10.02.2020
10.02.2020

Карэйскі феномен. Як працуе б'юці-экзотыка

logo
Прыгажосць і догляд
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі пастарацца, дык можна ўспомніць, што выхад карэйскай касметыкі на б'юці-рынак постсавецкай прасторы пачынаўся з дакучлівай рэкламы ў фармаце «крамаў на канапе». На вачах даверлівых гледачоў глейкая празрыстая субстанцыя адразу ж разгладжвала глыбокія маршчыны, нібы гумкай сцірала старыя рубцы, асвятляла і выраўноўвала паверхню скуры. А мадэль невыразнага ўзросту, якая імкліва амаладзілася, натхнёна пераконвала: вось ён, сродак, здольны павярнуць назад ход біялагічнага гадзінніка, – слізь слімака.

Карэйская касметыка.

Цікаўнасць і жаданне заставацца вечна маладым часам мацнейшыя за гідлівасць і здаровы сэнс. Інакш чым патлумачыць той факт, што сёння б'юці-сфера перажывае сапраўдны карэйскі бум, у якім слізь слімака – далёка не самы экзатычны інгрэдыент касметыкі для догляду. Разам з нашым экспертам, дэрматавенеролагам Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска Святланай Якубоўскай, мы паспрабавалі разабрацца, як працуе касметычная экзотыка і ў чым сакрэт карэйскага феномену.

Разбор па саставе

Мы выбралі самыя хадавыя і экзатычныя інгрэдыенты і параўналі іх па прынцыпе «абяцанне – рэальнасць». Не блытаць з «чаканнем», тут усё вельмі індывідуальна і шмат у чым залежыць ад таго, як настроена опцыя «прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць».

Муцын (слізь) слімака. Слізь цяпер усюды: у крэмах, сываратках, масках, «умываннях»... Яшчэ крыху часу – і, напэўна, праблемай будзе знайсці сродкі для догляду, у якіх яе няма. На аснове слімаковага муцыну ствараюцца шырокія касметычныя лінейкі, прычым ужо не толькі ў карэйскіх вытворцаў.

Карэйская касметыка. Слізь слімака.

Абяцанне: інтэнсіўнае ўвільгатненне, выраўноўванне тону скуры, скарачэнне колькасці і глыбіні маршчынаў, выдатны аблушчвальны і супрацьзапаленчы эфект.

Рэальнасць:

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Актыўнымі кампанентамі ў складзе слімаковай слізі выступаюць алантаін, гліколевая кіслата і калаген. Алантаін аказвае змякчальны эфект, гліколевая кіслата валодае аблушчвальнымі ўласцівасцямі, калаген у прынцыпе адказвае за прыгажосць і здароўе скуры. Гэта значыць, у цэлым слімаковая слізь сапраўды аказвае спрыяльнае ўздзеянне на скуру.

«Дык гэта ж выдатна!» – падумаеце вы. «Вядома», – згодзімся мы. З адной агаворкай: і алантаін, і калаген, і гліколевая кіслата даўно выкарыстоўваюцца ў вытворчасці доглядавай касметыкі ва ўсім свеце, разам і паасобку. З той толькі розніцай, што іх для гэтага сінтэзуюць штучна, а не ўводзяць слімакоў у стан стрэсу, каб тыя маглі сакрэтаваць каштоўную слізь у аб'ёмах, якія задавальняюць апетыты касметычнай прамысловасці, што ўвесь час растуць. І дарэчы, сінтэтычны спосаб вытворчасці ніяк не пагаршае якасцяў актыўных кампанентаў.

Пчалінае матачнае малачко.

Абяцанне: выражаны антыўзроставы эфект, пругкая зіхатлівая скура.

Карэйская касметыка. Пчалінае матачнае малачко.

