07.03.2019
07.03.2019

Глыток свежага паветра. Кіслародны кактэйль: каму, навошта і ці трэба?

logo
Карысныя прадукты
0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці могуць лекі быць карыснымі і смачнымі адначасова? Адназначна! Калі гаворка ідзе пра кіслародны кактэйль.

Вядома, назваць кіслародны кактэйль лекамі ў прамым сэнсе нельга. Але дзякуючы свайму складу ён, безумоўна, карысны для арганізма і практычна не мае супрацьпаказанняў да ўжывання. І дзеці, і дарослыя любяць яго за незвычайную паветраную кансістэнцыю і прыемны смак. Але галоўная яго вартасць у тым, што ўсяго адна порцыя кіслароднага кактэйлю забяспечвае эфект, супастаўны з дзвюма гадзінамі, праведзенымі ў чыстай атмасферы сасновага бору.

Пра здаровы ласунак, а таксама пра тое, навошта і каму ён неабходны, журналісту «Слушна» распавяла ўрач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Вольга Вельгіна, дарэчы, вялікая прыхільніца кіслародных кактэйляў.

Кісларод – крыніца жыцця

Кіслародны кактэйль - здаровы ласунак для дзяцей

Асноўны інгрэдыент кактэйлю – кісларод, адсюль і назва. Са школьнай лавы ўсім вядома, што без кіслароду чалавек жыць не можа. Акрамя таго, што мы ім дыхаем, кісларод актывуе ўсе працэсы ў арганізме і забяспечвае нармальнае функцыянаванне органаў і сістэм. Дэфіцыт кіслароду выклікае гіпаксію (кіслародны голад), на што арганізм рэагуе неадкладна збоямі ў рабоце, агульным недамаганнем, а ў крытычных сітуацыях нават гібеллю.

Між тым, у той ці іншай ступені недахоп кіслароду рэгулярна адчуваюць тры чвэрці беларусаў. Менавіта столькі людзей жывуць у буйных і сярэдніх гарадах Беларусі. Ад тых, хто жыве «на зямлі», іх часцяком адрозніваюць шэрыя твары, стомлены выгляд і апатыя. Збольшага ў гэтым вінаватыя пастаянныя стрэсы і высокі рытм гарадскога жыцця. Але і недахоп кіслароду з-за высокай загазаванасці і пылу гарадскога паветра мае каласальнае значэнне.

На тое, што арганізм адчувае кіслародны голад, могуць паказваць:

  • зніжэнне працаздольнасці і хуткая стамляльнасць;
  • галаўны боль;
  • парушэнні сну;
  • пагаршэнне апетыту;
  • хандра, дэпрэсія, нестабільны эмацыянальны стан;
  • частыя прастудныя захворванні;
  • адсутнасць ці зніжэнне лібіда.

Пачалі заўважаць за сабой падобныя сімптомы? Тады, магчыма, прыйшоў час вырвацца на паветра з задушлівых абдымкаў мегаполісу.

 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Для добрага самаадчування і настрою прагулкі на свежым паветры павінны здзяйсняцца кожны дзень. І, кажучы пра свежае паветра, я маю на ўвазе не хаджэнне па гарадскіх ходніках уздоўж ажыўленых дарог, а прагулкі ў лесе. Аб'ектыўна, далёка не ва ўсіх ёсць такая магчымасць, у адрозненне ад магчымасці пачаставацца кіслародным кактэйлем. Канцэнтрацыя кіслароду ў стандартнай шклянцы аб'ёмам 0,25-0,3 літра супастаўная з двухгадзінным шпацырам у сасновым бары. Сасна – найбольш актыўнае ў плане ачышчэння паветра і выпрацоўкі кіслароду дрэва.

Прыгажосць і карысць у адной шклянцы

Яшчэ 100 гадоў таму вучоныя высветлілі, што кісларод лепш усмоктваецца ў страўніку і насычэнне ім органаў і тканак адбываецца хутчэй. Але сама працэдура была не з прыемных: кісларод падавалі ў страўнік праз зонд, як быццам помпай напампоўвалі футбольны мяч. Таму метад, нягледзячы на эфектыўнасць, не карыстаўся папулярнасцю. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя прыдумалі методыку ўспеньвання кіслародам вязкай вадкасці. З гэтага моманту кіслародныя кактэйлі трывала ўвайшлі ў наша жыццё.

