16.01.2020
16.01.2020

Калагенавая маладосць. Ці можна дадаткамі забяспечыць другую «першую свежасць»?

logo
Прыгажосць і догляд
0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пасля таго, як сярэдняя працягласць жыцця чалавека за апошнія 100 гадоў павялічылася амаль удвая, вялікую актуальнасць набыло пытанне: які сродак дапаможа максімальна доўга захоўваць прыгажосць і маладосць? Бо прыхільнікаў натуральнага старэння, якія жадаюць правесці добрую частку жыцця, назіраючы, як цела паступова драхлее і пакрываецца маршчынамі, не так ужо і шмат. Няма нічога дзіўнага ў тым, што касметалогія і касмецэўтыка зараз перажываюць лепшыя часы, прапаноўваючы тысячы спосабаў змагацца з узроставымі зменамі па ўсіх франтах: звонку і знутры.

Калаген. Залатая маска.

Асаблівай папулярнасцю, напрыклад, карыстаюцца прэпараты на аснове натуральных кампанентаў, якія ў арганізме чалавека выконваюць ролю натуральных захавальнікаў маладосці. Да іх ліку адносіцца калаген. Яго дадаюць у крэмы, маскі, сыроваткі, сродкі догляду валасоў і пазногцяў... Вішанькай на торце – гідралізаваны бялок «у чыстым выглядзе» для прыёму ўнутр у форме капсул або парашка для падрыхтоўкі раствора. Ці варта верыць усяму, што абяцаюць вытворцы? Ці сапраўды калаген – тая чароўная таблетка, якая здольная спыніць час?

Сіла калагену

Па сутнасці, калаген – гэта бялок, які змяшчаецца ў арганізме жывёлаў. У чалавека 40% калагену ўваходзіць у склад скуры, 10% – у склад унутраных органаў, астатні размеркаваны ў звязках, храстках, сухажыллях, мышцах і касцях. Адпаведна, адэкватны біясінтэз бялку забяспечвае не толькі падтрыманне знешняй прывабнасці, але і захаванне фізічнага здароўя.

Калаген. Маладосць скуры.

На тым і стаіць касмецэўтыка, пералічваючы перавагі прыёму прэпаратаў калагену.

  1. Калаген падтрымлівае і паляпшае здароўе скуры.

Калаген з'яўляецца асноўным структурным кампанентам дэрмы і сінтэзуецца ў арганізме самастойна. Аднак з узростам працэсы яго ўтварэння прыкметна змяншаюцца. Да 50 гадоў наш арганізм выпрацоўвае на 30% меней бялку, чым у 20-гадовым узросце. Адсюль маршчыны, сухасць і «стомленасць» скуры, страта тонусу. Цалкам лагічна выказаць здагадку, што дадатковае прымяненне калагену дасць магчымасць кампенсаваць дэфіцыт бялку, палепшыць стан і знешні выгляд скуры.

Так, шэраг даследаванняў паказаў, што ў жанчын, якія на працягу некалькіх тыдняў прымалі біялагічна актыўныя дабаўкі на аснове гідралізаванага калагену, адзначалася павышэнне тургору і эластычнасці скуры, памяншэнне выяўленасці маршчынаў. У цэлым скура выглядала больш свежай і здаровай, чым у жанчын, якія не прымалі дадатковыя прэпараты.

Калаген. Свежы выгляд.

На думку даследчыкаў, эфект забяспечваюць не толькі «амаладжальныя» ўласцівасці самага калагену, але і яго здольнасць стымуляваць сінтэз эластыну – яшчэ аднаго бялку, які адказвае за юную свежасць.

  1. Калаген здымае боль у суставах, захоўвае іх рухомасць.

Па меры таго, як з узростам памяншаецца сінтэз натуральнага калагену ў арганізме, узрастае рызыка развіцця дэгенератыўных захворванняў суставаў, такіх, як астэаартрыт. І гэта таксама вытлумачальна, паколькі высокая ўдзельная вага калагену засяроджаная ў суставах, храстках, звязках і сухажыллях.

Прыём прэпаратаў калагену дазваляе знізіць болевы сіндром у суставах, захоўвае іх рухомасць без істотных абмежаванняў фізічнай актыўнасці. Пра гэта таксама сведчаць высновы даследаванняў, праведзеных з удзелам прафесійных спартсменаў. Вучоныя мяркуюць, што станоўчы вынік дасягнуты, дзякуючы ўласцівасцям «дадатковага» калагену назапашвацца ў храстковай тканцы, а таксама стымуляваць сінтэз уласнага калагену.

Калаген. Рухомасць суставаў.

  1. Калаген прадухіляе развіццё астэапарозу.

