На жаль, мы прывыклі да сумнай статыстыкі: ва ўсім свеце мужчыны жывуць менш за жанчын. На постсавецкай прасторы гэты разрыў асабліва прыкметны. З чым гэта звязана? Што можа дапамагчы нашым мужчынам жыць даўжэй? Як захаваць мужчынскую сілу і што такое мужчынскі клімакс? Чым адрозніваецца палавая функцыя ў мужчын больш старэйшага ўзросту?
Пра гэта карэспандэнту Слушна распавёў Кірыл Прашчаеў, дырэктар навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расія), намеснік старшыні Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб'яднання (Беларусь), доктар мед.навук, прафесар.
Чаму мужчыны жывуць меней?
Прычына 1. Паводзіны па тыпу «мача»
Маскулінны тып паводзінаў, які падтрымліваецца нашай культурай, – вобраз мача, якому ўсё хоць бы што. Ён не павінен плакаць, скардзіцца. Калі жанчына можа падзяліць свае перажыванні з сяброўкамі, мамай, сястрой і тым жа мужам, дык мужчына, мяркуецца, альбо наогул пазбаўлены эмоцый, альбо вырашае свае праблемы неяк сам, пакуль ніхто не бачыць. Каб не страціць сваю мужнасць. Гэта стварае пастаяннае павышанае напружанне. (Пра гэту праблему мы шмат разважалі ў нашай рубрыцы «Пра што маўчаць мужчыны»).
— Што цікава, ёсць пэўны тып мужчын, якіх у народзе называюць «мамчын сынок», «падабцаснік». Вось у гэтых сямейных парах здароўе прадстаўнікоў моцнага полу лепшае. Яны не саромеюцца скардзіцца, казаць пра свае праблемы. Яны пад апекай, іх здароўе кантралюецца спадарожніцамі.
Прычына 2. «Мужчынскі» тып харчавання
— Жанчына сочыць за сваёй вагой. Што яна есць на вячэру? Лёгкую салату. А якое паняцце пра мужчыну: «Мужык прыйшоў з працы, ён жа галодны». Яму – кавалак тлустага мяса, макароны трэба зварыць ці бульбы насмажыць. А яшчэ і стрэс зняць чарачкай. Падобнае харчаванне адбіваецца і на здароўі. Ды і тэма алкагалізацыі, шкодных звычак сярод мужчын больш распаўсюджаная.
Прычына 3. Адсутнасць клопату пра знешні выгляд і здароўе
Хадзіць на манікюр і педыкюр, займацца спортам, надаваць увагу гігіене і вонкаваму выгляду – усё часцей гэта звычайная практыка сярод 20-гадовых мужчын. А вось тым, каму за 40, адолець стэрэатыпы складана. Ва ўзросце 55-60 гадоў займацца сабой і сваім целам прыходзяць у асноўным дамы.
Што рабіць?
Вынаходзіць веласіпед не трэба. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўжо ўстанавіла, што павялічыць працягласць жыцця могуць тры значныя фактары.
- Фізічная актыўнасць
У тыдзень патрабуецца 150-300 хвілін аэробнай нагрузкі сярэдневысокай інтэнсіўнасці (хуткія рухі), 2-3 разы на тыдзень трэба прысвяціць сілавым нагрузкам.
- Харчаванне
— Калі ёсць павышаная вага, трэба з ёй змагацца. Бо яна – пагроза ўскладненняў. Падумайце пра сваю сям'ю. Што будзе, калі яны атрымаюць цяжкахворага чалавека дома?
- Рэгулярнае медыцынскае назіранне.
— Уся наша дыспансерызацыя, як бы мы яе ні лаялі, патрэбна. Не падабаецца дзяржаўная паліклініка – знайдзіце прыватны цэнтр. Не падабаецца і там – самі складзіце сабе элементарную праграму абследавання. Сучасны чалавек павінен ведаць усяго толькі некалькі параметраў.
- Артэрыяльны ціск. Ён не павінен быць вышэй за 140/90 мм рт.сл.;
- Узровень глюкозы. Не павінен быць больш за 5,5 ммоль/л;
- Ліпідаграма. Трэба сачыць за ўзроўнем халестэрыну і яго фракцыямі і звяртаць увагу, каб каэфіцыент атэрагенных не перавышаў 3 балы;
- Флюараграфія – каб выключыць анкапаталогію і сухоты;
- Абследаванне практолага. Пасля 40 гадоў трэба не саромецца наведаць гэтага доктара, каб выключыць рак прамой кішкі;
- Ведаць свой ВІЧ-статус;
- Прышчапляцца згодна з календаром прышчэпак, які рэкамендуе ўчастковы тэрапеўт.
Мужчынская сіла – як утрымаць?
Мужчына можа змірыцца і з брушкам, якое з'явілася, і з макаўкай, якая радзее. А вось згасанне палавой функцыі перажываецца прадстаўнікамі моцнага полу вельмі цяжка. Шмат у чым гэта звязана з тым самым вобразам мача, які павінен быць гатовым да любоўных подзвігаў гадоў да 100. А яшчэ з адсутнасцю сэксуальнай граматнасці і паняцця пра сэксуальнасць у сталым узросце. Гэтая тэма ў краінах постсавецкай прасторы ўсё яшчэ пад табу.
— Аднак трэба разумець, што калі праблемы з патэнцыяй паўсталі пасля 60-65 гадоў, дык гэта варыянт нормы. Не трэба саромецца гэтага згасання. Шмат у чым мужчыны часта ўспрымаюць яго як праблему, не разумеючы біялагічнай сутнасці. У нас ёсць паняцце аб сэксуальнасці ў сталым узросце як аб традыцыйным палавым акце. Але на самай справе яна адрозніваецца ад таго, што мы назіраем у маладым або сярэднім узросце. І гэта нармальна.
На змену традыцыйнаму палавому акту прыходзяць іншыя формы: ласкі, пацалункі, петынг і мноства іншых варыяцый. Многія пажылыя людзі адчуваюць задавальненне і камфорт, нешта падобнае да аргазму ў маладосці, калі проста дакранаюцца рукамі адзін да аднаго пры праглядзе тэлевізара. Трэба гэта разумець. А мы гэтыя пытанні не прагаворваем. Хоць неяк займаемся палавым выхаваннем у школе, а вось што такое нармальная сэксуальная функцыя ў сталым узросце, не абмяркоўваем. Таму мужчыны імкнуцца аднавіць тую, якая падобная да маладой. А такое не заўсёды магчыма. Бо прызначэнне гармонатэрапіі ў 65-70 гадоў багата на негатыўныя наступствы для здароўя.
Наплявацельскае стаўленне да свайго выгляду і здароўя даўно перастала быць адзнакай мужнасці. Новы час прыносіць свежыя павевы. Быць адказным перад сабой і сваімі блізкімі – у гэтым і ёсць сапраўдная мужчынская сіла. І пачынаецца яна з клопату пра сябе ў кожным аспекце свайго жыцця.
https://bel.24health.by/pachatak-novaga-zhyccya-albo-myazha-eksperty-pacikavilisya-merkavannem-belaruskix-muzhchyn-va-uzrosce-45/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by