26.12.2024
26.12.2024

Каляды, Зюзя і ўсе-усе-усе (казка)

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вакол ялінкі на лясной паляне завіхаліся звяры і птушкі. Гілі развешвалі на лапках гронкі рабіны, зайцы – моркву, а вавёркі абвівалі дрэва гірляндай з сушаных грыбоў.

Лясныя жыхары дужа чакалі свята, бо пасля Калядаў сонца паварочвае на лета, дзень пачынае даўжэць і ў лесе робіцца весялей.

Толькі звяркі ўзяліся за лапкі, каб зладзіць карагод, як нешта грукнула, стукнула – ды проста па ялінцы! Ледзь утрымаліся на ёй украсы, а звяры і птушкі кінуліся хто куды. Калі ж нясмела выглянулі са схованак, убачылі на палянцы каржакаватага старога з доўгай сівой барадой і валасамі, з булавой у руках, у доўгім кажусе – але басанож.

Дык гэта ж Зюзя! Яму лепш на вочы не пападацца. Зюзець – значыць мерзнуць, калець ад марозу. Звяры і птушкі кінуліся з палянкі хто куды, але  хіба ад Зюзі схаваешся! З яго з’яўленнем адразу пачаў крапчэць мароз, узнялася завея. Холад нават праз дыхтоўныя футрачкі і пухнатыя пёркі праймаў. Толькі цікаўнасць была і за сцюжу мацнейшая. Лясныя жыхары пазашываліся за дрэвамі і здалёк цікавалі за Зюзем.

Ён завіхаўся ля ялінкі і мармытаў.

– Даходзішся ты ў мяне! Самазванец!

З-пад крыса кажуха стары дастаў пастку і ўладкаваў пад ялінкай, а сам схаваўся ў хмызах.

– Дзед Мароз, Дзед Мароз, дзеткам елачку прынёс… Цьфу ты, прахадзімец! –  бурчэў ён.

Неўзабаве пастка шчоўкнула – і пачуўся енк. У пастцы круціўся Дзед Мароз, спрабуючы вызваліць нагу, абутую ў цёплы валёнак. На ім быў вышыты бліскучымі сняжынкамі ўбор і прыгожая, абкладзеная белай ватай, шапка. Торбу, пад завязку набітую падарункамі, Мароз кінуў проста на зямлю.

– Хто дадумаўся пад ялінкай пасткі ставіць?! Ты ж мне пападзіся! – енчыў ён.

—Ну і што ты мне зробіш? Цукерак не дасі? – выскачыў з хмызоў на палянку Зюзя.

Ён не хаваў радасці. Разлікі аказаліся правільнымі. Калядная ялінка павінна была як магнітам прыцягнуць да сябе Дзеда Мароза – і вось, спрацавала!

– Зюзя, братка, што ты надумаў? Не дурніся, аслабані пастку! – пачаў прасіцца Мароз.

—Успомніў, што мы браты! Можа, яшчэ згадаеш, што я за цябе старэйшы?

—І што з таго?

—Як што? Выхоўваць цябе буду! Ты якую работу пастаўлены рабіць?

—Масты пракладаць праз азёры, рэкі і балоты на карысць людзям, — неахвотна прабубнеў Мароз. У гэтую хвіліну ён быў падобным да вучня, які адказвае настаўніку.

—А зваць цябе па-сапраўднаму як? — бушаваў Зюзя.

– Ледзяны Дзед…

—Дзіва дзіўнае, памятаеш, – з’едліва зазначыў Зюзя. – А кім ты стаў? Нават імя падправіў, Дзедам Марозам запісаўся, цукеркі па хатах носіш!

—Гэта для душы, – запярэчыў Мароз, – у вольны ад асноўнай работы час.

—Ты падумай, пан мае вольны час! Даўней разам адну работу рабілі – ваду марозілі, сцюжу трымалі, снег на зямлю падсыпалі – і тое ледзь упраўляліся. Усе ведалі: ёсць Мароз і ёсць Зюзя, і разам яны – сіла! Зімы на зайздрасць былі. Снегу – ні праехаць, ні прайсці, ад холаду кроў у жылах стыла. А цяпер? Зіма не зіма, а суцэльная макрэча! А што ж вы хацелі —усю работу Мароз на старэйшага брата спіхнуў, на Зюзю – дык хоць бы словам дзе згадаў!

Зюзя і Мароз, сапраўды, былі двайнюкамі – роднымі братамі. Зюзя ўсяго на хвілінку раней з’явіўся на свет і як старэйшы меў права ўшчуваць брата. Таму Мароз і слухаў яго пакорна. Зюзя праўду казаў – гаспадарылі яны даўней разам. Але пасля таго, як людзі Марозу новую работу прыдумалі – даручылі дзяцей цешыць на Новы год – ён у яе ўлёг і на брата Зюзю амаль забыўся. Слаба дапамагаў, нідзе не згадваў пра яго – некалі было, ды і не пытаўся ніхто.

Мароз прысаромлена маўчаў, а Зюзя задаволена паціраў рукі.

—Вось і канец тваёй службе! Сядзі ў пастцы, а дзеткі няхай паплачуць без падарункаў!

Мароз раззлаваўся. Няхай сабе Зюзя і старэйшы брат, але ж меру ведаць павінен. Дзеці без падарункаў горш чым рэкі ды азёры без ледзяных мастоў! Каб Зюзя хоць раз пачуў, як хлопчыкі і дзяўчынкі чытаюць вершы, спяваюць песні ды клічуць Дзеда Мароза – не лютаваў бы. Дзеці – яны ж здольныя самыя халодныя сэрцы растапіць. А, можа, братка Зюзя злуе, што людзі на ролю казачнага чараўніка абралі не яго?!

