Жыхары вёскі Крамянец Лагойскага раёна Мінскай вобласці здаўна ўшаноўваюць камень-следавік, што знаходзіцца ў 500 м ад вёскі ў лясным урочышчы пад назвай Святы Камень або Дальжбы. Гэтае месца можна смела назваць сучасным дзейсным свяцілішчам, бо тут дзіўным чынам перапляліся тыпова язычніцкія традыцыі з хрысціянскімі. Камень, мяркуюць, валодае цудадзейнымі якасцямі: дорыць людзям здароўе.
Як дабрацца?
Калі ехаць з боку Лагойска на аўтамабілі, трэба праехаць усю вёску Крамянец. За вёскай будзе пясчаны кар’ер, за ім поле. Праз поле трэба прайсці сцяжынкай у бліжэйшы лес па правую руку. Пры ўваходзе ў лес справа і будзе камень-следавік.
Непадалёк ад каменя навукоўцамі была выяўлена курганная група, а вакол валуна выбрукоўка з камянёў невялікіх памераў. Большыя з іх ляжаць па краях і арыентаваныя па баках свету. Побач прасочваецца падмурак ад колішняй капліцы. Мясцовыя людзі памятаюць расповеды дзядоў, што раней месца вакол каменя было агароджана тынам з веснічкамі. Шанавалі камень з даўніх часоў.
Два разы на год: на Іллю і на Спас тут ладзіліся кірмашы, а святар праводзіў набажэнствы. Усё гэта дало падставы называць гэты комплекс Крамянецкім свяцілішчам. У 1987 г. валун узялі пад ахову дзяржавы. Паколькі мясцовыя жыхары дагэтуль шануюць гэтае месца і захоўваюць легенды, звязаныя з незвычайным каменем, з 2014 г. камень пад аховай ЮНЭСКА.
На паверхні каменя пяць невялікіх штучных выемак глыбінёй каля 5 см, якія нагадваюць сляды. Кажуць, што іх пакінуліці ці то Божая Маці, ці то сам Бог або нехта са святых, калі сыходзілі з неба. Некалі побач бруіла крынічка. Над ёй зрабілі зруб. Дажджавая вада, якая збіраецца ў выемках на камені, як і вада з крыніцы-калодзежа здаўна лічылася гаючай. Верылі, што яна асабліва дапамагае ад хвароб вачэй. Тыя, хто пакутавалі на ныркі і пячонку, таксама пілі тую ваду. А каб захаваць прыгажосць і маладосць, трэба было штораніцы гэтай вадой умывацца. Шанавалі камень і бяздзетныя, якія пасля кантакту з ім маглі мець дзяцей.
Пасля вайны калодзеж закідалі зброяй, і вада там знікла.
Раней верылі, што да каменя пажадана прыходзіць да світанку. Перад гэтым абавязкова мылі ногі. На камень клалі дары: ежу, грошы, палотны, хусткі, ручнікі, на галінках дрэў развешвалі стужкі. Потым дакраналіся да вады ў слядках. Калі яе там не было, бралі ваду з калодзежа і налівалі ў выемкі. Вада са слядка лічылася асабліва гаючай, ёй прамывалі хворыя месцы. Калі ж прыходзілі да каменя пасля змяркання, то выкарыстоўвалі ваду, якая збіралася ў калюжыне пад каменем. Ахвяраванні раз на тыдзень збіраў “божы служка” і раздаваў жабракам. Лічылася, што іншаму, хто асмеліцца ўзяць прынашэнні, камень нашле хваробу.
Традыцыя шанавання каменя працягваецца і ў наш час.
На Вялікдзень сюды нясуць фарбаваныя яйкі і велікодны пірог, на Тройцу кладуць зялёныя галінкі, на Купалле – кветкі, на Спас – яблыкі. Некаторыя прыходзяць сюды ў любы час, калі патрэбна дапамога: вылечыць хваробы, выратаваць хатнюю жывёлу. Калі ідуць у грыбы і ягады, абавязкова просяць у каменя ўдачы, а набраўшы дароў лесу, крыху пакідаюць на валуне. У час вяселля да каменя ходзяць маладыя, каб папрасіць сямейнага ладу. Як і даўней, на камень кладуць падарункі. Цяпер гэта ў асноўным грошы, кветкі, цукеркі, печыва.
Славіцца камень сваёй здольнасцю “рэгуляваць надвор’е”. Калі доўга не было дажджу ў засушлівае лета, да яго прыходзілі дзевяць удоў. На месцы яны падсоўвалі пад валун дзевяць калоў у чалавечы рост, прыўздымалі яго і прамаўлялі: “Божанька, дапамажы, дожджык прынясі!” Назаўтра або на трэці дзень абавязкова ішоў дождж.
Калі дождж быў больш непатрэбны, калы выцягвалі, і камень апускаўся. У выпадку зацяжнога дажджу валун таксама зрушвалі з месца.Такі абрад часта праводзілі да 1985 года, а апошні раз – у жніўні 2012-га. Таму калісьці камень насіў назву Даждзьбогаў. Але цяпер гэтую назву забылі.
Паводле павер’яў, камень нельга пераносіць ў іншае месца. Адна з легенд расказвае, што калісьці ў суседняй вёсцы Бабры пан будаваў дом і вырашыў пакласці камень у падмурак. Але камень стаў плакаць, і вакол заўсёды стаяла вада. Дом пачаў гніць, а яго жыхары захварэлі. Пану прысніўся сон, у якім камень прасіў адвезці яго на ранейшае месца. У Бабры камень везлі на чатырох конях, а назад лёгка ўправіўся адзін конь.
Па другой легендзе, некалі камень забіралі ў падмурак капліцы, якую будавалі на могілках. І тут пайшоў моцны працяглы дождж. Аднаму чалавеку прысніўся камень, які прасіў вярнуць яго на спрадвечнае месца. Інакш дождж не спыніцца да таго часу, пакуль ён не пакрыецца вадой. Могілкі ж месцяцца на высокай гары, і людзі ўявілі, што здарыцца патоп. Хуценька адвезлі камень на месца…
І новая легенда: камень хацелі забраць у мінскі Музей валуноў. Пагрузілі яго на машыну, але дно кузава правалілася, і машына не зрушыла з месца. Камень вярнулі туды, дзе ён ляжыць ужо не адно стагоддзе.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by