Жыў-быў пад зямлёю Крот. Ён ніколі не бачыў ні яснага сонейка, ні тым больш чалавека, як і ўсёй зямной прыгажосці. Жыў сабе і лепшым сусветам за ўсё былі яго тунелі-лабірынты. Нават уявіць не мог, што над яго падземнымі хадамі-катакомбамі існуе паўнавартаснае жыццё з багатым раслінным і жывёльным светам.
Ён прызвычаіўся жыць адчуваннямі і слыхам. Дык хаця б так. Бо яго звычайнае быццам бы жыццё прыводзіла людзей у жах. Ніякае надвор’е не замінала Крату штодзённа працаваць на сваім падземным метро — ні летняя спёка, ні зімняя водліж.
Рые свае хады ён не толькі на лугах ды выганах, дзе адна шкода — перарытая сенажаць ды паша для жывёлы, але і да людскіх агародаў дабраўся. Каб хаця на сцежках ці міжраддзі, дык не — абавязкова грады як плугам пераарэ.
З раніцы гаспадыня выйдзе ў агарод і вачам сваім не паверыць: руцінная праца яе перакрэслена зямельнымі пірамідамі-выспачкамі. Увесь агарод дыбам стаіць. Свежая зямля дыхала ранкам. Толькі ні гаспадыні, ні пасаджанай ёю гародніне не да радасці.
Гаспадыня з тае злосці вілы схапіла і пачала разграбаць разгорнутую зямельку. Раскідвае, а калі і вілы ў падазроную выспачку ўторкне.
— Вось табе, нягоднік!
— Атрымлівай! — прычытала бабуля. — Усе адно не дам табе жыцця.
Але мінаў дзень-другі — і стары знаёмы зноў вяртаўся.
— Лаві крата! — чулася то на адным, то на другім панадворку.
Тым часам дзед Васіль пагадзіўся са сваёй гаспадыняй і распачаў абкошваць у садзе ды прамежкі.
Толькі ён узмахнуў касою колькі разоў, як яе лязо шоргнула па зямельнай пірамідзе. Дзед вылаяўся, а калі падняў касу паглядзець ці ўвагнаў шчарбіну, літаральна за пару метраў ад яго паперадзе расла-уздымалася свежая піраміда. І дзёран, і кветкі — усе на яго шляху рушылася. Нават легкакрылы матылёк Апалон, што прысеў на сінявокі званочак выпіць ранішняга салодкага нектару, ледзь не ўпаў ад нечаканых падземных штуршкоў падземнага будаўніка.
— Глядзі ты, які нахабнік! — прамовіў дзед.
Тым часам са свежай пірамідкі-выспачкі з'явілася чорная істота, з ружовым, расплюшчаным, як у маладога парасяці носам і вусамі на месцы вачэй. Агромністыя, як у плаваючай выдры вывернутыя вонкі лапы з доўгімі кіпцюрамі працягвалі корпацца ў траве, нібыта штосьці шукаючы.
Раптам на чырвоны яго нос-пятак сеў той самы няўрымслівы матылёк Апалон.
— Э-ээ! Як вас там?
— Я — матылёк Апалон. — А ты хто такі?
— А я самы лепшы метрабудавец, — прахрыпеў Крот.
— Во як! Першы шкоднік на прысядзібных участках, а выдае сябе за дабрадзея.
— Шкоднік ты!
— Чаму адразу так? Я рыхлю зямлю і, каб вы ведалі, спадар Апалон, знішчаю лічынкі агародных шкоднікаў.
— Каб толькі! — азваўся, падышоўшы дзед Васіль. — А хто шкодзіць агародным раслінам, якія гінуць з-за пашкоджаных карэньчыкаў. А яшчэ ты, Крот, знішчаеш карысных для агародаў дажджавых чарвякоў...
— Бывае і такое! — Ды не казычы, спадар Апалон! Я усё зразумеў. Мне здавалася, што я прыношу толькі карысць, таму і рыю сабе спакойна свае новыя хады-лабірынты.
