Віктар Малышчыц, астраном, фатограф, сябра Экспертнай групы па пасткросінгу і ўдзельнік фотавыставы «Са-тварэнне» ў рамках Эстафеты «У імя жыцця»
Віктар, раскажыце, якім быў ваш шлях да сямейных і нацыянальных каштоўнасцяў, зорак, фатаграфіі?
Насамрэч, ніякага адмысловага шляху і не было. Прынамсі, жыццёвых парад у стылі «рабі, як я», дакладна даць не змагу. Многія распавядаюць, як трэба змагацца на працягу ўсяго жыцця. Я ж хутчэй плыву па цячэнні. Ці, калі сказаць прыгожымі словамі, давяраю інтуіцыі і поклічу сэрца. У мяне заўсёды прынцып – калі не можаш зараз жа звярнуць горы, рабі штосьці маленькае. У рэшце рэшт, цячэнне, па якім я раю плыць, точыць камяні і з цягам часу разбурае цэлыя горы.
Захапленне зоркамі атрымалася выпадковым. У пятым класе ўсе школьнікі мараць пра космас, і мая мама проста здагадалася падарыць мне маю першую энцыклапедыю пра зоркі, якую я ледзьве не на памяць вывучыў. Да таго ж, у школе знайшоўся апантаны астраноміяй настаўнік, які здолеў гэтае захапленне падтрымаць.
Да нацыянальных каштоўнасцяў таксама асабліва прыходзіць не давялося. Я нарадзіўся ў Латвіі і бачыў, як латышы шануюць сваю краіну, мову і культуру. Калі мы пераехалі сюды, я вучыўся ў трох школах – усе яны былі беларускія, і ў мяне нават не ўзнікала пытання, у якой краіне я жыву і якая наша мова. Калі мне было гады 23, усе гэтыя дзіцячыя ўражанні ўсплылі ў памяці, таму я зрабіў ужо свядомы выбар: хачу жыць тут, хачу, каб мае дзеці любілі гэтае месца, і хачу, каб яны былі беларусамі.
З фатаграфіяй атрымалася яшчэ больш празаічна. Як і тысячы іншых людзей, я любіў штосьці здымаць. І гэта засталося б проста захапленнем, каб не неабходнасць пракарміць сям’ю.
Што вы лічыце сваім найбольшым дасягненнем, чым ганарыцеся?
Напэўна, сваю сям’ю. Многія дасягненні з цягам часу забываюцца, многія дасягнутыя вяршыні і рэкорды праз некаторы час застаюцца ў ценю перамог іншых людзей. А вось сям’я і дзеці заўсёды прыносяць шчасце, і кожны дзень з імі не засумуеш.
А ёсць тое, што не атрымалася? Што б вам хацелася ажыццявіць?
Ды проста мора ўсяго! Калі ў цябе процьма планаў, дык абавязкова многія з іх не змогуць ажыццявіцца – увесь час трэба будзе выбіраць, што табе больш важна. Па шчырасці, хацелася б зрабіць мноства сацыяльных праектаў, але сям’я забірае шмат часу і, на мой погляд, сярод прыярытэтаў яна павінна стаяць на першым месцы.
Як вы далучыліся да Эстафеты ў падтрымку анкапацыентаў? Чаму для вас гэта важна?
Мяне запрасіла Ірына Жыхар. Роля ў мяне зусім невялікая – усяго толькі быць адным з членаў журы фотаконкурсу і паўдзельнічаць у невялікай фотавыставе. Шчыра, я не ведаю, як правільна падтрымаць анкалагічных пацыентаў. Але ведаю, што стаю побач з вялікай і прафесійнай камандай, якая дакладна ведае, як гэта зрабіць. І шчаслівы, што крышачку магу ў гэтым паўдзельнічаць.
Ці ёсць у вас досвед стасункаў з анкапацыентамі? Некаторыя людзі адчуваюць страх камунікацыі з імі. Ці ёсць ён у вас?
