Site icon Слушна

Кандрат Крапіва: ад народнага настаўніка да майстра сатыры. Малавядомыя факты з жыцця пісьменніка

Кандрат Крапіва

5 сакавіка 2026 года спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння выдатнага класіка беларускай літаратуры, драматурга, сатырыка, лінгвіста і перакладчыка Кандрата Крапівы.

Яго жыццё, багатая падзеямі і поўная творчых пошукаў, пакінула глыбокі след у культуры Беларусі.

Аднакласнік брата Якуба Коласа

Кандрат КрапіваКандрат Атраховіч, вядомы ўсяму свету пад псеўданімам Кандрат Крапіва, нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў сялянскай сям'і ў вёсцы Нізкі. З ранніх гадоў ён выяўляў цягу да ведаў, атрымаўшы пачатковую адукацыю ў царкоўнапрыходскай школе, а затым працягнуўшы вучобу ва Уздзенскім народным вучылішчы затым у гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах.

Дарэчы, менавіта, у чатырохкласным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах аднакласнікам Кандрата стаў Іосіф Міцкевіч. Малодшы брат Язэпа, Канстанцін Міцкевіч, вядомы нам пад псеўданімам Якуб Колас.

На перапынках Іосіф чытаў вершы малодшага брата, чым вельмі ўразіў аднакласніка. Можа быць, дзякуючы пачутаму і з'явіўся новы беларускі паэт? Бо спачатку Атраховіч захапляўся Лермантавым і быў упэўнены, што паэзія — гэта запар «сусветная туга», пачынаў пісаць на рускай мове. Кандрат і Іосіф сябравалі, вялі перапіску нават праз сем дзясяткаў гадоў. І, як пацвярджаюць землякі, у пасляваенны час знакаміты байкапісец не раз наведваў былога аднакласніка ў Стоўбцах.

Затым Кандрат адвучыўся ў гарадскім вучылішчы ў Койданава (сёння — Дзяржынск). Экстэрнам здаўшы экзамены на званне народнага настаўніка. У 18 гадоў ён пачаў педагагічную дзейнасць.

Народны настаўнік

Першая Прафесія Кандрата Атраховіча - народны настаўнік. Юнага настаўніка адправілі ў народную земскую школу ў вёску Мнішэна. Паспеў год адпрацаваць, а ў 1914-м пачалася вайна... Аднак да прафесіі вяртаўся. Калі ў 1924 годзе працаваў настаўнікам у Астраўцы, сябры–пісьменнікі па «Маладняку» нават пачалі хвалявацца, каб прыяцель не «заглух» у вёсцы, а то нешта захапіўся працай, стаў радзей публікаваць вершы. Агітавалі пераехаць у Менск, прапаноўвалі ўладкаваць на працу.

— Настаўнікам Крапіва быў па прызванні, - лічыць унучка класіка Алена Атраховіч. — Ва ўніверсітэце ён жа скончыў педфак. Сваё крэда сфармуляваў так: «Мною валадала не» сусветная туга», а жаданне вярнуцца ў жыццё i тое – сёе ў ім паправіць".

На магільнай пліце класіка на Усходніх могілках Мінска выбіты гэты дэвіз. Сапраўды, умяшаўся і паправіў і ў навуцы, і ў літаратуры. І ў сям'і таксама любіў кіраваць, адказваў за ўсе важныя сямейныя справы. Праўнучку Варвару вучыў чытаць, з іх гульняў са словамі нават кніга атрымалася  — «Загадкi дзеда Кандрата».

Афіцэр Першай сусветнай

Шлях Крапівы быў цесна звязаны з гістарычнымі падзеямі таго часу.

Вось з першага вядомага здымка Кандрата Атраховіча на нас засяроджана глядзіць малады салдат у пакамячанай шынялі, мабыць, толькі што выдадзенай. Гэта 1916 год. Маладога настаўніка мабілізавалі па месцы працы, у Мнішэна. Як чалавека адукаванага адправілі ў гатчынскую школу прапаршчыкаў.

Скончыў гэтую школу ў пачатку 1916 года. Атрымаў малодшы афіцэрскі чын, і цяпер па статусе да яго павінны былі звяртацца «ваша высакароднасць», хоць быў такім жа селянінам, як яго салдаты. Навучаў апалчэнцаў у Асташкаве, якое паміж Санкт–Пецярбургам і Масквой, а ўвосень 1916–га адправілі на Румынскі фронт. Там зведаў усе нягоды вайны.

Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся да настаўніцкай дзейнасці, але зноў быў прызваны ў армію, дзе служыў камандзірам да 1923 года. Паралельна з ваеннай службай і выкладаннем, Крапіва атрымаў вышэйшую педагагічную адукацыю ў БДУ, скончыўшы яго ў 1930 годзе.

Даслужыўся Кандрат Крапіва, дарэчы, да чыну паручніка, пры шаблі, пры залатых пагонах. А затым былому афіцэру з сялян давялося паваяваць і ў Чырвонай Арміі.

Пісьменнік у Лондане

У 1946 годзе Кандрат Крапіва ўдзельнічаў у складзе дэлегацыі БССР у працы 1–й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Гэта была гістарычная падзея. Беларусь стала адной з краін — заснавальніц ААН. Па ініцыятыве БССР на сесіі была прынята адна з першых рэзалюцый - аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў. Кандрат Крапіва апублікаваў рэпартаж са сцен Вэстмінстэра.