Рэальнасць:

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Матачнае малачко, якое выпрацоўваюць пчаламаткі для кармлення патомства, – сапраўдны прыродны вітамінны кактэйль. Тут і вітаміны групы В, С, А, Е, D, вядомыя сваімі магутнымі антыаксідантнымі ўласцівасцямі, і мінеральныя солі, і іншыя карысныя мікраэлементы. Безумоўна, пры рэгулярным выкарыстанні сродкаў, якія забяспечваюць такую масіўную антыаксідантную абарону скуры, эфект будзе. Але не факт, што менавіта той, які вы чакаеце.

Напрыклад, не варта слепа верыць абяцанням вытворцаў у дачыненні да выяўленага антыўзроставага эфекту. Цудоўнага разгладжвання маршчынаў да стану юнай скуры не адбудзецца, і да гэтага трэба быць гатовым. Скура – занадта складаны орган, каб актыўна ўсмоктваць і прапускаць у глыбокія пласты тое, што змяшчаецца ў крэмах і сываратках, падкрэслівае эксперт. Але што сапраўды здольныя забяспечыць доглядавыя касметычныя сродкі для хатняга ўжывання, дык гэта добрае ўвільгатненне, пры якім утварэнне новых маршчынаў будзе адбывацца больш павольна. Разгладжванне маршчынаў, якія ўжо ўтварыліся, – гэта зусім іншая гісторыя, у якой гаворка пра крэмы ідзе хіба што ў плане падтрымання выніку, дасягнутага іншымі сродкамі і метадамі.

Syn-Ake або пептыд змяінага яду.

Абяцанне: бяспечны аналаг ботаксу. І гэтым усё сказана.

Карэйская касметыка. Змяіны яд.

Рэальнасць:

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Трэба аддаць належнае: пептыды адносяцца менавіта да тых кампанентаў, якія здольныя аказваць эфект на больш-менш глыбокія слаі скуры. Любы пептыд працуе па тыпу сігнальнай малекулы: трапляючы на скуру, ён па сінапсе перадае сігнал клеткам і, напрыклад, актывуе сінтэз уласнага калагену і эластыну. Пептыд змяінага яду, наадварот, блакіруе перадачу сігналу клеткам, каб яны скарачаліся. Гэта значыць, забяспечвае гэтакі мікрапараліч, з-за чаго скура разгладжваецца і ствараецца эфект, як ад ботаксу.

Але, па-першае, ёсць пептыды, якія вывучаныя даўно, а іх эфектыўнасць даказаная шматлікімі клінічнымі выпрабаваннямі. Пра пептыды змяінага яду такога не скажаш.

Па-другое, ні адзін пептыд не параўнаецца з натуральным батулатаксінам. Так што не дужа разлічвайце, што зробіце ашаламляльнае ўражанне на навакольных. Рэгулярнае і доўгае выкарыстанне доглядавых сродкаў на аснове пептыду змяінага яду цалкам верагодна прынясе вынік. Але, па вялікім рахунку, бачны ён будзе толькі вам.

Чорная ікра. Масла ласося.

Абяцанне: маладая зіхатлівая скура, эфект ліфтынгу.

Карэйская касметыка. Чорная ікра.

Рэальнасць: Марская і акіянічная рыба – найкаштоўнейшы прадукт, ад якога ні ў якім разе не варта адмаўляцца. Тут і поліненасычаныя тлустыя кіслоты, і вітаміны, і каштоўныя мікраэлементы, якія валодаюць магутным антыаксідантным дзеяннем і перашкаджаюць заўчаснаму старэнню арганізма. Вытворцы доглядавай касметыкі апелююць да тых жа ўласцівасцяў.

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Але некаторыя перагінаюць палку, паведамляючы неспрактыкаванаму спажыўцу, што «рыбныя інгрэдыенты» ўтрымліваюць ледзь не пептыды, рэчывы з амаладжальнымі ўласцівасцямі... Усё гэта трэба вельмі акуратна фільтраваць. Антыаксіданты – так, ёсць. Увільгатняльныя кампаненты – таксама. Але нічога супер-пупер-чароўнага. Рыбін тлушч працуе прыкладна гэтак жа, але «знутры» і комплексна, на ўвесь арганізм у цэлым.