Сярод блізкіх мне людзей не было анкапацыентаў, але не думаю, што павінен быць страх камунікацыі з імі. Вельмі вялікі працэнт анкалагічна хворых вылечваюцца і вяртаюцца да звычайнага жыцця, таму іх хвароба не адрозніваецца нічым ад іншых сур’ёзных, але вылечных захворванняў. Я толькі не ведаю, як размаўляць з людзьмі, у якіх рак ужо даўно перакрочыў 4-ю стадыю і якім застаецца не так шмат – у нас настолькі розныя каштоўнасці ў жыцці, што было б вельмі добра, каб хтосьці растлумачыў, як правільна сябе паводзіць з такімі людзьмі.
Маглі б вы адказаць, што для вас значыць – перамагчы рак?
Напэўна, гэта – вярнуцца да звычайнага жыцця, задумвацца, у першую чаргу, не пра сваю хваробу, а пра тое, пра што думаюць і ўсе астатнія людзі. Але, ведаеце, я не ўпэўнены, што рак да канца можна перамагчы. Нават у стане шматгадовай устойлівай рэмісіі, напэўна, ніколі ўжо не будзеш жыць па-ранейшаму.
Што б вы маглі параіць чалавеку, які знаходзіцца ў крызісе? Як яго падтрымаць, натхніць?
Шчыра кажучы, зусім не ведаю. На мой погляд, галоўнае – жыць сённяшнім днём. Нават калі здаровы і паспяховы чалавек пачне загадваць далёка на будучае, ён можа давесці сябе да дэпрэсіі: мы ж усе без выключэння ў рэшцэ рэшт памром. Таму трэба неяк растлумачыць чалавеку, што галоўная задача на сёння – плённа пражыць гэты дзень. Таксама, напэўна, любому чалавеку важна растлумачыць, што ён ужо зрабіў на гэтым свеце. А кожны штосьці добрае абавязкова ўжо зрабіў! Тады, нават калі сітуацыя сур’ёзная і жыццё можа скончыцца заўчасна, чалавек будзе ведаць, што ён пражыў яго не дарэмна.
Вось як падтрымаць цяжка хворых маленькіх дзетак – зусім не ведаю. Адчуваю ў гэтым пэўную вялікую сусветную несправядлівасць.
А што натхняе і падтрымлівае вас?
Думаю, што праца. Асабліва калі гэта хоць крышачку творчая праца. Калі планаў і задач процьма, заўсёды можна ўзяцца за штосьці цікавае. І атрыманы вынік абавязкова дасць штуршок рухацца далей.
Ці ёсць у вас жыццёвы дэвіз, творы мастацтва, якія надаюць сіл, а можа – чалавек, які з’яўляецца для вас прыкладам?
Пра дэвіз я ўжо казаў – не спяшайцеся рабіць планы на пяць гадоў, падумайце спачатку, як найбольш эфектыўна пражыць адзін сённяшні дзень. Калі кожны дзень пройдзе плённа, вы за пяць гоадоў зробіце нават нашмат больш, чым маглі б запланаваць.
З усіх мастацтваў, напэўна, найбольш сіл мне дае музыка. Прычым гэта не класічныя ўзнёслыя творы, якія, па логіцы, павінны акрыляць. А часцей гэта складаная дэпрэсіўная музыка з добрымі і сумнымі тэкстамі. Як ні парадаксальна, але дэпрэсіўная музыка зусім не прыводзіць да такога ж настрою. Можа, таму, што слухаеш і разумееш, што камусьці зараз яшчэ горш, чым табе?
А людзі? Так, я ведаю некалькі чалавек, з якіх проста выпраменьваецца пэўная шалёная энергія. З такіх хочацца браць прыклад, і я рэгулярна стараюся так рабіць. Гледзячы на іх, і сам запальваешся.
Дзякуем Віктару Малышчыцу за падтрымку Эстафеты «У імя жыцця»!
Да сустрэчы 24 жніўня 2019 у Мінску.
Эстафета «У імя жыцця» — гэта акцыя для анкапацыентаў і іх блізкіх. Будзем вучыцца граматна дапамагаць сабе і людзям, якія маюць у тым патрэбу.
Супраць раку мы мацнейшыя разам!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by