Site icon Слушна

Касцёлы Беларусі. Цікавыя факты ад Алены Масла

Касцёлы Беларусі

Той год адлічыў апошнюю бабуліну восень.

…Ціхім вераснёвым днём, калі сонца прыпякала, імкнучыся нацалаваць зямлю перад блізкімі халадамі; калі павучкі на бязважкіх павуцінках луналі над зямлёй і хваліліся перад светам сваім летуценнем; калі кусты шпарагу на залацістых абрывах у пясчаных кар’ерах пеставаліся ў абдымках лёгкага ветрыка – над возерам раптам пачуўся трэск, грукат, шум... Хутка ён аціх, і праз нейкі час людзі загаварылі: абваліўся дах у старога касцёла. У мяне ж сцялася душа ад прадчування: наша бабуля Аміля апошнім часам хварэла... Бабуля так любіла гэты касцялок, столькі ўспамінаў захоўвала пра яго ў сваім сэрцы, столькі расказвала нам, малым, пра яго!

Прадчуванне не падманула – бабулі не стала ў тую ж восень, нібы «стары касцёл» падаў знак яе душы збірацца ў вечны вырай… З тае пары мне «стары касцёл» – яшчэ адна светлая згадка пра любую бабулю.

***

«Стары касцёл» стаіць на паўвостраве, якраз насупраць бацькоўскай хаты. Пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя панам Мілашам на знак самоты па рана спачылай маладой жонцы. Ёсць і «новы» – каменны прыгажун на процілеглым беразе возера, узведзены па падабенству да касцёла з паўночнай Італіі ў 1939 годзе. Па адкрыцці ён стаў збіраць на святы парафіян.

Стары Касцёл

 

«Стары» ж служыў сям’і Мілашаў капліцай, у скляпеннях яны хавалі сваіх спачылых… У эпоху змагання з рэлігіяй і культавымі збудаваннямі ён быў зачынены, скляпенні разбітыя і абрабаваныя, а сама капліца аддадзеная пад склад угнаенняў. Знаходзіліся вісусы, якія цягалі са скляпенняў косткі, а чарапамі гулялі ў футбол. Людзі кажуць, адзін з гэтых «футбалістаў» ці то разбіўся на матацыкле, ці раптоўна памёр – час ідзе, падрабязнасці відазмяняюцца, адно перадаецца выснова: святатацтва беспакараным не застаецца.

***

Доўгі час «стары касцёл» стаяў закінуты і гібеў. На пачатку 1990-х яго адбудавалі і вярнулі да жыцця айцы-марыяне. Цяпер у Ідолце-Мілашове дзейнічаюць два касцёлы: «новы», Маці Божай Шкаплернай, і «стары» – тут, на паўвостраве, імшы адбываюцца па серадах. Палюбавацца ж на «беларускі Тадж-Махал», як з любоўю яшчэ называюць капліцу на паўвостраве, едуць турысты з усёй Беларусі.

Абодва касцёлы з Ідолта-Мілашова ўваходзяць у турыстычны маршрут «Сярэбраны пярсцёнак Мёршчыны».

***

«Новы» касцёл Маці Божай Шкаплернай ніколі не зачыняўся. У савецкія часы вакол яго заўжды было жыццё, за якім абавязвалі сачыць мясцовую школу. Выглядала гэта так: на Божае Нараджэнне і Вельканац настаўнікі мусілі ісці на імшу, адсочваць у касцёле дзяцей і спісы «злоўленых» падаваць куды належыла.

Не пайсці на гэтыя «ловы» настаўнікі не маглі. Але ніхто ім там ніколі не пападаўся, бо нашы мудрыя настаўнікі ў святочныя часы нібы слеплі. З года ў год не бачылі нікога, хаця за рэдкім выпадкам у касцёле разам з бацькамі былі амаль усе вучні.

Вяртаючыся з касцёлу, мама і тата (абодва настаўнікі) нават дома не абмяркоўвалі нічога і не называлі ніякіх імёнаў. Касцёльная тэрыторыя ахоўвалася як палестынка, на якой жыццё ішло паводле сваіх законаў, глеба гадавала зернеткі, якія праз час меліся выбіцца ў свет дужымі парасткамі.

