29.11.2022
29.11.2022

Косткі ў народнай медыцыне, або як чэрап ад запою дапамагае

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Косткі людзей, жывёл, міфалагічных персанажаў у народных уяўленнях выступаюць як сакралізаваныя прадметы. Вераць, што пакуль захоўваюцца косткі чалавека, застаецца жывою і яго душа, што з’яўляецца гарантыяй будучага ўваскрашэння з памерлых.

У беларусаў існавала павер’е, што сярод костак чалавека ёсць адна асаблівая, у якой акумулюецца ўся жыццёвая сіла. Пасля смерці і пахавання яна захоўваецца ў зямлі да Страшнага суду, калі з яе адновіцца ўсё цела. Таму вера ў лекавую моц костак была шырока распаўсюджаная. У народнай медыцыне косткі шкілетаў нярэдка выкарыстоўвалі ў лекавых мэтах. Ва Усходняй Беларусі знойдзенай косткай абводзілі хворае месца, а высыпныя нарасты і бародаўкі церлі імі. У Драгічынскім раёне Брэстчыны і Маладзечанскім раёне Міншчыны было пашыранае павер’е, нібыта, калі ноччу пайсці на могілкі, знайсці там сухую костку, пацерці ёй бародаўку, а потым костку закапаць у зямлю, то хвароба пройдзе.

Чэрап чалавека

У некаторых вёсках лічылі, што нарасты трэба церці косткай менавіта ў бязмесячныя ночы. На Палессі костку прыкладалі да хворага месца ў час, калі гучалі царкоўныя званы. Ад запою пад галаву клалі чэрап ці зуб мерцвяка. У многіх мясцінах Беларусі верылі, што ад ліхаманкі дапамагае костка з могілак. Яе трэба насіць на нацельным крыжы або перацерці такую костку ў парашок і выпіць з вадой.

Эпілепсію лячылі наступным чынам: церлі хворага косткай мерцвяка або знойдзены чэрап расціралі ў парашок і таксама давалі піць з вадой. Для лячэння дызентэрыі знойдзеную чалавечую костку расціралі ў парашок, змешвалі з чырвоным віном і давалі выпіць хвораму. Пры пераломах такую костку габлявалі нажом у ваду і пілі.

Для лячэння зубоў выкарыстоўвалі выкапнёвыя зубы памерлага чалавека. У некаторых вёсках верылі: каб суняць зубны боль, дастаткова пацерці свой хворы зуб зубам нябожчыка. У наваколлі Віцебска яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя лічылі, што той, хто пакутуе на зубны боль, павінен сам здабыць зуб мерцвяка і патрымаць яго на хворым зубе.

Чэрап шчупака

Актыўна ўжывалі і косткі жывёл. Гэта тычылася ў асноўным костак, асвечаных на Юр’я, Вялікдзень, Каляды, Масленіцу, костак ад рытуальных страў на гэтыя святы. Велікодныя косткі закопвалі або ўтыкалі ў зямлю, каб пазбавіцца ад пустазелля і палявых шкоднікаў, павысіць урадлівасць зямлі і жывёлы. Косткі закопвалі на мяжы, па кутах поля або раскідвалі па полі на Юр’я для засцярогі пасеваў ад граду, навальніцы, буры, сурокаў. Таксама косткі жывёл, якія заставаліся ад святочнай бяседы на Юр’я, спальвалі, потым попел змешвалі з мукой і давалі свойскім птушкам. Знішчэнне костак звязана з уяўленнем пра тое, што рэшткі асвячонай ежы не павінны валяцца на зямлі, каб на іх не наступалі людзі, каб іх не тапталі ці не елі жывёлы.

Хаця, напрыклад, продкі верылі, што сабака, які з’еў велікодную костку, ніколі не будзе пакутаваць на шаленства. Таксама косткі жывёл выкідвалі на двор падчас навальніцы з маланкамі, каб потым іх выкарыстоўваць у лекаванні людзей і жывёл, выклікаць з іх дапамогай дождж, спыняць пажары. Такія косткі захоўвалі на працягу года, пасля чаго спальвалі.

Ад вялікіх і застарэлых беляў у жанчын дапамагаў парашок з парасячых костак, падсыпаны ў страву і пітво. Але пры гэтым трэба было выканаць наступныя ўмовы: парася мусіць быць не старэйшае за дванаццаць дзён, яно не павінна ведаць іншай стравы, апроч матчынага малака. На парашок трэба сабраць усе костачкі ад першай да апошняй, інакш лекі не дапамогуць.

