Вячаслаў Калацэй, кандыдат культуралогіі, выступоўца з інтэрактыўнай лекцыяй «Арт-тэрапія і беларускі фальклор» у рамках Эстафеты «У імя жыцця»
Вы – загадчык кафедры этналогіі і фальклору. Чым дакладна займаецеся?
– У нас два напрамкі дзейнасці. Першы – чытаем лекцыі па беларусазнаўстве, этнаграфіі, міфалогіі і фальклоры для ўсіх студэнтаў універсітэта культуры і мастацтваў. Другі – рыхтуем студэнтаў па спецыяльнасці «Народная творчасць (фальклор) », па спецыялізацыі «Этнафоназнаўства». Фактычна мы рыхтуем этнамузыколагаў, якія могуць фальклор даследаваць, пераймаць і выконваць.
І вы яшчэ з’яўляецеся ўдзельнікам гурта «Ветах»…
– Так. «Ветах» быў створаны ў 1997 годзе і існуе дагэтуль. З гуртом мы аб’ехалі амаль усю Еўропу. Некалькі апошніх нашых падзей: нядаўна вярнуліся з Кітая, дзе выступалі ў оперным тэатры Пекіна – на найбольш прэстыжнай канцэртнай пляцоўцы краіны. Яшчэ нядаўна выступалі ў штаб-кватэры ЮНЭСКА ў Жэневе.
Вы знаёміце замежных слухачоў з беларускім фальклорам?
– Сапраўды, але ж не толькі. У нас на кафедры на кожным курсе ёсць фальклорны калектыў – гэта калектыў «Этнасуполка», якім кіруе Таццяна Пладунова, «Страла» пад кіраўніцтвам Эвеліны Шчадрыной. Наталля Петухова кіруе гуртом «Агнявец», а я – гуртом «Аранія». А калі гэтыя калектывы збіраюцца разам, яны ствараюць фальклорны гурт «Талака».
Чаму вы вырашылі займацца менавіта гэтым?
– Так склалася, што я адвучыўся на музыку-інструменталіста. А потым вучыўся спяваць і трапіў на кафедру беларускай народна-песеннай творчасці і ў гурт «Грамніцы» да Уладзіміра Зяневіча. Фактычна гэта ён далучыў мяне да фальклору.
Як зараз складаецца сітуація з фальклорам? Ці дастаткова ён захаваўся? Ці знаходзіцца штосьці, раней невядомае?
– Справа ў тым, што ў адрозненне ад нашых суседзяў, у нас фальклорная традыцыя дагэтуль захавалася. Яна, канешне, знаходзіцца не ў тым стане, як у мінулым стагоддзі, але яна ёсць. Таму зараз шмат робіцца па яе перайманні, з’яўляюцца маладыя носьбіты, якія працягваюць гэтую справу. Раней такога не было, бо раней імкнуліся фальклор паляпшаць, тым самым «забіваючы» яго. А зараз навучыліся працаваць з ім больш тонка.
Новая інфармацыя з’яўляецца ўвесь час. Напрыклад, у Беларусі змаглі аднавіць дуду (беларускую валынку) – каранёвы музычны інструмент, які быў фактычна страчаны ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя. Цяпер на ёй грае шмат людзей. Таму нават па дударстве з’яўляюцца, а таксама ўводзяцца ў навуковае абарачэнне відэа- і аўдыёматэрыялы з фальклорам, які раней не быў абнародаваны.
Дзякуючы гэтаму мы ведаем свае каранёвыя музычныя інструменты. Гэта шмат дае для таго, каб асэнсаваць прыроду беларускай музыкі, законы яе развіцця, фарміравання, каб разумець, як з ёй трэба працаваць, каб яна жыла.
Што вам у вашай працы больш падабаецца: знаходзіць штосьці ці распавядаць пра фальклор і спяваць?