Экстракт з гнёздаў ластаўкі. Салаўіны памёт. І тое, і другое ўжо зрабілася мемам. Але карэйскім вытворцам гэта толькі на руку. Больш шуму – вышэйшы попыт. Пагаворваюць, напрыклад, што квітнеючы выгляд Вікторыі Бэкхэм забяспечваюць маскі менавіта на аснове салаўінага памёту. І поп-дзіва гатовая плаціць за іх трохзначныя сумы.

Карэйская касметыка. Ластаўчыны гнёзды.

Абяцанне: падцягнутая пругкая скура, роўны здаровы колер твару, відавочны амаладжальны эфект за кошт актыўнай рэгенерацыі клетак.

Рэальнасць:

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Экстракт ластаўчынага гнязда – не што іншае, як выдзелены, ачышчаны птушыны сакрэт, які выпрацоўваецца для склейвання гнёздаў. Так, у яго ўваходзяць рэчывы, якія забяспечваюць скуры гіперувільгатненне. І на гэтым усё. Затое «ластаўчыны слінкі», зрэшты, як і любыя іншыя натуральныя біялагічныя складнікі (той жа муцын слімака), могуць выклікаць алергічныя рэакцыі. Таму перш чым выкарыстоўваць касметычны сродак, ёсць сэнс правесці спробу на алергічную рэакцыю: нанесці невялікую колькасць крэму на запясце і на працягу сутак назіраць за рэакцыяй. Калі няма пачырванення, раздражнення, высыпанняў, толькі тады крэм можна выкарыстоўваць па прызначэнні.

Што тычыцца салаўінага памёту, мяркуецца, што ён утрымлівае гуанін – рэчыва, якое ўваходзіць у склад ДНК жывых істотаў, уключаючы чалавека. Гуанін валодае цудоўным асвятляльным дзеяннем і дапамагае змагацца з пігментацыяй скуры, плюс дае добры ўвільгатняльны эфект. Зрэшты, увільгатненне – гэта галоўная фішка карэйскай касметыкі. Не абавязкова для гэтага мазаць сябе няхай і моцна разведзеным, але ўсё ж такі птушыным памётам. А калі праблема ў пігментацыі скуры, дык гуанін утрымліваецца не толькі ў адходах жыццядзейнасці салаўя.

Карэйская касметыка.

Ёсць ён і ў карэйскай касметыцы на аснове экстракту жэмчугу.

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Экстракт жэмчугу (жамчужны парашок) для касметыкі мас-маркет насамрэч атрымліваюць не з натуральнага каменя, а з лускі рыбаў (шэраспінка і селядзец). Пагадзіцеся, гэта гучыць не так рамантычна. Затое эфект падобны – гэтакае высакароднае натуральнае ззянне. «Экстракт жэмчугу» вельмі часта выкарыстоўваецца ў дэкаратыўнай касметыцы (памадах, ценях, лаках для пазногцяў). Але ёсць ён і ў доглядавай і працуе, як хайлайтар.

Сучаснага спажыўца складана чымсьці здзівіць. Усе рэцэпты прыгажосці даўно падзеленыя на тры вялікія групы: ці доўга, ці дорага, ці балюча. Але ж хочацца выглядаць дорага-багата заўсёды і без асаблівых матэрыяльных і маральных стратаў. Ці варта здзіўляцца, што птушыны памёт і слізь слімака прыйшліся да двара. Карэйцы зрабілі стаўку на экзотыку – і не пралічыліся.

У наступным матэрыяле мы распавядзём пра тое, што значыць 99% алоэ ў цюбіку сродку. І чаму сістэма карэйскага догляду ідэальная для... карэйцаў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».