Косткі маманта

Ад радзімцу ў дзяцей дапамагаў адвар з вушных костачак парасяці. Прычым парасё павінна было быць аднаго года і полу з дзіцем, якого лекавалі ад радзімца.

Косткі жывёл і людзей выкарыстоўвалі і ў магіі. Напрыклад, такія косткі кажана або жабы, вядомыя ў народзе, як “граблі, вілы, кручок і відэльцы”, клалі ў мурашнік, а потым імі датыкаліся да чалавека, якога хацелі прычараваць. Усім славянам вядомая костка-невідзімка. Яе атрымлівалі, зварыўшы на Каляды або ў ноч на Яна чорную котку, якая нібыта рабіла свайго ўладальніка нябачным.

А лобную костку шчупака, якая мае выгляд крыжа, бортнікі выкарыстоўваюць у пчалярскай магіі. Пасля таго, як гэтая костка паляжыць пад асвечанай паскай, яе пераціраюць у парашок і змешваюць з мёдам, якім потым раскормліваюць увесну пчолаў. Вострыя зубы і косткі шчупака таксама валодаюць лекавым дзеяннем. Прыкладам, яны здольны супакойваць колючы боль у грудзях і “колікі” ў жываце чалавека. Дзеля гэтага іх настойваюць на гарэлцы і даюць хвораму. Форму крыжа мае і лобная костка карпа. Таму такую костку многія захоўвалі і выкарыстоўвалі ў якасці абярэга або ў магічных мэтах. З яе дапамогай лекавалі ад чараў і сурокаў.

Біўні маманта

У міфалагічных уяўленнях беларусаў  косткі, выпадкова знойдзеныя на месцах старажытных пахаванняў, з аднаго боку, лічыліся сімвалам жыцця і веры ва ўваскрашэнне, а з другога – звязваліся з іншасветам. Такія косткі закладвалі ў сцены дамоў, палацаў і храмаў, іх захоўвалі ў касцёлах, ратушах.

Знойдзеныя косткі маманта ды іншых выкапнёвых жывёл уважалі за лекавыя. Іх прыпісвалі першым людзям ці ваяўнічым ворагам. Такія косткі шкрэблі і атрыманы парашок пілі з вадой як лекі. У археалагічнай і краязнаўчай літаратуры сустракаецца шмат звестак наконт знаходак костак выкапнёвых жывёл, і толькі частка з іх трапляла ў музеі. Звычайна сяляне захоўвалі іх часткі ў якасці сакральнага і лекавага сродку – ад ліхаманкі ды зубнога болю.

У канцы ХІХ стагоддзя ў мясцовасці Сухары былога Чавускага павета, пры ўпадзенні ракі Басі ў Проню, у балоце знайшлі цэлы шкілет маманта. Толькі частка біўня патрапіла ў магілёўскі музей, а ўсё астатняе расцягнулі сяляне на “лекі”. Падобная сітуацыя адбылася і ў пачатку ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Драбяліва каля мястэчка Новы Быхаў на беразе Дняпра.

Старажытнае пахаванне неандэртальца

Ва ўсіх славян распаўсюджанае павер’е пра “мёртвую костку” – нараст на целе, які яшчэ звалі “наўя костка” Яна магла стаць прычынай хваробы або смерці. Яе з’яўленне звязвалі з парушэннем табу на працу ў Наўскі Вялікдзень. Каб пазбавіцца ад такога нарасту, церлі руку аб скабу царкоўных дзвярэй, або церлі сам нараст косткай з могілак.

Сярод архіўных дакументаў ёсць данясенне прыходскага святара мястэчка Скідзель з-пад Гродна за 1828 год на двух жанчын. Яны знайшлі ў рове каля дарогі чэрап і косткі чалавека, прынеслі дахаты і варылі як лекі для трохгадовай дзяўчынкі. На іх была заведзена судовая справа. І хоць высветлілі, што косткі старадаўнія, але суд усё адно пастанавіў пакараць жанчын – па 10 удараў розгамі кожнай! Забраныя ў іх косткі закапалі ў зямлю. Праўда, такія выпадкі сустракаліся рэдка…

Дапамагалі камяні, мох і нават перуновыя стрэлы. Як лячылі зубы нашы продкі

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"