У прыгожым лесе на паўднёвым усходзе ад вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна, у яры Каханы роў, бруіць цудатворная крынічка. З ёй, Вялікай Свячой і святым абразом Пятра і Паўла звязаны ўнікальны старадаўні абрад Бразгун, жывы і па сёння. Гэты абрад не так даўно быў прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.
Як дабрацца? Крыніца знаходзіцца за 2 км на захад ад вёскі Анюціна, з’езд у лес насупраць павароту ў вёску. Рухацца па ўказальніках, бо лясная дарога мае мноства адгалінаванняў і скрыжаванняў. Маецца і другі пад’езд, які пачынаецца каля вёскі Наркі. Арыенцір на мясцовасці: 2 км на захад ад вёскі, 1 км на захад ад дарогі Наркі-Удога, 500 м на захад ад ракі Удога, у лесе.
Легенда распавядае, што калісьці ў аднаго магната была дачка-красуня, якая сустрэла хлопца-селяніна, і яны пакахаліся. Але бацька прымушаў дачку ісці замуж за багацея. Тады закаханыя вырашылі, што толькі смерць паяднае іх: падышлі да глыбокага яру і кінуліся ўніз. Пазней у тым месцы з-пад зямлі прабілася крыніца, здарылася гэта на другі дзень пасля свята Пятра і Паўла. З таго часу штогод у гэты дзень людзі сталі ўшаноўваць крыніцу, а ваду з яе лічыць лекавай.
Святая крыніца і камень-следавік на Камянеччыне
Яшчэ адно паданне кажа, што шмат стагоддзяў таму выдалася тут жахлівая сухмень. Тады мясцовыя жыхары сталі прасіць найвышэйшыя сілы пра выратаванне. Неўзабаве яны пачулі бразгаценне, пайшлі на гук і знайшлі ў лесе крыніцу, вада з якой біла моцным фантанам. З-за напору і гуку крыніцу назвалі Бразгуном. Усвядоміўшы, што цуд адбыўся ў дні памяці апосталаў Пятра і Паўла, людзі сабралі грошы, купілі абраз гэтых святых і сталі перадаваць яго з хаты ў хату. З таго часу сухмені, пажары, ураганы ды іншыя стыхійныя бедствы абміналі вёску Норкі.
У гады ганення на вернікаў ваяўнічыя атэісты шмат разоў спрабавалі знішчыць святую крыніцу: закапвалі яе бульдозерам, ламалі крыжы. Толькі вада прабівалася зноў. А жыхары Норак пра крыніцу дбалі ўсёй вёскай, дарэчы, вельмі вялікай, жартам звалі яе Кітай-горадам, бо народу жыло там чалавек 500. Захоўваць у сябе ў хаце цэлы год Пятра-Паўлаўскі абраз марыў кожны, але давяралі яго самым годным: працавітым, прыстойным, непітушчым. Што да абраза, ён цудам ацалеў у вёсцы Верамейкі ў бязбожныя часы ХХ стагоддзя. Колькі яму год, не скажуць нават старажылы.
Сёння ў вёсцы пастаянна жывуць 25 чалавек, але крыніца, як і сотні гадоў таму, дагледжаная. Перад спускам у яр, паблізу старога дуба, стаяць два крыжы. Да крынічкі зрабілі зручныя сходы, драўляны зруб замянілі бетоннымі кольцамі, побач абсталявалі купель. Каля самай крыніцы ўзвялі некалькі каплічак, паставілі столік, лаўкі. У навакольным лесе таксама пабудавалі альтанкі, столікі, лаўкі і нават арэлі для дзяцей. Дарэчы, яшчэ ў 2003 годзе крыніца Бразгун была аб’яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.