У якасці пенаносьбіту для падрыхтоўкі кіслародных кактэйляў нашы бабулі выкарыстоўвалі бялок курынага яйка. Эфект яечнага бялку ператварацца пры ўзбіванні з вязкай субстанцыі ў паветраную беласнежную пену асабліва цэняць кулінары і кандытары. Кажуць, самы смачны і пышны бісквіт атрымліваецца толькі на ўзбітых бялках.

 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Сёння замест яечнага бялку выкарыстоўваюцца парашковыя пенаносьбіты, а ў лекавых і аздараўленчых кактэйлях сіропы лекавых траў і раслін: кораня лакрынічку, шыпшыны, рабіны. Гэта значыць, карысць ад кактэйляў, якія прапануюць у медыцынскіх установах, падвойная.

Напрыклад, сіроп лакрычніку з'яўляецца прыродным імунамадулятарам і валодае мноствам карысных уласцівасцяў, нездарма яго яшчэ называюць беларускім жэньшэнем.

Шыпшына карысная для людзей з праблемамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, акрамя таго, яна павышае супраціўляльнасць арганізма сезонным інфекцыям.

Рабіна валодае супрацьзапаленчай, бактэрыцыднай, мачагоннай уласцівасцю, умацоўвае сасуды і спрыяе зніжэнню шкоднага халестэрыну.

Ёсць і яшчэ адно адрозненне паміж кактэйлямі, якія падаюць аматарам у кафэ і оксі-барах, і тымі, што прапануюць у санаторыях, паліклініках і медыцынскіх стацыянарах. Першыя могуць быць вырабленыя на аснове малака ці вяршкоў, сокаў і нектараў, другія ўключаюць толькі сіропы лячэбных траў і, уласна, сам кісларод.

 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Гэта не добра і не дрэнна. Эфект галоўнага «інгрэдыента» (кіслароду) ад гэтага не пакутуе. Але сокі, напрыклад, салодкія, а значыць, кактэйль не рэкамендаваны людзям з цукровым дыябетам. На аснове малака ці вяршкоў ласунак проціпаказаны людзям з непераноснасцю малочнага бялку.

У прынцыпе, удакладняе Вольга Вельгіна, і ў іншых кіслародных кактэйляў ёсць мінімальныя супрацьпаказанні. Так, людзям з цукровым дыябетам лепш адмовіцца ад кактэйлю на аснове сіропу кораня лакрычніку. Тым, хто схільны да алергічных рэакцый, таксама давядзецца шукаць іншыя спосабы прафілактыкі гіпаксіі, бо лекавыя травы – дастаткова моцны алерген. А вось цяжарным і жанчынам, якія кормяць, перавагу варта аддаць кактэйлям на фруктовых і ягадных соках, а не тым, што прыгатаваныя на сіропах лекавых раслін.

кіслародныя кактэйліКаму кіслародныя кактэйлі асабліва карысныя?