У мемуарных «Запіскі Савецкага дыпламата» кіраўнік дэлегацыі, народны камісар замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў распавядае, што 9 студзеня 1946 года англійскі кароль Георг VI зладзіў у Сент – Джэймскім палацы абед у гонар удзельнікаў першай сесіі Генеральнай Асамблеі. І камісару прыйшлося згодна этыкету заказваць цыліндр, фрак, лакаваныя чаравікі. Падобна на тое, фарсіў у фраку і Кандрат Крапіва.

Кандрат Крапіва ў складзе беларускай дэлегацыі на 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Майстар эпіграм і сатыры

Творчы шлях Кандрата Крапівы пачаўся з эпіграм, якія ён пісаў яшчэ ў вучылішчы. Яго востры назіральны погляд і ўменне дакладна прыкмячаць чалавечыя недахопы знайшлі сваё адлюстраванне ў сатырычных творах. Ён пісаў вершы, байкі, фельетоны, а пазней – і п'есы. У сярэдзіне 1920-х гадоў выйшлі яго першыя зборнікі «Асцюкі» і «Крапіва».

Асаблівае месца ў творчасці Крапівы займала сатыра. Ён валодаў унікальным талентам высмейваць заганы грамадства, пры гэтым яго творы часта мелі дваісты характар, спалучаючы ў сабе вастрыню і глыбокі сэнс. Яго п'есы, такія як «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці», «Зацікаўленая асоба», сталі класікай беларускай драматургіі і да гэтага часу ставяцца на сцэнах тэатраў.

Крапіва-байкапісец

Да жанру байкі Кандрат Крапіва звярнуўся рана — у 1922 годзе. У 1927 г. творы выйшлі асобнай кніжкай, зборнік так і называўся — «Байкі».

І ўжо тады пра Крапіву загаварылі не толькі як пра таленавітага, надзвычай адоранага байкапісца, але і як пра аўтара самабытных, менавіта беларускіх твораў. Максімальна набліжаючы праблематыку байкі да рэальнага жыцця, да канкрэтных падзей, Кандрат Крапіва само дзеянне твора пераносіў у беларускую рэчаіснасць, найчасцей у вёску, у сялянскі побыт і звязаныя з ім абставіны. І сюжэты баек ён чэрпае якраз з гэтых карцін — у большасці выпадкаў з самога жыцця ці з народнай творчасці, асабліва з прыказак.

Кандрат Крапіва ўзняў беларускую байку на вельмі высокі ўзровень. Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў яго творы ў гэтым жанры высяцца самымі зіхатлівымі вяршынямі.

У сваю чаргу, байка зрабіла пісьменніка ўсенародна вядомым і прызнаным. Байка стала нязменнай спадарожніцай і саюзніцай усяго творчага жыцця пісьменніка. Да яе моцнай, выпрабаванай зброі ён звяртаўся ва ўсе перыяды сваёй літаратурнай працы.

Лепшыя байкі Кандрата Крапівы перажылі свой час. Кандрат Крапіва асабліва плённа працаваў у жанры байкі з сярэдзіны 1920-х гадоў. Ён стварыў у беларускай літаратуры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Выразнасці маўлення Крапіва дасягае ўжываннем разгорнутых метафар, стварэннем метафарычнага кантэксту на аснове папярэдняга параўнання (байка «Жаба ў каляіне») ці на вобразнай аснове фразеалагізма.

Навукоўца-лінгвіст

Кандрат Крапіва быў не толькі пісьменнікам, але і актыўным грамадскім дзеячам і выбітным навукоўцам-лінгвістам.

Ён працаваў рэдактарам літаратурных часопісаў, выступаў за чысціню і развіццё беларускай мовы.

У пасляваенныя гады ён займаў кіруючыя пасады ў Акадэміі навук БССР, быў віцэ-прэзідэнтам і ўнёс неацэнны ўклад у распрацоўку слоўнікаў беларускай мовы.

Творчасць Крапівы ахоплівае шырокі спектр жанраў. Ён займаўся перакладчыцкай дзейнасцю, пераклаўшы на беларускую мову творы Шэкспіра, Пушкіна, Гогаля і многіх іншых. Адзіны раман пісьменніка,» Мядзведзь", адрозніваецца ад яго іншых прац трагічным матывам.

На працягу ўсяго свайго жыцця пісьменнік быў удастоены мноства ўзнагарод, уключаючы дзве сталінскія прэміі СССР, Дзяржаўную прэмію СССР і Дзяржаўную прэмію БССР ім. Янкі Купалы. Ён быў Героем Сацыялістычнай Працы і ўладальнікам шматлікіх ордэнаў.

Кандрат Крапіва памёр 7 студзеня 1991 года, але яго спадчына працягвае жыць. Яго імя носяць вуліцы, школы і навуковыя ўстановы. А фраза, напісаная на яго магіле: «Мною валодала… жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць», – як нельга лепш адлюстроўвае яго жыццёвую пазіцыю і творчае крэда.

У 1983 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» быў зняты фільм, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка – «Кандрат Крапіва».

Як гучыць беларускае слова ў дзіцячых кнігах? Разглядаем «Кніжную паліцу» Алены Масла

Exit mobile version