Абумоўленае ўзроставымі зменамі запавольванне сінтэзу калагену вядзе да зніжэння шчыльнасці касцявой масы, у будаўніцтве якой бялок іграе адну з першых скрыпак. Чым ніжэйшая шчыльнасць косці, тым вышэйшая рызыка пераломаў і развіцця такога захворвання, як астэапароз.

Натуральна, вучоныя не пакінулі па-за ўвагай гэтае пытанне. І, правёўшы даследаванне, высветлілі, што ў жанчын, якія на працягу года штодня прымалі дабаўкі калагену, мінеральная шчыльнасць касцей апынулася на 7% вышэйшай, чым у жанчын з кантрольнай групы. Акрамя таго, эфект ад прыёму прэпаратаў кальцыю (якія традыцыйна ўваходзяць у тэрапію астэапарозу) у спалучэнні з калагенам апынуўся значна вышэйшым, чым ад прыёму адных толькі прэпаратаў кальцыю.

Калаген. Мінеральная шчыльнасць косці.

  1. Калаген і ўсё, усё, усё

Зразумела, гэта далёка не ўсе перавагі, якія прыпісваюцца прэпаратам калагену.

Напрыклад, вытворцы біялагічна актыўных дабавак абяцаюць, што, прымаючы калаген унутр, вы ўжо зусім хутка выявіце, як прыкметна мацнейшымі і здаравейшымі зробяцца валасы і пазногці, як хутка яны растуць. Таксама вам гарантаваныя стабільна добры настрой, памяншэнне трывожнасці, адсутнасць праблемаў са сном і нават пазбаўленне ад лішніх кілаграмаў.

Увогуле, застаецца толькі здзіўляцца, чаму, маючы такую магутную зброю, мы ўсё яшчэ старэем, з цяжкасцю (а часам і беспаспяхова) змагаемся за любы «мінус» на вагах, пакутуем ад дэпрэсій і расстройстваў сну?..

З чым ядуць калаген

Прызнаны эксперт у галіне прыгажосці і маладосці  на гэтае пытанне адказвае так.

Святлана Якубоўская
Дэрматолаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Ніякіх навукова абгрунтаваных доказаў высокай эфектыўнасці біялагічна актыўных харчовых дабавак на аснове калагену няма. У сэнсе, уласцівасці калагену, яго функцыі і роля ў арганізме чалавека бясспрэчныя. Але эфектыўнасць прэпаратаў крыху перабольшаная.

Даследаванні сапраўды праводзіліся, але ўсе яны былі непрацяглымі і ахоплівалі невялікую колькасць удзельнікаў. Таму, нягледзячы на шматабяцальныя вынікі, не могуць служыць пераканаўчай доказнай базай.

Прынята лічыць, што гідралізаваны калаген (расшчэплены на мікрачасціцы) лягчэй засвойваецца арганізмам. Аднак калаген, які змяшчаецца ў харчовых прадуктах, засвойваецца таксама без праблемаў. На каштоўны бялк багатыя ялавічына, свініна, рыба, птушка. Асабліва шмат яго ў скуры, храстках, сухажыллях. У тым, што елі нашыя продкі, але ў наш век харчовай разнастайнасці хутчэй будзе аднесенае да харчовых адходаў.

Святлана Якубоўская
Дэрматолаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Ёсць людзі, якія абсалютна перакананыя, што пачалі выглядаць лепей, больш свежымі і маладзейшымі пасля таго, як пачалі прымаць калагенавыя дабаўкі. Ёсць тыя, хто кажа, што пасля БАДаў знікла боль у суставах. Але, па-першае, псіхасаматыка, самаўнушэнне – вялікая рэч. Калі чалавек ведае пра эфекты калагену, дык часцей за ўсё, пачынаючы яго прымаць, ён гэтыя эфекты «бачыць» і «адчувае». Па-другое, прымаючы, умоўна кажучы, таблеткі для маладосці, чалавек інтуітыўна пачынае паводзіць сябе інакш: больш увагі надае догляду скуры, выбарча ставіцца да таго, што есць, захапляецца спортам або фізічнай актыўнасцю. Каб, так бы мовіць, узмацніць эфект. І ў канчатковым выніку, натуральна, гэта спрыяльна адбіваецца на яго самаадчуванні і радуе адлюстраваннем у люстэрку.

Арганізм чалавека – складаны механізм, у якім усё ўзаемазвязана. Адпаведна, каб надоўга захаваць яго ў «працоўным стане», падыход таксама павінен быць комплексным. Аднаго чароўнага, імгненнага і цудадзейнага сродку для здароўя і маладосці, на жаль, як не было, так і няма.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 18

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Прыгажосць і догляд"