч паходзіў з Гродзенскай губерні, ён стаў прафесарам кафедры акушэрства і хірургіі ў Віленскім універсітэце, а пазней кіраваў акушэрскай клінікай. Іосіф Ясінскі атрымаў ступень доктара медыцыны і паспяхова вёў практыку ў Вільні і Навагрудку. Ён напісаў і выдаў адну з першых навуковых кніг па антрапалогіі. Ступень доктара медыцыны атрымаў і ўраджэнец Гродна Аўгуст Бекю.
Стварэнне і непрацяглы досвед працы Гродзенскай медыцынскай акадэміі мелі вялікае значэнне ў развіцці вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Нягледзячы на кароткачасовасць існавання, Гродзенская медыцынская акадэмія здолела стаць найбуйнейшай крыніцай навуковых даследаванняў па біялогіі і медыцыне. За перыяд свайго існавання акадэмія падрыхтавала некалькі дзясяткаў спецыялістаў, якія былі накіраваны на працу ў дзяржаўныя маёнткі ВКЛ. Гэта дазволіла стварыць перадавую па тым часе трохузроўневую сістэму медыцынскага абслугоўвання на аснове агульнадаступнасці і бясплатнасці. Нічога падобнага ў Еўропе тады яшчэ не было.
https://bel.24health.by/dapamagali-kamyani-mox-navat-perunovyya-strely-yak-lyachyli-zuby-nashy-prodki/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by