Site icon Слушна

Каралеўская пошасць, або як даўней лячылі сухоты на Беларусі

Сухоты, альбо туберкулёз, — гэта хвароба, якой столькі ж гадоў, колькі і чалавецтву. Пра яе пісалі  Гіпакрат, Гален і Разэс. Звычайна туберкулёз закранае лёгкія, але бывае, што і косткі, скуру, суставы, кішачнік.

Малаком і благаславеннем

У сярэднявеччы туберкулёз меў дзве назвы — чахотка і залатуха. Пад першай мелася на ўвазе лёгачная, а пад другой — вонкавая форма інфекцыі, якая пашкоджвала скуру. Хвароба абвастралася ўвесну і ўвосень, найбольш была распаўсюджана ў гарадах. Чахотачных пасылалі на лета ў вёскі, паілі асліным і казіным малаком, клалі  спаць у кароўніках, вадзілі гуляць на ўгноеныя палі.

Чахотка звычайна суправаджалася ўдушшам і дыярэяй. У народзе лічылі, што пры такой хваробе дапамагаюць напоі з палыну, з сеннай пацярухі, з хваёвых і яловых пупышак, з маладых хваёвых шышак, з каранёў дзевясілу. Дзяцей купалі ў адвары кветак і лісця ландыша. З лячэбнымі мэтамі раілі есці масла, цялячую і свіную печань, бялок курыных яек, свіное сала, а таксама піць жаночае і кабыліна малако. Але пры гэтым забаранялі есці селядзец і вэнджанае мяса.

У старажытных рускіх летапісах апісваецца, як сухоты лячылі хірургічным мэтадам і прыпяканнем.

У часы сярэднявечча ў Заходняй Еўропе верылі, што ад залатухі вылечвае дотык караля, адсюль яшчэ адна назва хваробы — «каралеўская пошасць». Кароль Францыі Генрых IV звычайна здзяйсняў гэты абрад раз на тыдзень пасля прычасця. Першапачаткова цырымонія дотыку праводзілася ў нефармальнай абстаноўцы. Хворыя людзі маглі звярнуцца ў суд з просьбай аб каралеўскім дабраславенні, і яно ажыццяўлялася каралём пры першай магчымасці. У Англіі кароль або каралева, седзячы на ​​троне пад балдахінам, дакраналіся да хворага і ўручалі яму манету — звычайна залатую, коштам ад 6 да 10 шылінгаў, прыкладваючы яе да шыі хворага.

Людзі таго часу ніяк не звязвалі розныя формы туберкулёзу, лічылі іх рознымі хваробамі. Распаўсюджванню сухотаў спрыяла урбанізацыя: у гарадах людзі жылі і працавалі больш цесна, у антысанітарных умовах.

Эпідэмія туберкулёзу ў Еўропе дасягнула максімуму ў 17–19 стагоддзях. На гэтае захворванне, у першую чаргу, на яго лёгачную форму прыпадала да чвэрці ўсіх смерцяў. За хваробай зацвердзілася мянушка «белая смерць» — эпітэт адсылае да змярцвелай бледнасці твару ў чахотачных. Да пачатку 19 стагоддзя ўзровень смяротнасці ад туберкулёзу ва ўсім свеце ацэньваўся ў 7 мільёнаў чалавек за год.

А што на Беларусі?