– Фальклор жыве, пакуль ёсць людзі, якія ім займаюцца. Калі ён матэрыялізуецца, тады ён жыве. Да заканчэння дваццатага стагоддзя лічылася, што фальклор трэба запісаць, здаць у архіў і забыцца на яго. У лепшым выпадку – надрукаваць кніжкі і выпусціць пласцінкі. Зараз стаяць зусім іншыя задачы. Я знаёмы з вядомым маскоўскім музыкам Сяргеем Старасціным. Дык ён казаў: «Я не разумею, як можна ездзіць, запісваць, а потым не заспяваць і не зайграць гэта».
Мне здаецца, што будучае за людзьмі, якія працуюць над матэрыялізацыяй фальклору, над тым, каб ён існаваў у побыце, у святах, на канцэртных пляцоўках і ў СМІ, якія, на жаль, не ўмеюць працаваць з фальклорам і паказваюць самае непрэзентабельнае і мала цікавае.
Насамрэч гэта даволі высокая культура, і далёка не кожны чалавек можа да яе ўзняцца.
Вы лічыце, што гэтае няўменне разумець і працаваць з фальклорам звязана з неадукаванасцю? Ці адкуль яно ідзе?
– Так, яно ідзе ад неадукаванасці. Традыцыя можа перадавацца ці ў сям’і, ці ў школе. Сёння ні ў сям’і, ні ў школе гэтага няма. Ёсць толькі новыя ў рознай ступені экзатычныя праекты – фальклорныя гурты, студэнцкія этнаграфічныя таварыствы і наша кафедра, якія спрабуюць пэўным чынам яго даносіць да слухача і гледача. Здаецца, што як сістэма, як субкультура фальклор імкнецца сам сябе захаваць праз тое, што нечакана з’яўляюцца людзі, якія пачынаюць ім займацца.
Напрыклад, зараз у Верхнім горадзе апантаныя людзі наладжваюць побытавыя танцы. Раней такога не было. Ёсць фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня», якія праходзілі на Гомельшчыне кожныя два гады, запачаткаваныя Міколам Козенкам і Святланай Беразоўскай. Фактычна, сёння – гэта шматступенная сістэма захавання рэгіянальнага фальклору на аснове побытавага танца. Але гэта – выключэнні.
Праз гэта Вы бачыце рост ці аднаўленне цікавасці беларусаў да сваёй музыкі і культуры ўвогуле?
– Так. Як кожны від культуры, фальклор мае патэнцыял да захавання, і па пэўных сваіх законах ён спрабуе застацца ў новым часе. Што няпроста, бо зараз бачная тэндэнцыя да глабалізацыі, уніфікацыі. А тое, што звязанае з захаваннем этнічнай ідэнтычнасці, спадзяецца на асабісты выбар чалавека.
Хаця іх страта небяспечная і можа скончыцца спачатку этнічнай, а потым нацыянальнай катастрофай.
Але калі развітыя краіны прайшлі этап глабалізацыі і зараз набірае ход вяртанне да нацыяналізму і большай закрытасці, дык беларусы ж не прайшлі яшчэ, здаецца, ні адзін з гэтых перыядаў. Бо мы яшчэ быццам бы шукаем у поцемках сваё адлюстраванне, каб убачыць, хто і што мы такое. Ці наблізіліся мы да пазнання і прыняцця сваіх каранёў, ці ёсць рух у гэтым напрамку?
– Пра гэта больш размаўляюць апошнім часам. Мы прайшлі некалькі хваляў беларусізацыі, апошняя з якіх прыйшлася на 1990-я. Зараз пад уплывам таго, што адбываецца ў суседніх краінах, і падзей ва Украіне на мяжы з Расіяй… Я спадзяюся, гэта станецца для нашых лідараў добрым стымулам для ўмацавання этнічнай культуры беларусаў. Бо, як я ўжо казаў, калі народ губляе сваю ідэнтычнасць і культуру, ён сыходзіць з гістарычнай арэны. І ў свеце была процьма такіх прыкладаў, пра гэта шмат пісаў Леў Гумілёў – сын Ганны Ахматавай і Мікалая Гумілёва.