— Хады-лабірынты! Хады—лабірынты! — перадражнілі яго Цыбулінка з Моркваю. — Ах ты, гад! Усе грады ўзняў уверх дном! Апраўдваецца яшчэ. Нездарма на цябе здавён палююць.
— Пачакайце, я зараз некага прывяду ў рэальныя пачуцці. Тут Аса села прама на чырвоны нос Крата і ўджаліла так, што падземны жыхар, быццам падсмалены, задаў нырца ў густую шаўкавістую траву.
— Лаві Крата! Лаві Крата! — чулася па ўсім наваколлі.
Усе прыціхлі. А праз хвіліну—другую крыху воддаль ад апошняга пад'ёму адна за другой пачалі з'яўляцца свежыя выспачкі- пірамідкі.
Крот так шпарка рухаўся пад зямлёю, што матылёк Апалон і Аса ледзь паспявалі пералятаць з кветкі на кветку, сочачы за яго шляхам.
— Во гэта дык падземны плывец! — Цыбулінка і Моркаўка пырснулі са смеху.
— Няхай гэты ўрок будзе яму навукай, — прамовіў дзед. — Але зараз мы павінны яго зноўку выманіць на паверхню, каб пазнаёміць і з нашым светам, і з нашымі жыццёвымі клопатамі.
— Ап-чхі! Ап-чхі! — чулася з-пад зямлі.
— Гэта, відаць, Крот падавіўся дажджавымі чарвячкамі, — казаў матылёк Апалон.
— Мы яму яшчэ пакажам хто тут гаспадар, а хто шкоднік, — у адзін голас прамовілі стрэлкі Часнаку. — Бачыце, нашыя галоўкі таксама вырыў. Цяпер мы няйначай загінем.
Гаў, гаў, гаў... - азваўся Пушок, пачуўшы гаману. — Я вас абараню ад гэтага самаўпэўненага метрабудаўца: высачу і ўпалюю. — Гаў, гаў!
— А я табе, Пушок, дапамагу, — падтрымаў памкненне чатырохногага сябра дзед.
Як толькі першыя зыркія промні слізганулі па страсе альтанкі дзед Васіль з Пушком былі ў поўнай гатоўнасці.
Толькі Пушок наставіў вушы, як дзед паказвае:
— Глядзі, Пушок, вунь і наш сябар шнуруе па ўчастку!
Пушок уміг аказаўся ля свежай выспачкі. Ён сваімі дужымі лапамі адным махам выкінуў на паверхню таго самага метрабудаўніка.
— А што, папаўся!
— Ай-яй-яй! Даруйце! — пішчэў, ажно падскокваў, чорны як смоль Крот. — Я больш ніколі не буду шкодзіць ні ў агародах, ні на сенажацях...
— А ведаеш, Крот, мы прапануем табе пажыць сярод нас, сярод расліннасці ды прыгожых кветак пад лагодным сонейкам.
— Дзякуй, але я не магу застацца сярод вашай прыгажосці. Я ж — сляпы і, па-другое, рухацца магу толькі пад зямлёю. — Абяцаю: больш ніколі не давядзецца на мяне паляваць, бо не буду шкодзіць. Самым дарагім — сваімі лапамі клянуся!
І, ці паверыце? Калі восень надышла збіраць ураджай — ніводная градка, ніводная гародніна пашкоджана не была. Гаспадары, а таксама іх памочнікі былі задаволены вынікам.
Але... Але рыць зямлю ён не перастаў, калі толькі на няўдобіцах ды ў бязлюдных месцах.
Хаця іншым разам чуецца:
— Лаві Крата! Лаві Крата!
Таксама чытайце іншыя казкі аўтара:
Чароўныя словы (казка) + аўдыё
Казка пра бульбінку + аўдыё
Прароцтвы лянівай Зязюлі (казка) + аўдыё
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by