***

Заўжды хадзіла ў касцёл наша бабуля Аміля. Часцяком тата адвозіў і забіраў яе на машыне, бо касцёл хоць і месціўся непадалёк ад хаты, але ў бабулі былі дужа хворыя ногі. Сын і нявестка з павагай ставіліся да бабулінай пабожнасці. Яна ж не чытала ім мараляў за тое, што дзяцей да касцёла не вадзілі. Расказвала пра Езуса, пераказвала святое пісанне. Аднойчы ж сабрала ўнукоў і павезла за Дзвіну, у Педрую. Там усіх акрысціла. Памятаю, па вяртанні паведаміла пра гэта тату, ён толькі кіўнуў і прамовіў коратка: «Добра!»

Так у маім жыцці з’явіўся яшчэ адзін значны касцёл – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Знаходзіцца ён зараз у Еўразвязе, на латвійскім беразе Дзвіны. Цяперашні барочны мураваны будынак (магчыма, аўтар праекта італьянскі архітэктар А. Парако) з дзвюма вежамі быў узведзены ў 1759-м годзе. Да той пары на яго месцы стаяў драўляны будынак, пабудаваны па загадзе князя Льва Сапегі ў 1632-м годзе, але ў 1759-м годзе ён згарэў.

***

Праз мястэчка Германавічы ў Шаркаўшчынскім раёне дарога вяла на Лужкі, дзе мы былі частымі гасцямі – у Лужках жылі бабуля Лена і дзед Аўгуст, бацькі нашай мамы. «Германавічы» на наш дзіцячы слых былі сугучнымі з «Германіяй», і малодшая сястра была перакананая, што там жылі немцы (жылі тады і жывуць там цяпер, канешне ж, свае – беларусы).

У цэнтры Германавічаў, непадалёк ад моста праз Дзісну-раку, высіўся велічны касцёл. Мы глядзелі на яго званіцы як зачараваныя – выдавала, што хмары за іх чапляюцца. Пазней я даведалася, што гэта – касцёл Перамянення Пана, будаваны ў 1787 годзе з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка Ігнаці Шырына і размешчаны насупраць сядзібна-паркавага ансамбля Шырынаў. У 1948 годзе зачынены і выкарыстоўваўся мясцовай гаспадаркай пад свае патрэбы. Вернуты вернікам у 1988 годзе.

Таксама даведалася, што нейкі час тут служыў ксёндз Ідэльфонс Бобіч, вядомы ў літаратуры як пісьменнік Пётра Просты. Дарэчы, у Германавічы ксёндз быў пераведзены з касцёла Маці Божай Шкаплернай у Ідолце-Мілашове, дзе пачынаўся яго пастырскі шлях.

У Германавіцкім касцёле хрысцілі сваіх дзяцей Аўгуст і Алена Цярэшкі, нашы дзед і бабуля «па кудзелі».

***

Маё дзяцінства прыпала на тыя часы, калі найчасцей сустракаліся не дзеючыя, а разбураныя храмы. Яны былі нібы той магніт – зманьвалі зведаць  схаваныя таямніцы. І колькі б дарослыя не папярэджвалі дзяцей не лезці ў разваліны, колькі б не забівалі дошкамі чорныя дзюркі выбітых вокнаў, усё адно дасужыя «даследчыкі» вынаходзілі, як прабрацца ўсярэдзіну.

Закарцела мне прабрацца ў Лужэцкі касцёл пасля таго, як пачула легенду пра пані ў чорным, якая абыходзіць яго штовечар і кіруе на блізкія могілкі. Хлопцы, якія ўдавалі з сябе экскурсаводаў і гарантавалі ўбачыць прывід, мелі дзьве ўмовы. Першай было не напужацца і абыйсці вялікі могільнік упрыцемках – гэта была праверка на смеласць.  Мы з сяброўкай Марынкай вытрывалі выпрабаванне, хоць і надрыжэліся.

Другой умовай было аддаць экскурсаводам па рублю з экскурсанта. Столькі грошай мы не мелі, але на дваіх назбіралі семдзесят капеек. Нашыя праваднікі пакруцілі насамі на драбязу, але ўсё ж пагадзіліся выканаць абяцанне. Праўда, гарантый ужо не давалі. Калі сцямнела, мы з Марынкай кожная сваёй сцежкай прабраліся да касцёла і намерыліся лезці ўсярэдзіну праз ададраныя дошкі, на якія нам указалі праваднікі.