  1. Дзецям. Большую частку часу сучасныя дзеці праводзяць у закрытых памяшканнях: садках, школах, дома ля тэлевізараў і камп'ютараў. Але каб гарманічна расці і развівацца, кісларод і чыстае паветра ім асабліва неабходныя. Яны спрыяюць фарміраванню моцнага імунітэту ў дзіцяці і дапамагаюць справіцца з павышанымі разумовымі і фізічнымі нагрузкамі ў навучальны перыяд.
  2. Цяжарным жанчынам. У перыяд цяжарнасці арганізм працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Павялічваецца аб'ём крыві, павышаецца нагрузка на ўсе органы. Вельмі важна не дапусціць дэфіцыту кіслароду, бо гэта дрэнна адаб'ецца не толькі на стане жанчыны, але можа прывесці да кіслароднага галадання (гіпаксіі) плоду.
  3. Людзям з паталогіямі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Адна з уласцівасцяў кіслароду – нармалізацыя кровазвароту і ўмацаванне сценак крывяносных сасудаў. Кактэйлі як дадатковая крыніца кіслароду дапамагаюць прывесці ў норму артэрыяльны ціск і палепшыць самаадчуванне.
  4. Людзям з захворваннямі дыхальнай сістэмы. Няхай гэта будзе бранхіт, пнеўманія ці сухоты, частка лёгкіх «выключана» з працэсу газаабмену. Кіслародныя кактэйлі дазваляюць кампенсаваць парушэнні ў працы дыхальнай сістэмы і прадухіліць кіслароднае галаданне. Кіслародныя кактэйлі паказаныя таксама людзям з бранхіяльнай астмай.
  5. Людзям разумовай працы і тым, хто шмат часу праводзіць за кампютарам. Для таго, каб мозг эфектыўна працаваў, ён павінен атрымліваць досыць кіслароду. У адваротным выпадку не замарудзяць з'явіцца цяжкасці з запамінаннем і засваеннем новай інфармацыі, галавакружэнні, зніжэнне вастрыні розуму. Кісларод паляпшае стан сятчаткі вачэй, дапамагае зняць напругу з іх пасля працяглай працы за камп'ютарам, адпаведна, дапамагае захаваць вастрыню зроку.
  6. Людзям, старэйшым за 50 гадоў. У гэтым узросце натуральныя працэсы старэння паскараюцца, абменныя, наадварот, запавольваюцца, з'яўляюцца парушэнні ў сістэме кровазвароту. Курсы кіслародных кактэйляў дапамагаюць прытармазіць негатыўныя ўзроставыя змены і падоўжыць маладосць.
  7. Тым, хто сочыць за сваёй знешнасцю і фігурай. Кісларод – гэта здаровыя валасы, чыстая скура, моцныя пазногці... Пры кіслародным галаданні скура старэе ўдвая хутчэй. Арганізм заўзятага курца, напрыклад, увесь час знаходзіцца ў стане гіпаксіі, таму аматары падыміць заўсёды маюць зямлісты колер твару і выглядаюць старэйшымі за свой біялагічны ўзрост.

 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Акрамя таго, кіслародны кактэйль – карысны і нізкакаларыйны прадукт. Таму некаторыя садзяцца на так званыя кіслародныя дыеты, каб скінуць лішнія кілаграмы. Па-першае, кактэйль прытупляе пачуццё голаду. Па-другое, калі выпіваць яго непасрэдна перад прыёмам ежы, кісларод запаўняе страўнік, дазваляючы такім чынам насыціцца значна меншай порцыяй ежы. Па-трэцяе, кісларод нармалізуе абменныя працэсы і паскарае метабалізм. Тым не менш, каб вага сыходзіла і не вярталася, адных кіслародных кактэйляў недастаткова. Патрэбны аэробныя нагрузкі – фітнэс, бег, сілавыя практыкаванні.

Як прымаць кіслародныя кактэйлі?

Дадаткова ўзбагачаць свой арганізм кіслародам можна і трэба штомесяц. У лячэбных і аздараўленчых установах кіслародныя кактэйлі звычайна прызначаюць курсамі па 10-15 працэдур. Але песціць сябе карысным ласункам можна хоць кожны дзень.

Аптымальная доза кіслародных кактэйляў у залежнасці ад узросту:

  • дзеці ад 3 да 10 гадоў – 150-200 мл;
  • дзеці ад 11 да 15 гадоў – 250 мл;
  • дзеці, старэйшыя за 15 гадоў і дарослыя – 250-300 мл.

Спажыванне кіслароднага кактэйлю непасрэдна перад ежай, як ужо было адзначана, дазваляе паменшыць памер порцый і знізіць апетыт. Калі ж прымаць яго за 2 гадзіны да прыёму ежы, эфект будзе процілеглым: узмоцніцца вылучэнне страўнікавага соку і павысіцца апетыт.

 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Нягледзячы на відавочную карысць кіслародных кактэйляў, яны не могуць служыць заменай паўнавартасных шпацыраў на свежым паветры, здароваму 7-гадзіннаму сну ўночы, рацыянальнаму і збалансаванаму харчаванню. Максімальны эфект ад іх будзе толькі тады, калі кіслародныя кактэйлі прымаюць не замест усяго пералічанага, а разам з ім.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 35

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».