А вы любіце водар сена?! Той асаблівы пах... ужо не свежай травы, але яшчэ не цалкам высахлай. Калі ў яго ўплятаюцца ноткі духмянага разнатраўя з адценнямі прахалоды дажджу... Калі хочацца ўдыхаць той водар на поўныя грудзі і, прыжмурыўшы вочы, у думках-мроях адлятаць... у краіну дзяцінства.
Тыя, хто нарадзіўся і хаця б некалькі гадоў правёў у вёсцы, думаю, мяне зразумеюць. Як і тыя, хто рэгулярна ўлетку праводзіў свае незабыўныя дзіцячыя гады ў бабуль з дзядулямі.
У кожнага свае ўспаміны пра сена. Хтосьці дапамагаў яго сушыць, зграбаць, стагаваць... Хтосьці з такім гонарам пазіраў на ўсіх астатніх зверху ўніз, едучы на высозным возе, нагружаным сенам! Іншыя ж засыналі ў стозе, на сене ў адрыне...
Але зараз любы водар такі мімалётны! Яго надоўга не затрымаць, калі проста праходзіш у горадзе міма скошанай камунальнікамі травы. Так, прыемна, але ўсяго на некалькі хвілін. А потым у твае лёгкія зноў лезе навязлівы пах бензіну, саляркі, шкодных выкідаў прадпрыемстваў, цыгарэт (сапраўдная бяда!!!)...
Але выйсце сапраўды ёсць! Гэта... падушка. І не са звычайнай высахлай травой, а з рознымі карыснымі духмянымі траўкамі. Калі спіш на такой, дык сапраўды бы вяртаешся ў вясковае дзяцінства. І засынаеш хутка, і сны сняцца каляровыя і прыемныя.
Да таго ж, падушку можна зрабіць лекавай! Толькі не забывацца на тое, што травы не павінны пахнуць рэзка і моцна. Інакш замест сну можна займець бяссонніцу і нават расстройства здароўя. Таму трэба давяраць сваім адчуванням – прыемна пахне ці не, выклікае добрыя эмоцыі альбо, наадварот, праз некалькі хвілін вы пачуваецеся некамфортна.
Памятаю сваю дачную падушку, набітую сенам і канюшынай. Вось тут сапраўды была сітуацыя: не паспяваеш да яе данесці галаву, як ужо спіш! J А ў вас бывала такое?!
Калі правільна падабраць начынне падушкі, дык можна пазбавіцца ад стомленасці і трывогі, стабілізаваць работу сэрца, атрымаць ачышчанае паветра, павысіць імунітэт.
Я ўжо прыглядаюся да травак, каб займець чароўную падушачку на гэты сезон. Спадарожна чытаю пра лекавыя ўласцівасці раслінаў. Цікава, што канюшына, аказваецца, здольная пазбавіць ад пакутлівага галаўнога болю. Хмель, валошкі і мята перцавая (якая так раскашуе на нашым дачным участку!) разам змагаюцца са стэнакардыяй і інфарктам. А бронхі і лёгкія дапаможа ачысціць... піжма. Калі ж яшчэ дадаць да яе хвою з бактэрыцыдным дзеяннем...
Вось толькі не ўпэўнена, што пах піжмы ўсім будзе даспадобы. І найперш у сабе сумняваюся. Таму хутчэй думаю пра больш прыемныя водары календулы і рамонку. Сцвярджаюць, што яны дораць эмацыянальнае заспакаенне, светлыя эмоцыі. Ну вось якраз тое, што трэба! Як мне, дык асабліва ў пятніцу, калі даехаць з Чэрвеня да Мінска на маршрутцы робіцца вялі-і-і-ізнай праблемай!
Вы ўжо вырашылі займець такую падушачку, зробленую сваімі рукамі?! Тады – за працу! Шыем альбо купляем чахол з моцнай тканіны – бавоўны ці лёну. Збіраем упадабаныя траўкі – падалей ад пыльных дарог, зразумела ж. Добра высушваем, толькі не на сонцы, а змясціўшы ў цень. Пажадана, каб месца добра прадзімалася ветрам. Гарышча – самае тое!
Калі любіце падушкі аб’ёмныя, трэба дадаць штосьці да духмяных травак – салому, папараць ці вераск. І перад сном часцей падушку трэсці-ўзбіваць. Тады яна не будзе падобнай да бліна. Ды і водар траў узмацніцца.
Можна, вядома ж, набыць і гатовую падушку з травамі. Але тое, што з любоўю сабранае-зробленае сваімі рукамі... Як мне падаецца, лекавае дзеянне будзе ўзмацняцца шматкроць.
А навеяў гэтыя думкі ўслых... усяго толькі водар свежага сена ў рысе горада. Добрых усім падушак і прыемных казачных сноў на іх!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by