– Не зайздросць! – тупнуў Мароз вольнай нагой і, дацягнуўшыся да Зюзі посахам, стукнуў яму па ілбе. Вялікі, як дуля, гуз зараз жа ўпрыгожыў Зюзеву галаву.

Пачалася сапраўдная бойка! Раззлаваны ўшчэнт Зюзя махаў у паветры булавой, наскокваў на зняволенага Мароза, а той уюном круціўся і адбіваўся ад яго посахам. Урэшце нават нагу з пасткі выдраў – праўда, валёнак пашкодзіў.

Ад скокаў братоў надвор’е нібы ашалела. Завіруха выла, мароз трашчаў, дрэвы гнуліся долу. Звяры і птушкі затаіліся ў сваіх схованках і ледзь трывалі холад. У іх ужо і лапкі ледзь краталіся, і крылцы не хацелі махаць. Собіла ж на такую бойку стыхіяў трапіць!

Тым часам у хатцы, якая стаяла на ўскрайку лесу, поўным ходам ішла падрыхтоўка да свята. Гаспадыня збірала на стол святочную вячэру, а на цёплай печы спала яе ўнучка Арынка. Яна шчыравала, рыхтуючыся да Калядаў, і стамілася. Бабуля не будзіла малую, заканчвала спраўляцца сама.  Укрыла стол сенам, наверх разаслала льняны абрус, а на яго пачала ставіць кісель, бліны, квас з грыбамі… усяго дванаццаць страў, як і належыла на Каляды. Калі гаспадыня даставала з печы куццю, і пачалася бойка Зюзі з Марозам.

Хатку ажно калаціла. Устрывожаная гаспадыня бегала ад вакна да вакна, паглядаючы на двор – але за куламесай нічога не было відаць.

—Што за трасца! – прыгаворвала яна. – Як дзеці да мяне дабяруцца?

Штохвіліны рабілася страшней не толькі на дварэ, але і ў хаце. Выдавала, яна вось-вось разваліцца. На памяці гаспадыні такой непагадзі ніколі не было! Як ратавацца?

І раптам згадалася, як у пару яе маленства рабіла бабуля. Гаспадыня наклала куцці ў вялікую місу, вынесла на ганак і гучна крыкнула: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці!”

Пасля гэтага яна пакінула місу з куццёй на дварэ, а сама шмыгнула ў хату.

Завіруха нібыта пацішэла, ці ёй падалося?

Сапраўды пацішэла! Даўно ўжо ніхто не запрашаў да столу братоў, людзі забыліся на завядзёнку, якой даўней улагоджвалі грозныя стыхіі. Яны імгненна прыпынілі бойку – і вецер паціх, мароз паслабеў. Звяркі і птушкі аджылі ад здранцвення і кінуліся ўрассыпную. А ну іх, гэтых Зюзю з Марозам!

Вецер прынёс водар куцці, і суровыя браты адчулі, як згаладаліся.

—Слухай, братка, мо падмацуемся? – прапанаваў Мароз.

—Эге! Варта было б, а то булаву цягаць цяжка! – ахвотна пагадзіўся Зюзя.

Хутка яны, седзячы на ганку, апляталі куццю.

Адпачыла і прачнулася Арынка. Яна падышла да вакна ў марозных узорах, хукнула на яго – і зрабілася акенца, праз якое малая зірнула на двор. У яе ажно дыханне перахапіла.

—Дзед Мароз! Бабуля! Дзед Мароз!

Як была, не апранутая, дзяўчынка кінулася на двор і абшчапіла рукамі… Зюзю! Ён бліжэй да яе стаяў.

—Дзядуля Мароз, ты сапраўдны! Я ведала!

Зюзя і Мароз, заспетыя знячэўку, застылі. Але следам за Арынкай выскачыла гаспадыня з чапялой у руках. Яна падумала, што гэта раней пары ў яе хату завіталі калядоўшчыкі і прыкрыкнула на ўсіх.

—Жыва ў хату! Застудзіце мне дзіця!

Спрачацца не выпадала, бо гаспадыня выглядала дужа грозна. Нават люты Зюзя спужаўся. У хату ўвайшлі, а там печ нацеплена так, што хоць ты кажухі скідай.

– Унучачкі, але ж мы не надоўга, – знайшоўся Дзед Мароз. – Далей бегчы трэба. Вось табе, Арынка, лялька, а вось канструктар – усё як хацела! Бывайце здаровы! Да наступнага года!

Гаспадыня прасіла за стол, але браты куляй выскачылі вонкі. Арынка толкам і разгледзець іх не паспела – адразу занялася прынесенымі падарункамі. Гаспадыня ж кінулася завіхацца далей. Дзеці вось-вось меліся пад’ехаць, а не зробленых спраў было незмірона.

Зюзя і Мароз, палагаднелыя пасля смачнай куцці, моўчкі брылі па лесе. Зюзя выглядаў задуменным і не такім суровым, як заўжды. Яго грэлі абдоймы малой Арынкі і нават льдзінка, якая была ў старога на месцы сэрца, нібыта пачынала растайваць.

—Слухай, братка, – урэшце сказаў ён Марозу і збянтэжана пачухаў патыліцу. – Можа, і дарма я разышоўся. Паднапру з холадам і сам пастараюся ўпрвіцца, пакуль ты падарункі насіць будзеш. Няможна, каб дзеці без іх аставаліся… Толькі ты, гэта, хоць успамінай пра мяне, няхай ведаюць: ёсць Мароз, а ёсць – Зюзя!

Браты на знак згоды паціснулі адін аднаму рукі і рушылі кожны па сваіх справах.

Прыгоды лісачкі Красуні. Частка 1 (казка) + аудыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"