У сярэдзіне 19 стагоддзя на землях Расійскай імперыі, куды ў тыя часы ўваходзіла тэрыторыя сучаснай Беларусі, кожная дзясятая смерць здаралася ад сухотаў.  Багатыя людзі ездзілі лячыцца на марскія курорты і ў горныя санаторыі. У Беларусі тады шырокай папулярнасцю карыстаўся санаторый ў Баркоўшчыне. Цяпер гэта санаторый «Лясныя азёры» каля вёскі Вашкава непадалёк ад раённага цэнтра Ушачы Віцебскай вобласці. Там лячыліся мінеральнай вадой. Лячэнне пачыналася з сярэдзіны мая і заканчвалася ў жніўні. Штогод на аздараўленне туды прывозілі па 200 полацкіх кантаністаў — сыноў з сем’яў вайскоўцаў, якіх рыхтавалі да воінскай службы. У другой палове 19 стагоддзя, калі лячэбніцай кіраваў доктар Неміроўскі, яна лічылася адной з лепшых еўрапейскіх здраўніц. Сюды прыязджалі лячыцца з Германіі, Францыі ды іншых еўрапейскіх краін. У тыя ж гады сухоты лячылі і ў санаторыі Лазенкі каля вёскі Відзы-Лаўчынскія на тэрыторыі сучаснага Браслаўскага раёна.

У 1882 годзе нямецкі вучоны Роберт Кох адкрыў узбуджальнік туберкулёзу, які ўвайшоў у навуку як ”палачка Коха”. З тых часоў пачаліся грамадскія формы барацьбы з гэтай хваробай — адкрыццё санаторыяў і лясных школ. Адным з метадаў барацьбы з такім захворваннем стала адкрыццё кумысалячэбніц. У 1880-я гады кумысалячэбніца існавала ў мястэчку Дуброўна на беразе Дняпра паблізу маёнтка Любамірскіх.

А другую ў пачатку 20 стагоддзя адкрыў вынаходнік і медык Я. А. Наркевіч-Ёдка на беразе Нёмана, насупраць мястэчка Пясочнае, у сваім маёнтку Наднёман.

У 1910 годзе была заснавана Усерасійская ліга па барацьбе з туберкулёзам. Выдаваліся брашуры і лісткі, чыталіся лекцыі з парадамі як змагацца з хваробай. У 1911 годзе аддзелы лігі ўзніклі ў Мінску і Бабруйску, а на наступны год у Пінску. Аддзелы адчынілі супрацьтуберкулёзныя лецішчы-калоніі ў Бабруйску і ў вёсцы Шмаргоўка каля Мінска. У Бабруйску лецішча было на 15 месцаў і дзейнічала толькі летам. Там стала знаходзіўся фельчар, а доктар прыязджаў тры разы на тыдзень. Пацыенты выконвалі розныя лёгкія гаспадарчыя работы.

Увесну 1911 года па ініцыятыве імператрыцы Аляксандры Фёдараўны з яе дочкамі ў Санкт-Пецярбургу была праведзеная дабрачынная акцыя для барацьбы з туберкулёзам з мэтай збору сродкаў. Даваліся канцэрты, працавалі буфеты. Такі дзень дапамогі хворым сталі называць “Дзень белай кветкі”. Сімвалам барацьбы з сухотамі стаў белы  рамонак.

15 мая такая акцыя прайшла ў Мінску. Яе ініцыяваў вядомы доктар Сяргей Урванцаў. Быў створаны спецыяльны камітэт, куды ўваходзілі мінчане розных веравызнанняў і сацыяльных станаў. Графіня Чапская ахвяравала кветкі для продажу. У прадаўшчыцы было выбрана 224 дзяўчыны/жанчыны, у тым ліку графіня Чапская і дачка мінскага губернатара. Спіс прадаўшчыц кветак быў надрукаваны ў мясцовых газетах. Такая ж акцыя была паўтораная на наступны год. На сабраныя грошы адкрылі амбулаторыю для туберкулёзных хворых, а потым і туберкулёзны дыспансер. У мінскай амбулаторыі выкарыстоўвалі рэнгенаскапічны апарат. Медыкаменты выдавалі бясплатна.