Абрад Бразгун складаецца з ушанавання абраза святых Пятра і Паўла, вялікай Свячы і крыніцы. Некаторыя сцвярджаюць, што традыцыі гэта — 300 гадоў. Для жыхароў вёскі Наркі гэтае свята мае вялікае культурнае і гістарычнае значэнне, яго адзначаюць нароўні з Вялікаднем. Напярэдадні дня Святых Пятра і Паўла вёска ажывае: сюды з’язджаюцца не толькі дзеці і ўнукі насельнікаў, але і паломнікі з Чэрыкаўскага, Чавускага, Слаўгарадскага, Клімавіцкага, Магілёўскага, Крычаўскага, Краснапольскага раёнаў і суседняй Гомельскай вобласці, едуць вернікі з суседніх краін.
Цячэ вада з-пад царквы. Крыніца «Лагойская» — гісторыя і сучаснасць
Абраз і Свячу жыхары вёскі Наркі спрадвеку па чарзе захоўваюць у сваіх хатах. Звычайна святыні знаходзяцца ў адной хаце на працягу ўсяго года — ад свята да свята, але бывала і па некалькі гадоў. Людзі верылі, што разам са святынямі ў дом, дзе яны захоўваюцца, пераходзіць і асаблівая божая ласка, што дом гэты абмінуць усялякія няшчасці і хваробы, а ягоныя жыхары будуць шчаслівыя ды заможныя.
Абрадавыя дзеянні праводзяцца 12 і 13 ліпеня — на свята Пятра і Паўла па праваслаўным календары — і на наступны дзень. У ім бяруць удзел усе жыхары вёскі. Мясцовыя жанчыны на працягу трох дзён здзяйсняюць пэўныя абрады, каб увесь наступны год няшчасці абміналі вёску і яе жыхароў.
Напярэдадні абраз і Свячу на дзень ці на некалькі дзён заносяць у чэрыкаўскі храм. Свячу нарошчваюць кавалачкамі царкоўнага воску і, як нявесту, апранаюць у новыя спаднічкі, а старое намоленае «адзенне» пакідаюць у царкве, дзе вернікі маюць магчымасць прыдбаць яго на шчасце. Таксама напярэдадні святкавання мужчыны з вёскі Наркі чысцяць крыніцу, абкошваюць паляну вакол яе і называюць гэтае дзеянне «аброк Наркоў».
Само святкаванне пачынаецца 12 ліпеня, у дзень святых Пятра і Паўла, са святочнага абеду, які ладзяць у той хаце, дзе з мінулага свята знаходзіліся святыні. На наступны дзень абраз упрыгожваюць каляровымі стужкамі і ручнікамі, ставяць абрадавыя свечы і спяваюць перад імі псалмы. Калі абраз выносяць з хаты, то па ганку і далей да брамы ўвесь шлях засцілаюць дыванкамі або ручнікамі ці сенам. Да крыніцы абраз нясуць, перадаючы яго з рук у рукі, часам людзей збіраецца так шмат, што не ўсім выпадае гонар патрымаць святыню ў руках.
Далей хрэсным ходам нясуць святыні на крыніцу, што ў трох кіламетрах ад вёскі. Там адбываецца асвячэнне вады і малебен. Пасля чаго паломнікі акунаюцца ў гаючую крыніцу і набіраюць ваду дадому. Таксама вернікі прыкладаюцца да іконы Пятра і Паўла, у якой просяць здароўя ці дапамогі ў бядзе: двое паломнікаў уздымаюць абраз над зямлёй, а астатнія праходзяць пад ім, тройчы жагнаючыся. Вераць, што гэта аберагае ад няшчасцяў.
Пасля ікону і свячу нясуць ў тую хату, дзе яны будуць захоўвацца да наступнага году. Там адбываецца святочнае частаванне ўдзельнікаў абраду. Так свята Бразгун яднае ўсіх вернікаў, якія збіраюцца ў гэтыя дні ў вёсцы Наркі, даруе ім здароўе, душэўны супакой і надзею на духоўнае і фізічнае ацаленне.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by