24 жніўня Вы будзеце праводзіць інтэрактыўную лекцыю «Арт-тэрапія і беларускі фальклор». Як фальклор можа ўплываць на чалавека?
– Арганізатары папрасілі зрабіць інтэрактыў, далучыць слухачоў і гледачоў да працэсу выканання фальклору. Таму, акрамя таго, што я буду даваць агульную характарыстыку, што такое фальклор, музыка, вусныя традыцыі, разам з аўдыторыяй мы паспрабуем праспяваць некалькі песень. Хутчэй за ўсё, гэта будуць валачобныя песні. Гэта ўнікальны жанр. Іх яшчэ можна пачуць у побыце на Гродзеншчыне і на Віцебшчыне. Увогуле, яны існуюць толькі ў беларусаў і на беларускім памежжы Літвы. Лічыцца, што валачобныя песні – гэта маркеры беларусаў, то бок у месцах, дзе ёсць гэтыя песні, жывуць ці жылі беларусы.
Мне падаецца, што склад клетак чалавека – быццам добра прадуманы арнамент, а рак, анкалогія – парушэнне гэтага ўзору. Як вы ўспрымаеце анкалогію?
– У свой час мая знаёмая, дарэчы, даволі маладая, хварэла. Але ж яна не здалася і змагалася да апошняга. Было складана: хіміятэрапія, бальніца… Паралельна з барацьбой яна вяла фальклорны гурт. І нават перамагла са сваімі вучнямі на адным фестывалі. А пасля перамогі пайшла на папраўку. І калі мы размаўлялі, заўсёды падтрымлівалі яе, каб не здавалася, каб змагалася, бо яна маладая, здольная мабілізаваць схаваныя магчымасці арганізма, і павінна перамагчы гэтую хваробу. І я рады, што ў яе атрымалася.
Таму лічу, што трэба змагацца, заўсёды.
Ці ёсць у Вас дэвіз па жыцці?
– Крывая выведзе заўжды.
Што Вам дапамагае пераадольваць цяжкасці?
– Разумнае імкненне іх пераадолець. Спачатку трэба ўсё абдумаць, а потым прыступіць да ліквідацыі гэтых цяжкасцяў.
У вас ёсць улюбёная кніга, кінастужка, музыка?
– Кніга – «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава, а фільм, напэўна, «Quo vadis» (па-руску – «Камо грядеши») паводле Генрыка Сянкевіча.
Які твор вы б парэкамендавалі чалавеку, што пражывае крызісную сітуацыю?
– Напэўна, трэба проста перачытаць сваю любімую кніжку. Трэба звярнуцца да таго, што выклікае станоўчыя эмоцыі, і пастарацца іх зафіксаваць, каб потым пачаць працаваць над ліквідацыяй крызісу.
Ці ёсць у вас герой з рэальных людзей?
– Шмат хто. Разумееце, я працую са студэнтамі, а ў іх шмат станоўчай энергіі, і ад іх можна пастаянна зараджацца.
Вы б прыпісалі сябе да пэўных грамадзянскіх плыняў?
– Як і ўсе, з’яўляюся карыстальнікам інтэрнету, тым больш, што мы вядзем старонкі нашай кафедры і студэнцкія суполкі ў сацыяльных сетках.
Што вас натхняе?
– Тое, што ёсць вакол нас. Як казаў Біл Гейтс, заснавальнік Microsoft, свет, які нас акаляе, настолькі прыгожы і непрадказальны, што зводзіць яго да механічнай камбінацыі верагоднасцяў і лічбаў нельга – у ім ёсць душа.
Дзякуем Вячаславу Калацэю за падтрымку Эстафеты «У імя жыцця»!
Да сустрэчы 24 жніўня 2019 у Мінску. Эстафета «У імя жыцця» – гэта акцыя для анкапацыентаў і іх блізкіх.
Будзем вучыцца граматна дапамагаць сабе і людзям, якія маюць у тым патрэбу. Супраць раку мы мацнейшыя разам!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by