Але раптам закрычалі, залапаталі крыллем і ўзняліся з дрэваў птушкі! Нас як ветрам здзьмула – відавочна, не спрацавалі гарантыі па зніжках... Я з пераляку доўгі час нават набліжацца да касцёла баялася.

Лужэцкі касцёл Святога Архангела Міхаіла, які хваляваў дзіцячае ўяўленне, быў помнікам архітэктуры «віленскага барока». Заснаваны ўладальнікам Лужкоў полацкім кашталянам Валерыянам Жабам у 1744— 1756 гадах. Быў зачынены пасля вайны ў канцы 1940-х, у 1988 вярнуты парафіі.

Легенды Косава. Цікавыя факты пра Палац Пуслоўскіх і музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі

***

У нашых бабулі і дзеда «па кудзелі» было адзінаццаць дзяцей. Усе гадаваліся дагледжанымі, апранутымі, накормленымі, усім дзед з бабай далі адукацыю. Гэта значыць, гаспадарка круцілася як на калясе, а гаспадары хвіліны вольнай не мелі каб перавесці дух. Самі вырошчыалі збожжа і лён, жанчыны пралі, ткалі, шылі, вязалі, пяклі хлеб – нейкія хадзячыя мануфактуры, а не людзі. Як у іх на ўсё сілаў ставала?..

Пытаю сябе і сама сабе адказваю: давала сілы вера. Ніколі не бачыла, каб бабуля лайдачыла і ніколі не бачыла яе сярдзітай. Заўжды нечым былі заняты яе рукі, на твары – усмешка, а сама цішком моліцца. Увесь час. Даклічамся яе сваімі пытаннямі – адкажа спакойна, патлумачыць – і зноў моліцца.

Пакуль быў зачынены касцёл, бабуля хадзіла на малебны ў капліцу на могілкі – там час ад часу збіраліся вернікі і аднекуль прыязджаў ксёндз. Ну а як адчынілі касцёл – для бабулі пачалося сапраўднае вольнае жыццё. Штовечар у буднія дні, а таксама ў нядзелю і на касцельныя святы яна абавязкова ішла на імшу.

Аднойчы я спытала бабулю Алену, ці ёсць розніца, дзе маліцца? Яна глянула на мяне ўважліва, усміхнулася і адказала, што ёй – няма. Аднак у касцёле лягчэй засяродзіцца на малітве.

***

Яшчэ памятаю, калі былі малымі, у нашу вёску часта то да адных, то да другіх прыязджалі госці з Польшчы. Наведваўся да нас таксама адзін вуек. Памятаю, як дакараў ён нашу бабулю Амілю за тое, што ад веры адступіліся. Не яе асабіста, але яе – за ўсю тагачасную палітыку. Бабуля слухала моўчкі, з годнасцю, тады казала: «Вядома, у вас на Бога не забыўшыся, касцёлы не пазакрываўшы. Але і мы тут без Бога не жывем».

Я чула гэтыя размовы і дужа злавала на польскага дзядзьку. Я жыла ў адным пакоі з бабуляй. Бачыла, як пачынае і заканчвае яна кожны дзень з малітвай. А, галоўнае, ведала, як паважаюць і любяць маю бабулю людзі, якая яна добрая і мудрая. Яна ніколі не пляткарыла, не зводзіла, не падманвала – а нейкі госць з-за свету сварыцца на яе… Ад той пары і жыве ўва мне перакананне, што той бог жывы, якога носіць чалавек у душы і сэрцы. Аднойчы прысніла сон – зямля ў агні. Гараць будынкі, бібліятэкі… І чую голас: «Усё на Зямлі можна знішчыць, усё, апроч душы чалавечай».

***

Мінуў час. Адчынены і адноўлены храмы, будуюцца новыя. Даражу імі, сведкамі нашай гісторыі, месцамі, дзе можна засяродзіцца на малітве і прыўзняцца над будзёнымі клопатамі ды жыццёвымі праблемамі… Але веру, што ўсе мы – у Бога на далоні штохвіліны. У храмах і па-за храмамі. Што ўся Зямля і ёсць храм, дзе чалавецтва мусіць навучыцца жыць годна.

Яшчэ больш матэрыялаў пра цікавыя мясціны Беларусі чытайце тут.

Унікальны ўзор беларускай неаготыкі. Чаму трэба наведаць Троіцкі касцёл у Гервятах?

Exit mobile version