Лячэнне сухотаў у 20-м стагоддзі

Пасля ўсталявання савецкай улады праца па барацьбе з туберкулёзам у БССР развівалася актыўна і інтэнсіўна. Была створана сетка супрацьсухотных устаноў. Нават у перыяд грамадзянскай вайны былі арганізаваны дзяржаўныя камісіі і саветы па барацьбе з туберкулёзам (Віцебск, 1919). У першыя гады савецкай улады ў Мінску адкрыта амбулаторыя для лячэння туберкулёзных хворых і стацыянар на 40 ложкаў. У 1920 годзе адкрыўся туберкулёзны санаторый «Сасноўка», які існуе па сёння як бальніца санаторнага тыпу.

Да 1925 года створаныя 4 супрацьсухотныя дыспансеры, а ў 1927 годзе іх было ўжо 13. Стацыянарнае лячэнне ажыццяўлялі ў профільных аддзяленнях бальніц. Аднак з прычыны шырокага распаўсюджання туберкулёзу (122–124 выпадкі на 10 тыс. насельніцтва) патрэбнасць была значна большай. У 1922 годзе газета "Савецкая Беларусь" ў перадавым артыкуле "Барацьба з сухотамі" пісала, што тоэцяя частка ўсіх памерлых ад розных хвароб гінуць ад туберкулёзу.

У 1928 г. быў адкрыты Беларускі НДІ туберкулёзу, цяпер НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі. Гэта дазволіла інтэнсіфікаваць навуковыя даследаванні і арганізацыйна метадычную працу. У 1930-я гады была створана шырокая сетка процітуберкулёзных устаноў. Ва ўсіх абласцях савецкай часткі Беларусі меліся супрацьсухотныя дыспансеры, праводзіліся прафілактычныя і лячэбныя мерапрыемствы, дыспансерызацыя хворых, праца ў ачагах сухотнай інфекцыі і г.д. Аднак у пасляваенныя гады фтызіятрычную службу, разбураную ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, прыйшлося аднаўляць амаль з нуля. Рэзка выраслае захворванне на сухоты ў гады Вялікай Айчыннай вайны паступова зніжалася. Укараняліся арганізацыйныя формы супрацьсухотнай працы, новыя метады працяглай антыбактэрыяльнай тэрапіі, а таксама хірургічнага лячэння.

У 1973–1982 гадах праводзілася эксперыментальная праца па рэзкім зніжэнні захворвання на туберкулёз. У Беларусі эксперыментальнай базай з'яўлялася Гродзенская вобласць. Выканана 16 навукова даследчых і навукова арганізацыйных праграм, вынікі якіх укаранёныя ў практыку У выніку захворванне на туберкулёз знізілася больш як у 2,5 разы, значна палепшыліся іншыя эпідэміялагічныя паказчыкі.

Даведка

Сёння ва ўсім свеце штогод больш за 10 мільёнаў чалавек хварэюць на сухоты і 1,6 мільёна з іх у выніку паміраюць. Туберкулёз з'яўляецца 13-й па значнасці прычынай смяротнасці ў свеце і другой па значнасці інфекцыйнай прычынай смерці пасля COVID-19. Захворванне распаўсюджваецца ва ўсіх сферах, пры гэтым найбольшая колькасць новых выпадкаў туберкулёзу па краінах прыпадае на краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыкі.

На працягу гісторыі туберкулёз забіў больш людзей, чым любое іншае інфекцыйнае захворванне. Па сучасных ацэнках, толькі за апошнія 200 гадоў ён забраў мільярд жыццяў. Сярод іх Антон Чэхаў, Фёдар Дастаеўскі, Ілля Ільф, Фрыдэрык Шапэн, Франц Кафка, Амадэй Мадзільяні, Роберт Л’юіс Стывенсан, Джорж Оруэл, Вів’ен Лі і  вялізнае мноства менш вядомых і зусім безназоўных ахвяр. Сярод беларусаў гэта: Уладзіслаў Сыракомля, Максім Багдановіч, Іван Луцкевіч, Алесь Гарун, Цётка, Казімір Сваяк, Алесь Бурбіс...  

Як былі ўладкаваныя беларускія лякарні Сярэднявечча?

 

Exit mobile version